8 верасьня 2020-га на памежным пункце «Аляксандраўка» Марыя Калесьнікава разарвала беларускі пашпарт, калі сілавікі паспрабавалі прымусіць яе выехаць зь Беларусі. Разам зь ёю ў аўтамабілі знаходзіліся прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў. Тады яны дабраліся да Кіева, дзе далі прэс-канфэрэнцыю і расказалі пра тое, што зь імі адбылося.
Цяпер ужо з-за мяжы яны працягваюць працу ў штабе Віктара Бабарыкі і Каардынацыйнай радзе. Марыю Калесьнікаву ў адным працэсе зь юрыстам Максімам Знакам беларускі суд пакараў 11 гадамі турмы, абвінаваціўшы ў «змове з мэтай захопу ўлады; закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы; стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньні ім».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька Марыі Калесьнікавай: «Маша гучна сьмяялася, калі паглядзела выпуск па тэлевізіі пра іх суд»Іван Краўцоў называе прысуд «чаканым», у тым ліку для Марыі і Максіма.
«Прысуд проста прапарцыянальны ступені іх грамадзкай падтрымкі, — кажа Іван Краўцоў. — Гэта нічога ня зьменіць у працы апэрацыйнай каманды штабу. Для Машы і Максіма асабіста — гэта вялізная цана, якую яны плацяць за будучыню нашай краіны».
Іван кажа, што перажываў гэтую сытуацыю цяжка: «Як я магу зьмяніць гэта? Адказ на пытаньне — палітзьняволеныя мусяць выйсьці на свабоду, краіна мусіць стаць вольнай, трэба працаваць далей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака асудзілі на 11 і 10 гадоў калёніі адпаведна«Ад нас залежыць момант, калі нашыя паплечнікі выйдуць на волю»
Іван і Антон расказваюць, што за год іхнае жыцьцё істотна не зьмянілася.
«Працую ў штабе Віктара Бабарыкі, як і раней, без выходных, — кажа Антон Раднянкоў. — Зьмянілася толькі месцазнаходжаньне — з кастрычніка мінулага году я ў Варшаве. Калі я далучаўся да кампаніі, было разуменьне пэўнага дэдлайну — да 9 жніўня. Але цяпер ясна, што ніякага дэдлайну няма. Пакуль нашы паплечнікі за кратамі, трэба працягваць, бо ад таго, як мы працуем, залежыць момант, калі яны выйдуць на волю».
«Ёсьць няспынная плынь задач і праектаў, — гаворыць Іван Краўцоў. — Спэктар таго, што адбываецца, вельмі вялікі — ад абмеркаваньня інфармацыйнай працы і зумаў з партыйцамі да паездак і сустрэч з палітыкамі. Праца без выходных, плюс рэгулярны спорт, каб ня страціць форму. Усе задачы і праект цяпер зьвязаныя з дзейнасьцю дэмакратычных сіл, нічым больш не займаюся, як і большасьць маіх калег, якія прыйшлі ў штаб Віктара Бабарыкі яшчэ летам».
«З-за мяжы няпроста зразумець, што адбываецца ў Беларусі»
Іван кажа, што амаль усе, хто выехаў за мяжу, засталіся «у камандзе», якая, па яго словах «расьце». Сам ён на тэрыторыі ЭЗ адчувае сябе ў поўнай бясьпецы.
«Парадаксальна, але ў гэтым ёсьць пэўны мінус — даводзіцца ўвесь час карэктаваць свой погляд на падзеі, каб не адарвацца ад рэальнай сытуацыі сваволі, якая адбываецца ў нашай краіне. Дапамагае камунікацыя з валянтэрамі і актывістамі на месцах. Скажэньне ўспрыняцьця ў тых, хто не ў Беларусі, дакладна адбываецца, гэта відаць нават па ініцыятывах, якія часам не знаходзяць водгук. Але ў Беларусі цяпер немагчымая нейкая офлайн-актыўнасьць».
«Калі б я не зьехаў, мяне б арыштавалі, — кажа Антон. — Мне так і сказалі тады. Як паказвае досьвед літаральна апошніх месяцаў, з-за мяжы можна шмат чаго рабіць. З-за мяжы, вядома, няпроста зразумець, што адбываецца ў Беларусі. У нас увесь час ёсьць камунікацыя зь людзьмі там, ня толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах. Мы гэтую сувязь спрабуем не губляць».
Па словах Івана і Антона, іхныя блізкія, якія застаюцца ў Беларусі, не заўважаюць да сябе надзвычайнай цікавасьці з боку праваахоўных органаў. У крымінальнай справе Івана Краўцова працягваецца расьсьледаваньне. «Пэрыядычна выклікаюць на допыт людзей, якія са мной працавалі», — кажа ён.
«Усе зацікаўленыя, каб рэпрэсіі спыніліся»
Па словах Івана Краўцова, рэальны палітычны крызіс адбываўся ў Беларусі ў траўні-кастрычніку 2020 году.
«Пасьля гэтага мы ўвайшлі ў этап надзвычайнага становішча, калі ўлады пераўсталёўваюць кантроль над рознымі сфэрамі грамадзкага і палітычнага жыцьця. Цяпер яны вычышчаюць усё, што на іх думку, нясе для іх пагрозу», — кажа ён. Краўцоў мяркуе, што этап «надзвычайнасьці» і рэпрэсій урэшце стане нявыгадны, бо эканамічныя і адміністрацыйныя праблемы «пачнуць назапашвацца лявінай».
«Як ні парадаксальна, усе мусяць быць зацікаўленыя ў тым, каб рэпрэсіі як мага хутчэй спыніліся, — сьцьвярджае Краўцоў. — Без транзыту і адаптацыі не абысьціся, таму ўрэшце нас чакае зьмена ўлады такім ці іншым чынам. Важна, каб гэтая трансфармацыя сыстэмы суправаджалася яе дэмакратызацыяй і захаваньнем сувэрэнітэту. Адсюль вынікаюць асабістая і камандная задачы — быць максымальна зьяднанымі і ня страчваць форму».
«Мяне трымае ў пазытыве тое, як я ўяўляю, колькі людзей зранку прачынаюцца і пачынаюць удзельнічаць у розных ініцыятывах — грамадзкіх, палітычных, культурных, — гаворыць Антон Раднянкоў. — Такога ў гісторыі не было ніколі, каб сотні тысяч чалавек гэтым займаліся штодня. Другі момант — я ўяўляю тую колькасьць людзей, якія сапраўды хочуць перамен. Ніколі такога не было, каб мільёны беларусаў гэтага хацелі. Гэта вялізнае запатрабаваньне, і рэжым Лукашэнкі нічога з гэтым зрабіць ня можа».
Раднянкоў настойвае, што цяперашняе беларускае кіраўніцтва ня здольнае забясьпечыць чаканыя грамадзтвам перамены.
«Перамога будзе, бо ёсьць фундамэнтальныя рэчы, якія можна вырашыць толькі праз дэмакратызацыю краіны. Яна непазьбежная», — кажа Антон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год зь першай прэс-канфэрэнцыі Каардынацыйнай рады. Што зь ёй адбылося за гэты час ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала з удзельнікамі апошняй выбарчай нарады каманды Ціханоўскай. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуд Калесьнікавай і Знаку — кампэнсацыя за траўмы Лукашэнкі