Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Масквы Лукашэнка зьяўляецца галоўным бар’ерам на шляху прасоўваньня расейскіх стратэгічных інтарэсаў, — Сівіцкі


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі заяўляе, што Масква гатовая спрыяць зьмене рэжыму ў Менску за гарантыі захаваньня Беларусі ў расейскай сфэры ўплыву, лічыць, што Лукашэнка зноў можа пачаць гуляць у шматвэктарную палітыку, і не зьбіраецца прымаць тыя сцэнары, якія навязвае яму Расея.

Сьцісла

  • Масква ня хоча і не гатовая ўтрымліваць Аляксандра Лукашэнку любой цаной.
  • Захаваньне Лукашэнкі ва ўладзе не зьяўляецца гарантыяй датрыманьня расейскіх стратэгічных інтарэсаў у Беларусі.
  • Сёньняшні крызіс зусім не гарантуе, што Лукашэнка зноў не пачне гуляць у шматвэктарную палітыку.
  • «Армянская мадэль» была прапанавана былым міністрам замежных справаў Швэцыі Карлам Більтам.

— Нядаўна вы зрабілі заявы, якая атрымалі даволі шырокі розгалас у экспэртнай супольнасьці. Вы напісалі, што «Крэмль зрабіў стаўку на армянскую мадэль вырашэньня беларускага крызісу». Сутнасьць гэтай мадэлі палягае ў гатоўнасьці Масквы спрыяць зьмене рэжыму ў Менску за гарантыі захаваньня Беларусі ў расейскай сфэры ўплыву. Зыходзячы зь якіх дадзеных ці фактаў вы зрабілі такую выснову? Няўжо толькі з апублікаванага артыкулу ўплывовага расейскага палітоляга Фёдара Лукя’нава?

Арсень Сівіцкі, архіўнае фота
Арсень Сівіцкі, архіўнае фота

— Натуральна, каб рабіць такія высновы, было б мала абапірацца толькі на адзін артыкул. Але гэты тэкст Лук’янава зьяўляецца адлюстраваньнем пэўнай атмасфэры, якая сёньня кіруе крамлёўскімі стратэгамі.

«Армянская мадэль» была вызначана яшчэ ў 2018 годзе падчас рэвалюцыйных падзеяў у Армэніі, калі Масква даволі спакойна адрэагавала на зьмену рэжыму і не падтрымала дзейнага тады кіраўніка Армэніі Сэржа Саргсьяна. І далей, падчас нядаўніх парлямэнцкіх выбараў, Крэмль па сутнасьці дыстанцыянаваўся ад сваіх традыцыйных кліентаў, найперш былога прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качар’яна.

Потым такую ж саму рэакцыю мы маглі назіраць падчас датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у Малдове, на якіх перамагла праэўрапейская Мая Санду. Масква спакойна адрэагавала на яе перамогу, разумеючы, што існуе сыстэма палітычных, эканамічных і вайсковых чыньнікаў, якія ўтрымліваюць і Малдову, і Армэнію ў сфэры Расеі. Найперш тут варта казаць пра вайсковую прысутнасьць Расеі ў Армэніі і ў Прыднястроўі. Менавіта гэтая вайсковая прысутнасьць выступае пэўнай гарантыяй, што гэтыя краіны ня здолеюць вельмі хутка і проста пераарыентавацца на ўступленьне ў NATO і Эўразьвяз.

Расея зараз пераглядае свае геапалітычныя прыярытэты на постсавецкай прасторы і будзе імкнуцца стварыць нейкі пазытыўны парадак дня ў дачыненьнях з гэтымі краінамі. Можна прыгадаць візыт намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Козака, які ў Адміністрацыі зьяўляецца куратарам постсавецкай прасторы. Козак сустрэўся з Маяй Санду і пацьвердзіў, што Расея і Малдова павінны сябраваць і што Масква не зьбіраецца ўмешвацца ва ўнутрыпалітычныя працэсы Малдовы.

Пераасэнсаваньне ролі Масквы на постсавецкай прасторы пачалося недзе ў 2018 годзе і было зьвязанае ў тым ліку з прыходам на пасады ў Крамлі тэхнакратаў, якія пачалі пераацэньваць замежнапалітычныя прыярытэты Расеі на постсавецкай прасторы.

