Кіраўнік ураду, згодна з прынятай у 1994 годзе ў Беларусі Канстытуцыяй, зьяўляецца другой асобай у дзяржаве. Існавала гэтая пасада і да кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі — з 1991-га па 1994 год Саветам Міністраў кіраваў Вячаслаў Кебіч. Аднак і тады фармальна ён быў другой асобай у краіне, першым лічыўся старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Пасьля прыходу Лукашэнкі і да нашага часу ў Беларусі зьмянілася ўжо дзевяць прэм’ер-міністраў. У Расеі, напрыклад, за той жа час іх было 10, а прэзыдэнцкую пасаду займалі тры розныя чалавекі.
Хтосьці зь беларускіх прэм’ераў займаў сваю пасаду ўсяго некалькі гадоў, нехта затрымаўся нават больш як на пяцігадовы прэзыдэнцкі тэрмін. Свабода ўспамінае пра гэтых людзей і расказвае, што зь імі стала пасьля адстаўкі.
Міхаіл Чыгір
21 ліпеня 1994 — 18 лістапада 1996
Першы банкір на пасадзе кіраўніка ўраду пры Лукашэнку. Быў прызначаны на яе на наступны дзень пасьля першай інаўгурацыі і пратрымаўся ўсяго два гады. У банкаўскай сфэры Чыгір працаваў з пачатку 70-х. Ён скончыў тагачасны менскі «наргас». Пазьней вучыўся ў Маскве, стажаваўся ў Нямеччыне, а пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці да самых выбараў прэзыдэнта ўзначальваў «Белаграпрамбанк».
Пасаду прэм’ера Міхаіл Чыгір атрымаў непасрэдна ад Аляксандра Лукашэнкі пасьля працы ў ягоным выбарчым штабе. У 1995 годзе ён прадстаўляў Беларусь на сусьветным эканамічным форуме ў Давосе. З пасады прэм’ера Міхаіл Чыгір сышоў самастойна і гучна — абвясьціў пра адстаўку на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму, які дазваляў Лукашэнку павялічыць свае паўнамоцтвы і падоўжыць тэрмін знаходжаньня пры ўладзе. Пасьля нейкі час гадаваў пчолаў на сядзібе ў Капыльскім раёне і ў выніку зьехаў у Маскву на працу ў бізнэс-структурах.
У 1999 годзе вылучыўся кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі на альтэрнатыўных выбарах, быў арыштаваны за дзень да іх правядзеньня. Чыгіра зьмясьцілі на «Валадарку» і абвінавацілі ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі падчас працы кіраўніком «Белаграпрамбанку» і на пасадзе прэм’ера. За кратамі Міхаіл Чыгір прабыў восем месяцаў, пасьля чаго яго адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. У 2000 годзе яго асудзілі на 3,5 года пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады. Адным з адвакатаў Чыгіра на тым працэсе быў Аляксандар Пыльчанка, які ўвосень 2020-га абараняў Марыю Калесьнікаву і быў пазбаўлены ліцэнзіі ў сьнежні таго ж году. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Чыгіра палітзьняволеным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чортаў тузін» і Чыж — топ самых рэзанансных судовых працэсаўУ сьнежні 2000 году Вярхоўны суд адмяніў прысуд Міхаілу Чыгіру і пастанавіў, што яго немагчыма ні апраўдаць, ні прызнаць вінаватым. У 2002 годзе прысуд у выглядзе 3,5 года з адтэрміноўкай на 2 гады вярнулі.
У 2010 годзе Міхаіл Чыгір падтрымаў вылучэньне ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах Яраслава Раманчука, а ў 2020-м стаў кіраўніком выбарчага штабу Ганны Канапацкай.
«Я ведаю сям’ю Канапацкіх не адзін дзясятак гадоў, бацьку яе ведаю па сумеснай працы: адукаваны юрыст, працавалі ў адной фірме, добра ведаю. Таму вырашыў даць згоду, падтрымаць яе», — так патлумачыў Свабодзе сваё рашэньне далучыцца да кампаніі Канапацкай сам Міхаіл Чыгір.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ведаю сям’ю Канапацкіх не адзін дзясятак гадоў». Міхаіл Чыгір узначаліў штаб Канапацкай
Сяргей Лінг
18 лістапада 1996 — 18 лютага 2000
Аграном. Больш за дзесяць гадоў працаваў у калгасах і саўгасах Капыльскага, Салігорскага і Любанскага раёнаў. Пасьля ўзначаліў Слуцкі райвыканкам, адкуль пайшоў на падвышэньне ў Менск. Ва ўрадзе Чыгіра быў яго намесьнікам. Выконваць абавязкі кіраўніка ўраду стаў пасьля гучнай адстаўкі Міхаіла Чыгіра, аднак на пасаду прэм’ера Лукашэнка прызначыў Сяргея Лінга толькі больш чым праз год пасьля гэтага — у лютым 1997-га.
