2016–2021. Юры Чыж
Аднаго з самых уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі Юрыя Чыжа арыштавалі 11 сакавіка 2016 году.
«На хуткасьці 220 кілямэтраў у гадзіну накіроўваўся ў бок дзяржаўнай мяжы», — паведамлялі падрабязнасьці пра арышт Чыжа праваахоўныя органы. Пасьля арышту Юры Чыж трапіў у СІЗА КДБ, вядомае як «Амэрыканка». Разам з Чыжом КДБ арыштаваў яшчэ 5 чалавек. Усіх іх абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДБ Валер Вакульчык казаў, што дзеяньні Чыжа нанесьлі шкоду дзяржаве ў памеры 12 мільёнаў даляраў.
У верасьні таго ж году Юры Чыж выйшаў на свабоду, прычына — вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі з кампэнсацыяй прычыненых стратаў.
Пасьля ў суд Юры Чыж усё ж прыйшоў, гэта быў суд паміж двума былымі партнэрамі: Юрыем Чыжом і Ўладзімерам Япрынцавым. Япрынцаў палічыў, што Чыж незаконна распарадзіўся ягонымі грашыма.
17 сакавіка 2021 году Юрыя Чыжа зноў затрымалі. Разам зь ім затрымалі і кіраўнікоў некалькіх кампаній, якія засталіся ў Чыжа пасьля разгрому ягонай бізнэс-імпэрыі. Лукашэнка запатрабаваў ад Чыжа вярнуць ільготы, дадзеныя кампаніі, за шмат гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незайздросны лёс прыдворных алігархаў. Чаму Чыжа зрабілі банкрутамЦяперашнім указам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, кампанія пазбаўляецца некаторых ільгот і прэфэрэнцый.
У прыватнасьці, кампанія павінна вярнуць у бюджэт Менску грошы за «даваньне зямельных участкаў для мэтаў без правядзеньня аўкцыёнаў», афармленьне якіх у часовае або пастаяннае карыстаньне праводзілася з пачаткам будаўніцтва. Акрамя таго, кампанія мусіць кампэнсаваць кошт жылых памяшканьняў, якія прызначаліся для перасяленьня грамадзян з жылых дамоў, што павінны былі зносіць дзеля праекту. Сказана, што «Трайпл» мусіць пакрыць сродкі «прапарцыйна нявыкананым (неналежна выкананым) абавязаньням».
Указ набыў моц з 1 верасьня.
У ліпені Эканамічны суд Менску прызнаў кампанію «Трайпл» эканамічна няздатнай і прыняў рашэньне аб яе санацыі да 30 чэрвеня 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: бізнэсовец Юры Чыж пад хатнім арыштам. Юрысты: на гэты момант — не
2016. Яўген Баскін
Прадпрымальніка, гендырэктара і саўладальніка групы кампаній «Сэрвалюкс» Яўгена Баскіна затрымалі ў сакавіку 2016 году.
Разам зь Яўгенам Баскіным затрымалі яшчэ 15 службовых асобаў. Дзяржава налічыла страты ад дзейнасьці групы кампаній на амаль 17 мільёнаў даляраў.
Але ўжо ў канцы сакавіка Яўген Баскін выйшаў зь СІЗА. Паведамлялася, што бізнэсовец добраахвотна кампэнсаваў страты, суду не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Птушыны кароль» Баскін кампэнсаваў шкоду і адпушчаны пад падпіску пра нявыезд
2015. Андрэй Паўлоўскі
Аднаго з пасьпяховых бізнэсоўцаў Горадзенскай вобласьці, саўладальніка кампаніі «Біяком» і «сэнатара» Андрэя Паўлоўскага ў 2015 годзе абвінавацілі ў нясплаце падаткаў на суму каля 8 мільёнаў даляраў.
Нібыта падаткі ён не сплаціў пры пастаўцы харчовых дабавак, вэтэрынарных прэпаратаў, а таксама матэрыялаў і абсталяваньня для аграпрамысловага комплексу.
У СІЗА Андрэй Паўлоўскі прабыў менш за месяц, кампэнсаваў страты на амаль 20 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў «сэнатара» Паўлоўскага
2015. Віктар Пракапеня
Віктара Пракапеню затрымалі на пачатку красавіка 2015 году. Яго зьмясьцілі ў СІЗА КДБ і падазравалі ў атрыманьні прыбытку памерам 650 тысяч даляраў ад прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі ў якасьці суб’екта гаспадараньня. На волю Віктар Пракапеня выйшаў толькі ў канцы 2015 году пад падпіску аб нявыезьдзе. А ўжо ў лютым 2016 году справу закрылі праз адсутнасьць складу злачынства.
Невядома, ці спрабаваў Віктар Пракапеня атрымаць кампэнсацыю за час, праведзены ў СІЗА. Увосень 2017 году стала вядома, што шэраг беларускіх СМІ на просьбу юрыстаў бізнэсоўца карэктавалі альбо цалкам выдалялі публікацыі са зьвесткамі пра затрыманьне Пракапені.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікаваны Топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі. Віктар Кіслы на першым месцы
2011. Віктар Шаўцоў
У канцы 2011 году за краты трапіў сябра назіральнай рады і саўладальнік «Трастбанку», старшыня праўленьня кампаніі «Белзамежбуд» Віктар Шаўцоў.
Яго абвінавацілі ў прысвойваньні грошай пры будаўніцтве аб’ектаў у Вэнэсуэле. У сьнежні 2012 году Шаўцова амніставалі.