Па даручэньні старшыні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча пазыцыю Беларускага каталіцкага эпіскапату выказаў старшыня Камісіі ў справах каталіцкай адукацыі і катэхезы біскуп Аляксандар Яшэўскі. Адказ тычыцца публікацыі ў дзяржаўнай газэце «Мінская праўда» № 68 ад 7 верасьня 2021 году карыкатуры на каталіцкіх сьвятароў з ужываньнем свастыкі.
«Рыма-Каталіцкі Касьцёл у Беларусі адназначна асуджае згаданую публікацыю і расцэньвае яе як распальваньне варожасьці ў беларускім грамадзтве да Рыма-Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі, асабліва да яго герархаў і прэзьбітэраў. Дадзеная публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуцьцям вернікаў Каталіцкага Касьцёлу.
Публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысьціянам розных канфэсій, таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасьці да фашызму і нацызму, што зьяўляецца сьвядомым і зламысным скажэньнем праўды, паклёпам і абразай».
Касьцёл спадзяецца на належную прававую ацэнку карыкатуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Беларускага касьцёла пра публікацыю ў дзяржаўнай газэце: «Плюнулі ў твар мільёнам католікаў»На першай старонцы сьвежага нумару «Мінская праўда» апублікавала карыкатуру Антона Астроўскага, на якой выява каталіцкіх сьвятароў у характэрным адзеньні, свастыка, бел-чырвона-белы сьцяг і словы беларускага хрысьціянскага гімну «Магутны Божа» на фоне скажонай рэплікі абраза Росіцкіх пакутнікаў — сьвятароў, якія падчас ІІ сусьветнай вайны разам са сваімі вернікамі мужна прынялі сьмерць ад рук нацысцкіх карнікаў. Малюнак падпісаны на расейскай мове: «Мутация веры. Кресты бывают разные...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перамогай у вайне карыстаюцца, каб караць беларусаў». Што зрабіў нямецкі гісторык на знак пратэстуРаней шэраг каталіцкіх сьвятароў, у тым ліку былы кіраўнік Касьцёлу ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ксёндз Вячаслаў Барок і шэраг іншых сьвятароў асудзілі гвалт дзяржавы з грамадзян і заклікалі спыніць рэпрэсіі. Кандрусевіча пэўны час не пускалі назад у Беларусь, а Барок змушана пакінуў краіну.
Улады перасьледвалі асобных праваслаўных сьвятароў, якія выказаліся супраць гвалту. А пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» выгналі з будынку, які яна займала і пачалі пагражаць крымінальнымі справамі вернікам, якія прыходзілі маліцца да забранага ўладамі будынку.
У сваіх прамовах Лукашэнка сумняваўся, што вернікам удасца сабраць грошы на аднаўленьне касьцёлу ў Будславе пасьля пажару, хваліў за ляяльнасьць кіраўніцтва праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, а сілавікі прыходзілі ў менскую архікатэдру пасьля выкананьня гімну «Магутны Божа», невядомыя асобы рабілі акты вандалізму каля касьцёлу, ніхто ня быў пакараны. У Магілёве адмянілі правядзеньне традыцыйнага фэстывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа», які нязьменна праводзіўся з 1993 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд Папы Рымскага пералічыў факты ўціску вернікаў розных канфэсій у Беларусі за апошнія гады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з Лукашэнкам пасьля накладзенай на яго анатэмы