Прэм’ерам Лінг прабыў тры гады. 18 лютага 2000 году Лукашэнка падпісаў яго прашэньне аб адстаўцы. Афіцыйнай прычынай называлі стан здароўя жонкі Лінга, якой патрабаваўся пастаянны дагляд. Аднак ужо летам 2000 году Лінга адправілі ў Нью-Ёрк працаваць пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН. Там ён прабыў два гады.
Цяпер Сяргей Лінг на пэнсіі. Некалькі гадоў таму ягонае імя значылася ў сьпісе Савету старэйшын пры Менгарвыканкаме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьехаў у Расею, спрабаваў пазбавіць Лукашэнку пасады. Чым займаліся прэм’ер-міністры пасьля адстаўкі
Уладзімер Ярмошын
19 лютага 2000 — 21 верасьня 2001
Самы «хуткі» прэм’ер-міністар часоў Лукашэнкі. На сваёй пасадзе Ярмошын пратрымаўся менш за год. Першы і адзіны прэм’ер-небеларус (будзе яшчэ Андрэй Кабякоў, аднак ён жыў у Беларусі з трохгадовага ўзросту. — РС). Ярмошын нарадзіўся і вырас у Разанскай вобласьці, у Беларусь прыехаў ва ўзросьце 23 гадоў на працу на авіярамонтны завод. Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі Ярмошын узначаліў Менгарвыканкам.
Пасьля адстаўкі Лінга Лукашэнка прызначыў Уладзімера Ярмошына выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду, аднак прыстаўку «в. а.» ў выніку так і ня зьняў. У верасьні 2001 году, неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Ярмошына адправілі ў адстаўку.
Пасьля гэтага былы выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра на дзяржаўную службу больш не вярнуўся. Непрацяглы час узначальваў кампанію-апэратар мабільнай сувязі МТС у Менску, пасьля ў Маскве быў намесьнікам дырэктара заводу «Рубін». З 2012 году Ярмошын працаваў пазаштатным дарадцам у беларуска-расейскай кампаніі «Белзьнешэканомбуд». Як і Лінг, уваходзіць у Савет старэйшын Менгарвыканкаму.
Генадзь Навіцкі
10 кастрычніка 2001 — 10 ліпеня 2003
Інжынэр і зямляк Аляксандра Лукашэнкі, падчас выбарчай кампаніі 1994 году сам зьбіраў подпісы за яго вылучэньне на пасаду прэзыдэнта. Лукашэнку Навіцкі асабіста ведаў яшчэ з канца 80-х. У той час ён узначальваў упраўленьне сельскага будаўніцтва Магілёўскага аблвыканкаму.
Пасьля перамогі на выбарах Лукашэнка прызначыў Навіцкага на пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва. Празь некалькі гадоў той пайшоў на падвышэньне, стаў намесьнікам кіраўніка ўраду.
На пасадзе прэм’ер-міністра Генадзь Навіцкі прапрацаваў няпоўныя два гады, пасьля чаго Лукашэнка адправіў яго ў адстаўку. Але Навіцкі, у адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, застаўся ва ўладзе — яго прызначылі кіраваць Саветам Рэспублікі, дзе ён прапрацаваў да 2008 году.
Цяпер Генадзь Навіцкі на пэнсіі, актыўна ў палітыцы ня ўдзельнічае.
Сяргей Сідорскі
26 сьнежня 2003 — 28 сьнежня 2010
Чалавек, які змог пратрымацца на пасадзе прэм’ер-міністра Беларусі цэлых сем гадоў, значна больш за ўсіх сваіх папярэднікаў і наступнікаў. Сідорскі паходзіць з Гомля, ён доктар тэхнічных навук, экспэрт у галіне плязмавых тэхналёгій.
У Савет Міністраў Сідорскі прыйшоў на працу ў 2001 годзе з Гомля, дзе на той момант стаў ужо намесьнікам кіраўніка аблвыканкаму. У Менску адразу пачаў працаваць у якасьці віцэ-прэм’ера ў кабінэце Генадзя Навіцкага. Працуючы ва ўрадзе, Сяргей Сідорскі быў куратарам найперш пытаньняў, зьвязаных з разьвіцьцём прамысловасьці.
