Ці мае рацыю Зянон Пазьняк зь яго прапановай прыпыніць эканамічныя санкцыі і пачаць дыялёг з рэжымам Лукашэнкі аб спыненьні рэпрэсіяў? Ці гатовыя рэжым і Захад да такога дыялёгу? Ці кідаюць санкцыі Лукашэнку ў абдымкі Пуціна? Якія шанцы на новы грамадзкі пад’ём у выніку санкцыяў?
Па гэтых пытаньнях Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium спрачаюцца палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч і палітычны аналітык Зьміцер Панкавец.
Панкавец
- Такая гучная рэакцыя ў сацыяльных сетках на артыкул Пазьняка адбылася дзякуючы асобе.
- Калі б гэта сказаў нехта іншы, можа і не зьвярнулі б увагі.
- Тое, што кажа Пазьняк, па-ранейшаму абмяркоўваецца.
- Мне зразумелая лёгіка Пазьняка.
- Ён бачыць пагрозу для беларускай дзяржаўнасьці.
- Адзіны бэнэфіцыяр ад існаваньня санкцыяў — Расея.
- Я ня веру, што гэтым здольныя скарыстацца Ціханоўская ці Латушка.
- Нават калі рэжым аслабне, я ня бачу, хто гэтым зможа скарыстацца, акрамя Расеі.
Карбалевіч
- Пазьняк жыве ў нейкім сваім сьвеце, у сваёй рэальнасьці, якая не заўсёды супадае з той рэальнасьцю, у якой жыве Беларусь.
- 26 гадоў кіраваньня Лукашэнкі Пазьняк і яго партыя КХП-БНФ казалі, што Лукашэнка — гэта расейская марыянэтка, і барацьба супраць яго — гэта нацыянальна-вызвольны рух супраць расейскага імпэрыялізму.
- А цяпер высьвятляецца, што Лукашэнка — абаронца беларускай незалежнасьці.
- Год таму Пазьняк казаў, што лепш Лукашэнка, чым Бабарыка.
- Пазьняк кажа, што чым больш на Лукашэнку ціснуць, у тым большую залежнасьць ад Расеі трапляе Беларусь.
- Калі ўводзяцца санкцыі, ніхто загадзя ня ведае, якім будзе вынік.
- Міжнародны досьвед эфэкту санкцыяў розны, адносна адных краінаў яны далі эфэкт, адносна іншых — не.
- Адносна Беларусі эканамічныя санкцыі яшчэ фактычна не пачалі працаваць.
- Галоўны чыньнік, які выклікае санкцыі і які цягне Беларусь у залежнасьць ад Расеі, — гэта Лукашэнка.
- Пакуль ёсьць Лукашэнка, залежнасьць Беларусі ад Расеі будзе павялічвацца.
Панкавец
- Пазьняк заклікаў пачаць дыялёг пра вызваленьне палітвязьняў. Гэта цяпер галоўнае, і гэта тое, пра што Эўропа можа размаўляць з Лукашэнкам.
- На мой погляд, частка апазыцыі жыве ў прыдуманым сьвеце, калі сёньня разважае пра тое, каб зрынуць рэжым у найбліжэйшы час.
- Трэба быць рэалістамі і вырашаць задачы, якія зараз выканальныя.
- Санкцыі як інструмэнт вызваленьня палітвязьняў — гэта магчыма і эфэктыўна.
- Санкцыі як інструмэнт зрынаньня рэжыму — гэта неэфэктыўна.
- Формулу Валера можна перафразаваць: пакуль у Расеі будзе існаваць той рэжым, які там існуе, будзе падтрымка Лукашэнкі зь яго боку і будзе існаваць Лукашэнка.
- Уявіце, што ў выніку санкцыяў Беларусь выкідаюць з усіх міжнародных пагадненьняў, а рэжым не абрынаецца, трывае.
- І колькі часу Беларусь будзе існаваць у такім становішчы ДНР?
- Без 5 гадоў «мядовага месяца» нармалізацыі адносінаў з Захадам (2015–2020) не было б паўстаньня 2020 году.
- Чым больш будзе Эўропы ў Беларусі, чым больш будзе эўрапейскай прысутнасьці, тым менш будзе заставацца рэжыму Лукашэнкі.
Карбалевіч
- Я ня думаю, што сёньня ёсьць варыянт вяртаньня ў 2013 год — у новы працэс нармалізацыі адносінаў рэжыму і Захаду.
- Ужо іншае грамадзтва і іншы палітычны рэжым.
- Грамадзтва ўзрушанае падзеямі 2020 году, рэжым стаў больш жорсткім.
- Я нязгодны з думкай, што перанакіраваньне патоку беларускага экспарту з партоў краінаў Балтыі на расейскія парты — гэта вынік санкцыяў.
