Расказваем падрабязна пра перасьлед актывісткі.
Затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі
Алена Гнаўк нарадзілася на Палесьсі ў 1957 годзе ў шматдзетнай сям’і. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі — юрыдычную і эканамічную. У 1978 годзе яна скончыла Маскоўскі юрыдычны інстытут, а ў 1993 — факультэт сусьветнай эканомікі МДІМЗ. Некалькі гадоў Гнаўк жыла ў Маскве, аказвала юрыдычныя паслугі ў сфэры будаўніцтва.
Цяпер Гнаўк жыве ў вёсцы Ткачы Пружанскага раёну, актыўна займаецца грамадзкім жыцьцём, шчырая праваслаўная верніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не здаемся». Пэнсіянэрку з Пружанскага раёну зноў адправілі ў ізалятар пасьля 15 дзён арыштуШмат беларусаў называюць Алену «берасьцейскай Нінай Багінскай». За сваю апазыцыйную дзейнасьць Гнаўк, як і актывістку Багінскую, ня раз перасьледавалі ўлады — затрымлівалі, штрафавалі і арыштоўвалі. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году агулам за кратамі Гнаўк правяла больш за 30 сутак.
Сёлета ў траўні судзьдзя Іна Клышпач пакарала Гнаўк 2 гадамі «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову) па арт. 342 Крымінальнага кодэксу ў рамках так званай «карагоднай справы» за акцыю пратэсту 13 верасьня мінулага году ў Берасьці.
Ужо ў ліпені стала вядома, што супраць 64-гадовай актывісткі завялі яшчэ адну крымінальную справу — паводле ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»).
У пастанове адзначалася, што Гнаўк у залі «Дома правасудзьдзя» выказалася фразай, якая «зьмяшчае нэгатыўную ацэнку і зьяўляецца абразьлівай» у адносінах да Лукашэнкі, чым нібыта «публічна абразіла яго».
Пазьней стала вядома, што на разглядзе «карагоднай справы», дзе жанчына выступала ў якасьці абвінавачванай, яна сказала: «9 жніўня мінулага году ўладу захапіў не зусім здаровы, прабачце, псыхічна чалавек…». Пасьля гэтага, паводле Гнаўк, памочнік дзяржабвінаваўцы Аляксей Бараноўскі напісаў дакладную запіску на імя пракурора Берасьця пра «нанясеньне цяперашняму прэзыдэнту Лукашэнку А. Р. цяжкай абразы, што ўнясе напружаньне і дэстабілізацыю ў краіне». У выніку суд над жанчынай па гэтай справе пачаўся 2 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьні і ператрусы 20 жніўня: ня выйшла зь міліцыі пэнсіянэрка, якую вінавацяць у «абразе прэзыдэнта»«У цывілізаваным сьвеце абвінавачваны можа гаварыць усё, што думае наконт сваёй справы»
Аднак перасьлед жанчыны на гэтым не канчаецца. 19 жніўня Гнаўк затрымалі па адміністрацыйнай справе аб «дэманстрацыі экстрэмісцкай літаратуры ў залі суду Маскоўскага раёну Берасьця». Ноч пэнсіянэрка правяла ў берасьцейскім ІЧУ. На наступны дзень раніцай Алена Гнаўк напісала ў фэйсбуку, што яе вызвалілі, а пратакол па справе накіравалі на дапрацоўку.
Пазьней Гнаўк паведаміла Радыё Рацыя, што да завядзеньня адміністрацыйнай справы таксама быў датычны пракурор Бараноўскі, які прысутнічаў на судзе ў якасьці абвінаваўцы.
«Яму нібыта вельмі моцна даставалася на судзе. Ён нават пажаліўся судзьдзі, што вось я так сябе паводзіла, што я яго абвінавачвала. У цывілізаваным сьвеце абвінавачванаму боку даецца права гаварыць усё, што думае наконт гэтай справы», — пракамэнтавала сытуацыю Гнаўк.
Яна падкрэсьліла, што Бараноўскі, магчыма, ня ведаў, што чалавек караецца толькі за распаўсюд экстрэмісцкай кнігі, а не за яе дэманстрацыю. Таму Алена спадзяецца, што справу, узбуджаную супраць яе, урэшце ўсё ж закрыюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такія працэсы трэба праводзіць на стадыёне». У Берасьцi cудзяць яшчэ 12 фігурантаў «карагоднай справы»