На пасадзе прэм’ера Сяргей Сідорскі ўтрымаўся і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, калі, адпаведна працэдуры, увесь яго кабінэт падаў у адстаўку. Зьнялі прэм’ера-доўгажыхара толькі пасьля выбараў 2010 году, неўзабаве перад пачаткам вострага валютнага крызісу і новай хвалі пратэстаў.
«Як можна здагадацца, апошні тыдзень перад выбарамі тагачасны прэм’ер Сяргей Сідорскі знаходзіўся пад вельмі жорсткім (жэстачайшым?) кантролем, — пісаў пра Сідорскага палітычны аглядальнік Аляксандар Фядута. — Нават калі б ён раптам захацеў выйсьці да мітынгоўцаў, хутчэй за ўсё, у яго б гэта не атрымалася. У асобы, якая ў выпадку прызнаньня выбараў такімі, што не адбыліся, павінна выконваць абавязкі прэзыдэнта, не было магчымасьці зрабіць крок направа, налева або насустрач. І пасьля выбараў Сідорскага ўсё роўна адправілі ў адстаўку. За неляяльнасць, якой ён нават не пасьпеў праявіць».
Пасьля звальненьня Сідорскі цэлы год заставаўся бяз працы, але ў бізнэс не пайшоў. Зімой 2012-га яго прызначылі куртарам аграпрамысловыга комплексу ў Эўразійскай эканамічнай камісіі. Там былы прэм’ер пратрымаўся да 2018 году, пасьля чаго пайшоў на пэнсію.
Міхаіл Мясьніковіч
28 сьнежня 2010 — 27 сьнежня 2014
Доктар эканамічных навук і прафэсар. Мясьніковіч быў міністрам яшчэ ў часы БССР — загадваў камунальнай гаспадаркай. Пазьней, пры Кебічы, стаў яго намесьнікам ва ўрадзе, аднак пасьля перамогі Лукашэнкі нечакана ўзначаліў адміністрацыю новааабранага прэзыдэнта. З 2001 году ўзначальваў Акадэмію навук. Менавіта адтуль Мясьніковіч прыйшоў на пасаду прэм’ер-міністра, на якой пратрымаўся 4 гады.
Працуючы на пасадзе кіраўніка ўраду, Міхаіл Мясьніковіч запомніўся ў тым ліку тым, што меў надзвычай дарагі гадзіньнік. Аднойчы на яго руцэ заўважылі храномэтар цаной каля 37 тысяч даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гадзіньнік Мясьніковіча ў 185 разоў даражэйшы за Абамаў
Пасьля адстаўкі з пасады прэм’ера Мясьніковіч да канца 2019 году ўзначальваў Савет Рэспублікі. Займаў пасаду, якую пасьля яго адстаўкі аддалі Натальлі Качанавай. Зь зімы 2020 году яго, як і некалі Сідорскага, накіравалі ў Эўразійскую эканамічную камісію. Там былы прэм’ер і першы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі працуе дагэтуль.
Андрэй Кабякоў
27 сьнежня 2014 — 18 жніўня 2018
Як і Ўладзімер Ярмошын, Андрэй Кабякоў нарадзіўся ў Расеі — у лістападзе 1960 году ў Маскве. У Беларусь будучы прэм’ер пераехаў з бацькамі ўжо ў трохгадовым узросьце. Працаваў на заводзе Вавілава ў Менску, скончыў «наргас».
Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі Андрэй Кабякоў пераходзіць на працу ў Службу кантролю прэзыдэнта (правобраз будучага Камітэту дзяржаўнага кантролю. — РС), становіцца намесьнікам кіраўніка новай структуры. У 1998 годзе Кабякоў ужо кіруе новаствораным КДК.
З пачатку «нулявых» і да прызначэньня на пасаду прэм’ера кар’ера Андрэя Кабякова ўзьнялася з намесьніка кіраўніка ўраду, амбасадара Беларусі ў Расеі да кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Таму прызначэньне прэм’ерам у самым канцы 2014 году для яго можна лічыць своеасаблівым паніжэньнем па лініі вэртыкалі ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кабякоў: Падчас крызісу ў Беларусі не было масавых звальненьняў. Белстат: мінус 43 тысячы работнікаў толькі з пачатку годуНеўзабаве пасьля адстаўкі з пасады кіраўніка беларускага ўраду Кабякоў прыйшоў на працу да Віктара Бабарыкі ў «Белгазпрамбанк». Кіраваў там аўдытарскай радай савету дырэктараў, ажыцьцяўляў своеасаблівы нагляд за працай кіраўніцтва банку.