— Вы апісваеце тыя зьмены, якія, на вашу думку, адбываліся ў стаўленьні Крамля да некаторых постсавецкіх краінаў. Але кожная краіна — гэта свая ўнікальная гісторыя. Хіба ёсьць хаця б нейкая рэальныя і практычныя сьведчаньні таго, што Масква можа зьмяніць сваё стратэгічнае стаўленьне да Беларусі? Пакуль Крэмль актыўна падтрымлівае Лукашэнку, не ўспрымае ніякіх ягоных палітычных альтэрнатыў. Ці ёсьць нейкія рэальныя справы ці хаця б заявы Крамля, якія могуць пацьвердзіць вэрсію пра пераход да той самай «армянскай мадэлі»?

— Ад пачатку беларускага крызісу Масква разглядала яго як магчымасьць для пашырэньня свайго ўплыву. Расея спрабуе навязаць свой парамэтар палітычных трансфармацыяў, якія ў будучыні мусяць спрыяць больш эфэктыўнаму прасоўваньню расейскіх інтарэсаў.

За гэты кірунак адказвае ўпраўленьне міжрэгіянальных і культурных сувязяў з замежнымі краінамі Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, якое падрыхтавала пэўную канцэпцыю, паводле якой Масква мусіць дамагацца зьмены палітычнага ладу Беларусі, трансфармацыі яго ў парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку.

Калі прааналізаваць апошнія заявы расейскіх чыноўнікаў, у тым ліку міністра замежных справаў Лаўрова, то можна пабачыць, што Расея не здымае з парадку дня пытаньне шырокага дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй у Беларусі, вызваленьня палітвязьняў, сярод якіх хапае расейскіх грамадзян (паводле расейскага МЗС, гэта каля 800 чалавек). І па-трэцяе, гэта канстытуцыйная рэформа.

Гэта сьведчыць, што Расея гэты парадак дня не адмяняе. І тая стрыманая падтрымка, калі казаць пра фінансава-эканамічны бок, сьведчыць, што Масква ня хоча і не гатовая ўтрымліваць Аляксандра Лукашэнку любой цаной. Да таго ж узмацняецца прэсінг на Менск з боку Захаду, які прывядзе да таго, што Беларусь вельмі хутка, ужо з наступнага году, апынецца ў сытуацыі вонкавай блякады. Бо сэктаральныя санкцыі будуць экстэрытарыяльныя, а гэта значыць, што ў зону рызыкі трапляюць і расейскія кампаніі, галоўныя партнэры асноўных сфэраў беларускай эканомікі. І гэтыя працэсы, відавочна, ужо пачаліся, калі мець на ўвазе праблемы з пастаўкай расейскай нафты на беларускае прадпрыемства «Нафтан».

— Пры ўсіх сваіх капрызах Лукашэнка забясьпечвае стратэгічныя і геапалітычныя інтарэсы Расеі на тэрыторыі Беларусі. Дзе гарантыя, што новае кіраўніцтва Беларусі (якое ва ўмовах дэмакратыі будзе мяняцца) будзе настолькі ж прарасейскім і не разьвернецца на Захад, вобразна кажучы? Арменія ня можа «разьвярнуцца на Захад», бо ня можа геапалітычна выжыць без Расеі, а Беларусь можа «разьвярнуцца на Захад». Менавіта таму Масква і падтрымлівала ўвесь час Лукашэнку, ці ня так?

— Праблема ў тым, што захаваньне Лукашэнкі ва ўладзе не зьяўляецца гарантыяй павагі расейскіх стратэгічных інтарэсаў у Беларусі. Лукашэнка цягам сваго кіраваньня неаднаразова даказваў гэта на практыцы. Напрыклад, Расея дамагалася прыватызаваць пэўныя аб’екты беларускай прамысловасьці, але Лукашэнка ад гэтага адмовіўся. У свой час Беларусь вельмі неахвотна далучылася да інтэграцыйнага праекту Крамля — Эўразійскага эканамічнага саюзу. У 2015 годзе Беларусь адмовілася ад разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі расейскай вайсковай базы. У 2019 годзе Лукашэнка адхіліў інтэграцыйны ўльтыматум Крамля.

З гэтага пункту гледжаньня Лукашэнка зьяўляецца галоўным бар’ерам на шляху прасоўваньня расейскіх стратэгічных інтарэсаў. У якасьці вырашэньня гэтай праблемы Расея бачыць такую лібэралізацыю беларускай палітычнай сыстэмы, якая зробіць яе больш спрыяльнай для расейскага ўплыву. Калі Крэмль будзе мець розныя варыянты, зь якімі палітычнымі сіламі працаваць, а не сутыкацца з адным аўтарытарным лідэрам, ад волі якога залежыць вырашэньне ўсіх пытаньняў.

Сёньняшні крызіс зусім не гарантуе, што Лукашэнка зноў не пачне гуляць у шматвэктарную палітыку, як гэта бывала ўжо некалькі разоў. Таму для таго, каб падтрымліваць сацыяльна-эканамічную сытацыю ў Беларусі, трэба 7–10 мільярдаў даляраў штогод. Такія грошы Расея не гатовая траціць на падтрымку сваіх саюзьнікаў.

— Нават калі дапусьціць, што Крэмль сапраўды робіць стаўку на «армянскую мадэль», пытаньне стаіць у тым, ці можа Расея рэальна нешта зрабіць. Лукашэнка апошнія тыдні робіць выказваньні ў тым духу, што існая Канстытуцыя і так добрая і навошта нешта мяняць. Ці ёсьць у Расеі магчымасьць рэальна ўплываць на беларускі рэжым?

— Я пра гэта і кажу. Нягледзячы на тыя драматычныя ўмовы, у якіх апынуўся Лукашэнка, ён захоўвае стратэгічную аўтаномію ў адносінах з Масквой і не зьбіраецца прымаць тыя сцэнары, якія навязвае Расея. Крэмль зразумеў, што палітыка-дыпляматычнымі спосабамі немагчыма прымусіць Лукашэнку прыняць той парадак дня, які быў сфармуляваны яшчэ падчас першай сочынскай сустрэчы ў верасьні 2020 году.

Таму Крэмль мяняе падыход. Армянская мадэль акурат заснаваная ня толькі на тым, што Крэмль будзе працаваць з новай уладай. Але і на тым, што Расея пэўным чынам сынхранізуе вонкавы ціск на Беларусь, каб прымусіць менскі рэжым пайсьці на пэўныя саступкі. Як гэта было падчас армянска-азэрбайджанскага канфлікту восеньню 2020 году, калі Расея проста адмовілася даць ваенную дапамогу свайму хаўрусніку Армэніі. Больш за тое, Крэмль пайшоў на ўгоду з Азэрбайджанам і Турэччынай і такім чынам прымусіў свайго хаўрусьніка Армэнію, пайсьці на саступкі.

Калі казаць пра артыкул Фёдара Лук’янава, то гэта па сутнасьці пэўны адказ у тым ліку на заявы Сьвятланы Ціханоўскай, якая падкрэсьлівае, што беларуская рэвалюцыю — гэта не пра геапалітыку. Трэба адзначыць, што армянская мадэль была прапанавана былым міністрам замежных справаў Швэцыі Карлам Більтам, які напісаў артыкул «Армянская мадэль для Беларусі». Зь ягонага гледзішча, гэта самы лепшы варыянт, які б дазволіў і вырашаць беларускі палітычны крызіс, і знайсьці такое выйсьце, якое не прывяло б да ўкраінскага сцэнару.

— Ці няма адчуваньня, што ва ўсіх гэтых геапалітыных схемах не зусім улічваецца думка ўласна беларускага народу? Як беларускае грамадзтва можа паставіцца да прапановы разьмясьціць расейскія вайсковыя базы ў Беларусі?

— Калі разглядаць прапанову Лук’янава пра разьмяшчэньне вайсковай базы ў Беларусі, то гэта толькі адна з опцыяў. Паводле маіх зьвестак, у Крамлі разглядаюць некалькі сцэнароў, якія прадугледжваюць вельмі розныя варыянты. Важна падкрэсьліць, што ў Крамлі ідзе дыскусія, накіраваная на тое, каб знайсьці выйсьце з той патавай сытуацыі, якая склалася ў Беларусі.

Так, гэтыя схемы не зусім улічваюць суб’ектнасьць беларускага народу. Але можна сказаць, што беларускі народ як палітычны суб’ект сёньня адсутнічае. Ёсьць розныя групы, якія спрабуюць выступаць ад імя беларускага народу — у тым ліку ўлады ў Менску і апазыцыя ў выгнаньні.

Якраз першым крокам для набыцьця суб’ектнасьці беларускага народу і прадугледжваецца такая трансфармацыя палітычнай сыстэмы ў Беларусі, пры якой адбудуцца новыя выбары прэзыдэнта і парлямэнту. Гэта павінна перазапусьціць палітычны працэс, зрабіць яго легітымным як у вачах міжнароднай супольнасьці, так і беларускага грамадзтва. Тады і зьяўляецца пэўная суб’ектнасьць беларускага народу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG