Польшча: праводзіцца акцыя «Zaszczep się z ulicy» — «вакцынуйцеся з вуліцы»
У Польшчы ўхвалены наступныя вакцыны: Johnson&Johnson, Moderna, AstraZeneca і Pfizer.
Яшчэ ў сьнежні 2020 году ў дакумэнце «Narodowy Program Szczepień przeciw COVID-19» было запісана, што беларусы, якія маюць сталы абы часовы побыт, якія вучацца або працуюць у Польшчы, вакцынуюцца па тых жа правілах, што і палякі.
А ў траўні 2021 году зьявіліся абвесткі, што беларусы, якія прыяжджаюць нават на кароткі тэрмін, могуць бясплатна зрабіць прышчэпку вакцынай Johnson&Johnson — уводзіцца яна адзін раз.
На сёньняшні дзень любы іншаземец можа зрабіць прышчэпку па жывой чарзе ў спэцыяльным пункце вакцынацыі. Шмат іх дадаткова адчыняецца ў выходныя дні.
«Прышчэпкі робяцца бясплатна, дастаткова толькі паказаць пашпарт. Праводзіцца такая акцыя — „Zaszczep się z ulicy“. Можна зрабіць Johnson&Johnson. Гэта наагул без чаргі і без праблем — пунктаў вакцынацыі вельмі шмат. Калі маеш час на другую дозу вакцынацыі — ідзеш туды, дзе вакцынуюць Pfizer», — кажа беларус Павал, які часова працуе ў Варшаве.
Бясплатна выдаюць і міжнародны сэртыфікат аб вакцынацыі з QR кодам.
Літва: беларусу для вакцынацыі патрэбны толькі пашпарт
У Літве ўхваленыя тыя ж самыя вакцыны супраць COVID-19, што і ў Польшчы: Johnson&Johnson, Moderna, Pfizer/BioNTech, АstraZeneca.
Прышчапляюць усіх ахвотных, незалежна ад грамадзянства, месца жыхарства, ад таго, мае чалавек афіцыйную рэгістрацыю ці не. Самі літоўцы звычайна запісваюцца папярэдне, ім прыходзіць SMS, куды і калі прыходзіць. А іншаземцы могуць проста падысьці да любога мабільнага ці стацыянарнага пункту вакцынацыі з пашпартам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна адмовіла ва ўезьдзе тром беларусам, прышчэпленым ад каранавірусу. Чаму?Алеся з мужам-айцішнікам два тыдні таму пераехала ў Вільню. Кажа, што пару дзён таму іх папрасілі пакінуць вулічную тэрасу кавярні, бо ня мелі пашпарта вакцынацыі.
«Учора мы зрабілі сабе прышчэпкі без усялякай рэгістрацыі і SMS. Проста падышлі да мабільнага пункту вакцынацыі, які спыніўся непадалёк ад нашага дома, і выбралі вакцыну Pfizer. SMS пасьля прыйшла — з датай на другую дозу.
Зь сярэдзіны верасьня ўсім непрышчэпленым нельга будзе наведваць гандлёвыя цэнтры, бары, рэстарацыі, музэі ды іншыя мерапрыемствы. Таму хочам быць з пашпартамі вакцынацыі», — кажа Алеся.
Украіна: прышчапіцца могуць толькі тыя іншаземцы, што знаходзяцца на законных падставах
Ва Ўкраіне, акрамя чацьвёркі самых папулярных вакцын (Moderna, AstraZeneca, Pfizer і Johnson&Johnson) ухвалена яшчэ вакцына Sinovac-CoronaVac, распрацаваная кампаніяй Sinovac Кітайскай нацыянальнай фармацэўтычнай групы.
А вось расейскім «Спутником» ва Ўкраіне не вакцынуюць. Іншаземцы, якія прышчапіліся «Спутником» альбо папулярнай у Беларусі кітайскай вакцынай SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell), ня змогуць уехаць ва Ўкраіну як вакцынаваныя грамадзяне, бо гэтыя вакцыны ня ўключаныя ў пералік Усясьветнай арганізацыі здароўя. Для ўезду беларусы мусяць мець адмоўныя вынікі ПЦР-тэсту, зробленага не пазьней як за 72 гадзіны да перасячэньня мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славаччына спыніла прышчэпкі расейскай вакцынай «Спутник V»Усе іншаземцы і асобы без грамадзянства (у тым ліку іншаземцы, што маюць дакумэнты на часовае пражываньне), якія на законных падставах знаходзяцца ва Ўкраіне, могуць прайсьці вакцынацыю. Запісацца можна па тэлефонах цэнтраў і пунктаў вакцынацыі. Сама вакцына бясплатная, але за паслугі па яе ўвядзеньні давядзецца заплаціць — або за свой кошт, або за кошт адпаведнага страхавога полісу.