- Гэтае перанакіраваньне пачалося да ўвядзеньня сурʼёзных заходніх санкцыяў.
- Гэта ж тычыцца і паглыбленьня супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры.
- І адно, і другое — гэта плата Лукашэнкі Расеі за падтрымку, аказаную ўлетку і ўвосень 2020 году, а ня вынік санкцыяў.
- Цяперашнія санкцыі ўводзяцца ў момант палітычнага крызісу, які ў Беларусі не пераадолены.
Панкавец
- Падчас «вялікай размовы» Лукашэнкі 9 жніўня 2021 году галоўнай тэмай была якраз магчымасьць дыялёгу.
- Зразумела, не зь Ціханоўскай ці Латушкам — з гэтымі людзьмі Лукашэнка весьці дыялёг ніколі ня будзе.
- Нават мігранцкі крызіс, які ён справакаваў, — гэта ж відавочна запрашэньне Захаду да дыялёгу.
- Яно правалілася, але я ня думаю, што спробы выйсьці на эўрапейскіх палітыкаў спыняцца.
- Ад крызісу стамляюцца ўсе, і ня толькі ў Беларусі — у Эўропе таксама.
Карбалевіч
- Я мяркую, што пэўныя кантакты з Захадам у рэжыму ёсьць.
- Але праблема ў тым, што няма парадку дня перамоваў, няма пра што размаўляць, калі беларускія ўлады ня хочуць ісьці ні на якія саступкі.
- Для ўладаў працяг рэпрэсіяў — гэта спосаб утрыманьня ўлады, гэта прымусовая легітымізацыя.
Панкавец
- Капітуляваць перад Лукашэнкам Эўропа не зьбіраецца. Як і ён сам не зьбіраецца капітуляваць.
- Але гэта не азначае, што няма пра што размаўляць.
- Многія чакаюць, што першая партыя палітвязьняў выйдзе на волю 17 верасьня.
- Калі гэта адбудзецца, добрым жэстам з боку Эўропы было б прыпыненьне прыняцьця пятага пакету санкцыяў.
Карбалевіч
- Брутальныя дзеяньні беларускіх уладаў — гэта адзін з матываў увядзеньня санкцыяў.
- Другі чыньнік — гэта агрэсіўная зьнешняя палітыка афіцыйнага Менску пасьля 9 жніўня 2020 году.
- Тады Лукашэнка абвінаваціў Захад ня толькі ў арганізацыі «каляровай рэвалюцыі», але і ў тым, што Польшча і Літва хочуць пачаць вайну.
- Пяты пакет санкцыяў — гэта адказ на міграцыйны крызіс.
Панкавец
- Мы маем вельмі палітызаваную публіку ў Фэйсбуку і ў іншых сацсетках.
- Але зайдзіце ў Інстаграм хаця б, і вы ўбачыце, што Менск працягвае жыць сваім жыцьцём.
- Для вялікай колькасьці людзей мала што зьмянілася, нават для некаторых з тых, хто выходзіў на пратэсты ў жніўні летась.
- Некаторыя ІТ-кампаніі зьехалі з краіны, але большасьць засталася.
- Зыбіцкая, як і раней, поўная людзей.
- Таму складана сказаць, што грамадзтва ня прыме прапановы Пазьняка.
- Зразумела, застануцца радыкалы, але іх няшмат.
Карбалевіч
- Нявырашанасьць беларускага ўнутрыпалітычнага крызісу пачынае ўплываць на рэгіянальную бясьпеку.
- І пакуль ня будзе вырашаная ўнутрыбеларуская праблема, сытуацыя ня вернецца ў 2019 год.
Што было раней
- Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк апублікаваў артыкул «Развагі ў пачатку гібрыднай вайны».
- «Падзеі выглядаюць так, што ў інтарэсах беларускага народу трэба адмяніць авія-пасажырскую і наземна-транспартную блякаду Беларусі. Трэба аднавіць міжлюдзкія сувязі і кантакты паміж народамі, камунікацыі з грамадзтвам».
- «Другое — прыпыніць эканамічныя санкцыі, замарозіць іх (бо санкцыі ўладу дыктатара ня зваляць) і ўступіць у перамовы з процілеглым бокам аб спыненьні рэпрэсіяў, катаваньняў людзей, аб спыненьні перасьледу грамадзянскай супольнасьці. Яшчэ ёсьць час».
- «У самым пачатку гібрыднай вайны, каб спыніць эскаляцыю, трэба патушыць вогнішчы з абодвух бакоў, гэта значыць пачаць размаўляць. Палітыка загнаць узурпатара ў пастку (у Расею) коштам жыцьця беларускага народа — гэта ёсьць эгаістычная палітыка барбарства».