У канцы лістапада 2020 году, ужо пасьля арышту Віктара Бабарыкі і шэрагу іншых кіраўнікоў «Белгазпрамбанку» Кабякоў зьехаў на працу ў Расею, дзе ўладкаваўся на пасаду генэральнага дырэктара ААТ «Группа Сибуглемет», які займаецца здабычай і гандлем вугалю для мэталюргічнай прамысловасьці ў Кемераўскай вобласьці.
Сяргей Румас
18 жніўня 2018 — 3 чэрвеня 2020
Кандыдат эканамічных навук, банкір. Сям’я Румасаў паходзіць з Гомельшчыны, аднак ужо ў 1970-я яны пераехалі ў Менск. Румас адзіны зь беларускіх прэм’ер-міністраў мае вайсковую адукацыю. У 1990 годзе ён скончыў Яраслаўскую вышэйшую вайсковую вучэльню па спэцыяльнасьці «фінансавае забесьпячэньне войскаў», аднак у войска служыць па кантракце не пайшоў. З самага пачатку 90-х будучы прэм’ер-міністар Беларусі ўзначальваў розныя аддзелы ў Нацыянальным банку. Пасьля працаваў у камэрцыйных банках, узначальваў філіял дзяржаўнага «Беларусбанку».
З 2005 па 2010 год Сяргей Румас кіраваў «Белаграпрамбанкам», адкуль перайшоў на працу ва ўрад, дзе быў куратарам эканомікі. Падчас крызісу 2011 году менавіта Румас прапанаваў шэраг эканамічных рэформаў для яго пераадоленьня. За што быў асабіста раскрытыкаваны Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кепскі Румас і добры Румас«Мяне ў апошні час усё больш і больш насьцярожвае праца нашага ўрада, — абураўся Лукашэнка ў лістападзе 2011 году. — Неўзабаве мы сапраўды будзем хадзіць у крамы, як у музэі. Асабіста мы ня будзем, але большая частка насельніцтва будзе туды прыходзіць, каб паглядзець на рынкавую эканоміку Мясьніковіча — Румаса».
На пасаду кіраўніка ўраду Лукашэнка прызначаў Румаса, калі той кіраваў «Банкам разьвіцьця». Пасьля пачатку пасьлявыбарных пратэстаў жонка ўжо былога прэм’ера Жанна апублікавала ў сацсетках сумесны з мужам здымак на фоне пратэстоўцах.
Сам былы прэм’ер публічна як не падтрымліваў пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў выбараў, так і не выказваўся ў падтрымку ўлады. У другой палове восені ён зьехаў за мяжу ў Вялікую Брытанію, пасьля нейкі час жыў ва Ўкраіне. На пачатку лютага 2021 году ў шэрагу СМІ зьвяліся зьвесткі пра магчымы арышт Сяргея Румаса ў Беларусі разам з шэрагам набліжаных да яго банкіраў і бізнэсоўцаў. Гаворка ішла найперш пра мэнэджараў «Белаграпрамбанку». Сям’я былога прэм’ера зьняпраўдзіла чуткі пра яго арышт, а ў красавіку зьявіліся афіцыйныя паведамленьні аб прызначэньні Сяргея Румаса ў назіральную раду расейскага «Россельхозбанка».
Раман Галоўчанка
4 чэрвеня 2020 — ?
Замест Сяргея Румаса Лукашэнка прызначыў на пасаду прэм’ера Рамана Галоўчанку. Да прызначэньня Галоўчанка кіраваў Вайскова-прамысловым комплексам, яшчэ раней быў амбасадарам Беларусі ў Эміратах. Паходзіць з Жодзіна, куды яго сям’я пераехала з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыехалі з Расеі, мелі вялікую бібліятэку. Што ў Жодзіне памятаюць пра сям’ю, у якой вырас прэм’ер Раман ГалоўчанкаГалоўчанка — адзіны зь беларускіх прэм’ераў, каго з нацяжкай можна лічыць сілавіком. У 1997 годзе ён быў прызначаны галоўным спэцыялістам Савету бясьпекі, дзе прапрацаваў пяць гадоў. Тры гады пасьля гэтага працаваў у Генэральнай пракуратуры загадчыкам аддзелу. Робіць ваяўнічыя заявы Раман Галоўчанка і на пасадзе прэм’ера.
«Будзем узмацняць моц Узброеных сіл, умацоўваць сыстэму калектыўнай бясьпекі, разьвіваць вайсковае супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй, з АДКБ», — сказаў Галоўчанка з нагоды чарговага сьвяткаваньня 9 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год зь першай прэс-канфэрэнцыі Каардынацыйнай рады. Што зь ёй адбылося за гэты час ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала з удзельнікамі апошняй выбарчай нарады каманды Ціханоўскай. ФОТА