«Спачатку было так: вакцынай Pfizer можна было прышчапіцца, толькі калі беларус, які мае від на жыхарства, працуе ва ўкраінскай кампаніі.
У публічных месцах вакцынацыі, ад аўтобусаў да рэабілітацыйных ці выставачных цэнтраў, былі розныя вакцыны — CoronaVac, AstraZeneca, Moderna. Калі беларус мае від на жыхарства, патрэбна яшчэ дамова зь сямейным лекарам, але гэта не абавязкова — проста больш часу займае працэдура рэгістрацыі перад самой вакцынацыяй», — кажа беларуска, якая даўно стала жыве ў Кіеве.
Пасьля дзьвюх дозаў можна атрымаць міжнароднае пасьведчаньне аб вакцынацыі.
Грузія: бясплатна прышчапляюць іншаземцаў, якія знаходзяцца ў краіне ня менш за 3 месяцы
У Грузіі ўхвалены наступныя вакцыны: AstraZeneca, Pfizer, а таксама дзьве вакцыны кітайскай вытворчасьці: Sinopharm/Beijing і Sinovac-CoronaVac.
Раней іншаземцы не маглі вакцынавацца ў Грузіі. З 1 жніўня правілы зьмяніліся: цяпер замежныя грамадзяне, якія ня маюць пасьведчаньня на права жыхарства ў Грузіі, змогуць прайсьці вакцынацыю ад каранавірусу ў Тбілісі, Кутаісі і Батумі. Але ёсьць пэўныя ўмовы.
Вакцынавацца могуць замежныя грамадзяне, якія знаходзяцца на тэрыторыі Грузіі легальна ня менш за тры месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы, якія жывуць у Грузіі, патрабуюць ад Тбілісі скасаваць дамову зь беларускімі спэцслужбаміПрышчапляюць таксама іншаземцаў, у якіх дзеці, бацькі, муж ці жонка — грамадзяне Грузіі; асобаў і іх сямейнікаў, якія знаходзяцца ў краіне па праграме «Працуй з Грузіі»; замежныя студэнты, што вучацца тут, дыпляматы і шэраг іншых катэгорый.
«Вакцынацыя іншаземцаў праводзіцца бясплатна, можна нават выбраць вакцыну, якую хочаш. Але трэба пражыць у Грузіі больш за тры месяцы і знаходзіцца тут легальна», — зазначае беларус Андрэй, якія прыляцеў у Грузію крыху больш за месяц таму.
Расея: калі няма абавязковай мэдычнай страхоўкі, трэба заплаціць 1300 рублёў
У Расеі прышчапляюць усіх працоўных мігрантаў вакцынай «Спутник Лайт», якую ўводзяць аднаразова. Кошт вакцынацыі ў Маскве — 1300 расейскіх рублёў (каля 18 даляраў).
Беларусы могуць прэтэндаваць на бясплатную вакцынацыю, калі маюць поліс АМС — абавязковага мэдычнага страхаваньня, альбо дазвол на часовае пражываньне ці від на жыхарства ў Расеі.
Чэхія: калі няма чэскай страхоўкі, вакцынацыя абыдзецца ў 30 эўра
У Чэхіі ўхваленыя 4 вакцыны: Johnson&Johnson, Moderna, AstraZeneca, Pfizer.
Грамадзянам Беларусі робяць прышчэпкі платна пры наяўнасьці часовага віду на жыхарства, сталага віду на жыхарства, доўгатэрміновай візы альбо пацьверджаньня аб часовым знаходжаньні (для сямейніка грамадзяніна Эўразьвязу). Кошт адной дозы — каля 810 чэскіх крон (крыху больш за 30 эўра). Некаторыя страхавыя кампаніі потым кампэнсуюць поўны кошт вакцынацыі (напрыклад, кампанія PVZP).
«У ліпені і жніўні я вакцынавала сваю маці (па папярэдняй рэгістрацыі), усё прайшло абсалютна гладка, аплата карткай на месцы, вакцына ад Pfizer. Адразу ж выдаецца сэртыфікат пра вакцынацыю эўрапейскага ўзору з QR-кодам. Сэртыфікат можна трымаць у адмысловай мабільнай праграме(„Tečka“) або спампаваць у любы момант праз спэцыяльны партал Міністэрства аховы здароўя», — расказала беларуска, якая стала жыве ў Празе.
Прышчэпкі робяцца бясплатна грамадзянам Беларусі — удзельнікам сыстэмы грамадзкага мэдычнага страхаваньня (да прыкладу, пры сталым відзе на жыхарства або працоўнай візе).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці абараняюць вакцыны ад дэльта-варыянту SARS-CoV-2? Правяраем факты