Кібэрпартызаны сьцьвярджаюць, што ўзламалі базу зьвестак дзяржаўнага рэгістру нерухомасьці. Гэта значыць, што яны атрымалі інфармацыю пра нерухомасьць кожнага беларуса, у тым ліку прадстаўнікоў улады і нават Лукашэнкі.
У якасьці доказу яны апублікавалі зьвесткі пра нерухомасьць Курманбека Бакіева, Віктара Шэймана, Івана Тэртэля, Натальлі і Івана Эйсмантаў, Валера Вакульчыка, Аляксандра Баскава і Марыяны Шчоткінай.
- Ананімная група «Кібэрпартызаны» зьявілася летась у жніўні. Адразу пасьля зьяўленьня «Кібэрпартызаны» абвясьцілі, што падтрымліваюць пратэстоўцаў у краіне, і агучылі тры свае задачы: шукаць інфармацыю пра сілавікоў, чыноўнікаў і іх злачынствы, паказваць «гнілую» сутнасьць рэжыму, і, нарэшце, каб Лукашэнка пакінуў Беларусь. Яны ўзломваюць дзяржаўныя сэрвэры, атрымліваючы доступ да службовай і сакрэтнай інфармацыі.
- Сёлета ў канцы ліпеня кібэрпартызаны анансавалі шматузроўневую спэцапэрацыю «Жара». Яны ўзламалі шэраг базаў зьвестак МУС, атрымалі доступ да базаў «АІС Пашпарт», службы 102 (тэрміновыя званкі ў міліцыю), упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэру зь відэазапісамі дронаў МУС.