Мігранцкі крызіс на польска-беларускай мяжы ўжо другі тыдзень зьяўляецца адной з галоўных тэмаў спрэчак паміж палітыкамі ў Польшчы. Кансэрватыўны ўрад робіць усё магчымае, каб не дазволіць уцекачам трапіць зь Беларусі ў Польшчу, называючы крызіс правакацыяй Лукашэнкі. Левыя і лібэральныя сілы апазыцыі крытыкуюць урад за адсутнасьць гуманізму адносна ўцекачоў. Найбольш радыкальныя апанэнты ўлады патрабуюць упускаць у краіну мігрантаў, якія пераходзяць беларуска-польскую мяжу.
Скасаваць надзвычайнае становішча ў больш як 150 мясцовасьцях каля мяжы зь Беларусьсю апазыцыі не ўдалося. У кіроўнай кааліцыі большасьць мандатаў у Сэйме. Аднак дэбаты перад галасаваньнем былі вельмі эмацыйнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусь за апошнія тыдні прыляцела каля 10 тысяч іракцаў». Польскі ўрад прадставіў дэталі сытуацыі на мяжыАргумэнты прэзыдэнта Дуды прадстаўляў кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Павал Солях. Сярод небясьпечных фактараў ён назваў ня толькі мігранцкі крызіс, але і вучэньні «Захад-2021» на тэрыторыі Беларусі. У іх мае прыняць удзел больш за 200 тысяч салдат. На яго думку, існуе карэляцыя паміж вучэньнямі каля мяжы і мігранцкім крызісам.
— Я рызыкну сказаць, што ўзровень пагрозы на мяжы — найбольшы ад распаду СССР, — сказаў Солях.
Раней пра тое, што сытуацыя на мяжы зьяўляецца часткай «гібрыднай вайны» заявілі ў супольнай заяве прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Пазьней у Сэйме выступіў польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі.
— У Менску напісаны сцэнар, які пагражае нашай бясьпецы. Гэта палітычная правакацыя, спроба перакінуць праз нашу мяжу тысячы нелегальных мігрантаў. Калі яны хочуць атрымаць статус уцекача, то павінны гэта зрабіць у Беларусі.
Ён абвінаваціў апазыцыю, што тая гуляе ў гульню Менску і Масквы. Гэтую думку працягнуў у сваім выступе і міністар унутраных справах Марыюш Каміньскі.
— Тое, чаго мы ад вас чакаем, каб вы не перашкаджалі нам, мы самі справімся з Лукашэнкам.
Ён дадаў, што ў Беларусі цяпер знаходзіцца 10 тысяч іракцаў, а ўлады Беларусі вядуць перамовы наконт новых рэйсаў у Менск зь Лібанам, Марока і Пакістанам.
Што кажа апазыцыя
Ня ўся апазыцыя ў Польшчы крытыкуе ўрад у пытаньні ўцекачоў. Праварадыкальныя сілы падтрымліваюць дзеяньні ўладаў. Супраць выступаюць лібэралы і левыя.
Былы міністар абароны Польшчы, палітыкі апазыцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі», Томаш Сямоняк заявіў, што няма ніякай неабходнасьці ў надзвычайным становішчы. На яго думку, сытуацыю на мяжы можна кантраляваць і безь яго, а ўвёўшы надзвычайнае становішча, урад хоча пазбавіцца ад журналістаў на мяжы. Ён таксама раскрытыкаваў урад, што ён не зьвярнуўся па дапамогу да эўрапейскага памежнага агенцтва Frontex.
Дэпутат «Левых» Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў, што калі спатрэбілася супраць 32 уцекачоў уводзіць упершыню за 40 гадоў надзвычайнае становішча, то польскую дзяржаву перамагла невялікая група мігрантаў. На яго думку, улада спрабуе сытуацыяй на мяжы прыхаваць грамадзкія праблемы ў краіне: пратэсты супрацоўнікаў службы аховы здароўя.
Дэпутатка Ганна Гіль-Пёнтэк (Польшча 2050) характарызавала цяперашнюю сытуацыю як «аддзяленьне калючым дротам ад правоў чалавека». Паводле яе, сытуацыя, калі ўцекачы з Афганістану вымушаныя галадаць на мяжы, абуральная.
Галадоўка каля Сэйму
Ужо другі тыдзень каля Сэйму адбываецца галадаваньне ў знак салідарнасьці з уцекачамі з Афганістану, затрыманымі на польска-беларускай мяжы ў Горным Ўснары.
Галадаваньне ініцыявалі ў аўторак, 31 жніўня, дзевяць чалавек з Польшчы і з-за мяжы. Сярод іх мастакі і актывісты экалягічных рухаў. Удзельнікі галадоўкі начуюць у намётах перад сядзібай Сэйму. На выходных дзьве асобы згарнулі акцыю — адна зь іх страціла прытомнасьць, другая была вымушаная гэта зрабіць з прычыны праблемаў са здароўем.
Пратэстоўцы патрабуюць: «неадкладнай гуманітарнай дапамогі затрыманым», «каб памежнікі спынілі парушэньне правоў чалавека па ўказаньні польскага ўрада», «даць прытулак людзям, якія ратуюцца ад перасьледу „Талібану“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднаго мігранта высылаюць зь Літвы, бо западозрылі ў сувязях з тэрарыстамі