Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«У Беларусь за апошнія тыдні прыляцела каля 10 тысяч іракцаў». Польскі ўрад прадставіў дэталі сытуацыі на мяжы

«У Беларусь за апошнія тыдні прыляцела каля 10 тысяч іракцаў». Польскі ўрад прадставіў дэталі сытуацыі на мяжы


На беларуска-польскай мяжы. Здымак польскай Памежнай службы
На беларуска-польскай мяжы. Здымак польскай Памежнай службы

Польскі прэм’ер-міністар, міністар унутраных справах і кіраўнік Памежнай службы прадставілі на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве некаторыя дэталі надзвычайнага становішча на польска-беларускай мяжы, якую ў жніўні спрабавалі нелегальна перайсьці 3,5 тысячы разоў.

Дэталі агучыў міністар унутраных справаў Марыюш Каміньскі. Паводле яго, за ўчорашні дзень у Польшчу нелегальна спрабавалі трапіць 152 асобы. Ад чацьвярга, калі было ўведзена надзвычайнае становішча, адбылося 457 такіх спробаў.

Ужо некалькі тыдняў на польска-беларускай мяжы заблякаваныя ўцекачы з Блізкага Ўсходу. Некалькі дзясяткаў чалавек ня могуць трапіць у Польшчу, бо палякі іх ня ўпускаюць. Вярнуцца ў Беларусь ім не дазваляюць беларускія сілавікі.

Гэтае здарэньне стала адной з галоўных навінаў у Польшчы. На мяжу каля мясцовасьці Горны Ўснар прыяжджалі апазыцыйныя палітыкі і праваабаронцы, якія спрабавалі дапамагчы ўцекачам. Паводле прэм’ера Матэвуша Маравецкага, прадстаўнікі апазыцыі сталі акторамі сцэнару, які быў напісаны ў Менску і Маскве.

«Такой напружанай сытуацыі на мяжы ў нас не было 30 гадоў. Ад самага пачатку гэты крызіс зьяўляецца правакацыяй Лукашэнкі і спробай выклікаць хаос», – сказаў Маравецкі.

Аднак, як заявіў міністар унутраных справаў, уцекачы каля Горнага Ўснара знаходзяцца пад кантролем беларускіх сілавікоў. Ад іх яны атрымліваюць ежу, вопратку і спальныя мяшкі. У гэты намётавы лягер, паводле Каміньскага, прыбываюць новыя людзі. Польскія памежнікі ўжо зафіксавалі новыя твары.

«Большасьць людзей, якія пераступілі нашу мяжу, гэта грамадзяне Іраку, якія самалётамі даляцелі ў Менск. Пэўная група паходзіць з Афганістану. Але не зьвязвайце гэта з апошнімі падзеямі ў гэтай краіне. Гэта асобы, якія ўжо шмат гадоў жылі ў Расеі. Яны знаходзіліся там легальна, працавалі, але потым ім прапанавалі трапіць у Эўразьвяз. У сярэднім яны плоцяць 5,5 тысячы даляраў за чалавека. Большасьць зь іх зьдзіўленая, што яны ў Польшчы, а не Нямеччыне» , – сказаў міністар.

Паводле польскай Памежнай службы, у Беларусі цяпер знаходзіцца 10 тысяч мігрантаў, якіх запрасіў рэжым Лукашэнкі.

«Мігрантаў забіраюць зь Менску, прыяжджаюць аўтобусы, якія едуць на мяжу. Там іх сустракаюць людзі ў масках, у форме і са зброяй, якія вязуць іх на мяжу і паказваюць пераходы. Часам яны ставяць драбіны, пні дрэваў, каб мігранты маглі прайсьці цераз плот, але мы затрымліваем іх са 100% эфэктыўнасьці», – дадаў Каміньскі.

Паводле польскага ўраду, польскія службы выявілі за апошнія тыдні каля 40 рэйсаў з Багдаду ў Менск. Палякі падлічылі, у Менск за гэты час прыбыло каля 10 тысяч іракцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG