Пэнсіяў за асаблівыя заслугі будуць пазбаўляць за «шкоду нацыянальнай бясьпецы»

Ілюстрацыйнае фота

Улады ўнесьлі зьмены ў заканадаўства пра пэнсіі за асаблівыя заслугі перад краінай. Цяпер іх могуць пазбавіць, калі атрымальнік учыніў злачынства альбо дзеяньні, якія наносяць шкоду дзяржаўным інтарэсам і нацыянальнай бясьпецы.

Пра гэта паведамляе партал Zerkalo.io.

Юрыдычныя навацыі закрануць у тым ліку і былых чыноўнікаў, некаторых шматдзетных маці і спартоўцаў.

4 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб пазбаўленьні 86 чалавек вайсковых і адмысловых званьняў. Для тых, хто атрымлівае вайсковую пэнсію, пазбаўленьне званьня азначае, што сума выплатаў зьменшыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя імёны сілавікоў, якіх разжалаваў Лукашэнка

Хто можа атрымаць пэнсію за асаблівыя заслугі

Сярод тых, хто можа прэтэндаваць на пэнсію за асаблівыя заслугі, — былыя чыноўнікі, якія займалі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, чальцы ўраду, старшыні аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму.

Маці дзевяці і больш дзяцей і ўзнагароджаныя адной зь дзяржаўных узнагародаў за мацярынства («Мэдалём мацярынства», ордэнам «Мацярынская слава», ордэнам «Маці-гераіня») таксама могуць атрымаць такія выплаты. Беларусам, у якіх ёсьць тры і больш ордэнаў, таксама магчыма атрымаць пэнсію за асаблівыя заслугі.

Некаторым спартоўцам таксама могуць прызначыць такія выплаты — пераможцам і прызэрам Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэльфійскіх гульняў, чэмпіёнам сьвету і Эўропы.

Адна з галоўных умоваў, каб атрымаць такую пэнсію, — адсутнасьць судзімасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 84-гадовага Яна Грыба аштрафавалі на 1160 рублёў, ён адмовіўся заходзіць у залю паседжаньняў

Што зьмянілі ў заканадаўстве аб пэнсіях за асаблівыя заслугі

Раней сярод прычын, па якіх маглі забраць такія выплаты, значылася некалькі пунктаў: учыненьне злачынства, пазбаўленьне дзяржаўных узнагародаў і недакладныя або неабгрунтаваныя дадзеныя, паводле якіх прызначылі такую пэнсію. Пры гэтым пры пазбаўленьні ордэна або мэдаля (акрамя юбілейнага), якія былі падставай для пэнсіі за асаблівыя заслугі, пэнсія зьніжаецца.

Цяпер жа ў сьпіс падставаў, паводле якіх могуць пазбавіць пэнсіі за асаблівыя заслугі, дадалі злачынствы і дзеяньні, якія наносяць шкоду дзяржаўным інтарэсам і нацыянальнай бясьпецы.

Цяперашнія зьмены прадугледжаныя пастановай ураду № 505. Новаўвядзеньні запрацуюць з 4 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запеніў дзьверы, «хацеў захапіць уладу». Хто яны — беларускія пэнсіянэры, якія сядзяць за палітыку

Які памер пэнсіі за асаблівыя заслугі

Пэнсія за асаблівыя заслугі складаецца са звычайнай пэнсіі (паводле ўзросту, інваліднасьці або за выслугу гадоў) і падвышэньня за асаблівыя заслугі (яго памер у кожным выпадку прызначаецца індывідуальна, але ня можа перавышаць 250% мінімальнага памеру пэнсіі паводле ўзросту).

Да прыкладу, у Жодзіне на 1 лютага гэтага году 18 чалавек атрымлівалі пэнсіі за асаблівыя заслугі перад краінай. Сярэдні памер іх пэнсіяў — 800 рублёў.