Дзяніса Ўрбановіча, Віталя Трыгубава і актывіста Сержука Мацкойця затрымалі 26 жніўня ў Ветцы Гомельскай вобласьці. Пра гэта паведамілі сваякі Дзяніса Ўрбановіча, якому пасьля затрыманьня ўдалося праз тэлефон зьвязацца з роднымі.
«У Ветцы зайшлі паесьці ў кавярню, як неўзабаве туды ўварваліся „праваахоўнікі“. Відаць, за хлопцамі сачылі.
Сяргея Мацкойця забралі адразу і кудысьці павезьлі. Сказалі, што ён у вышуку.
А Дзяніса і Віталя спачатку павезьлі ў Мазыр, разьмясьцілі ў гатэлі, але пад наглядам. Гэта адтуль Дзяніс змог патэлефанаваць. Але празь нейкі час, відаць, прыйшоў загад і хлопцаў зноў затрымалі.
Што зь Віталем, ня ведаем, а Дзянісу аб’явілі, што ён затрыманы на 72 гадзіны. Сказалі, што падазраецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія праходзілі ў Мазыры ў жніўні 2020 году. Дакладна ведаем, што ён тады нават ня быў у Мазыры. Цяпер трымаюць у ізалятары, вядзецца праверка. У яго быў адвакат», — расказалі сваякі лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Завялі ў душ і пачалі зьбіваць палкай. Маёр назіраў». Дзяніс Урбановіч пра зьдзекі ў ЖодзінеПаводле сваякоў, калі Дзяніс апошнім разам адбываў адміністрацыйны арышт, да яго прыходзілі супрацоўнікі спэцслужбаў. Патрабавалі, каб заявіў пра роспуск «Маладога фронту».
«Але Дзяніс ад такой прапановы адмовіўся з прынцыповых меркаваньняў», — паведамілі сваякі Дзяніса Ўрбановіча.
Дзяніс Урбановіч з Лагойскага раёну. У 2018 годзе далучыўся да пратэстаў супраць адкрыцьця каля Курапатаў рэстарацыі «Поедем поедим», пасьля сутычак з агрэсіўнымі наведнікамі рэстарацыі трапляў з траўмамі ў шпіталь, шмат разоў быў затрыманы і адбываў адміністрацыйныя арышты. У 2019 годзе Дзяніса Ўрбановіча выбралі старшынём «Маладога фронту», якім раней кіраваў Зьміцер Дашкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскім актывістам вярнулі шасьцігадовага сына, якога былі забралі ў прытулакДзяніс Урбановіч і Сяргей Мацкойць у канцы ліпеня выйшлі на волю пасьля 20 дзён арышту і расказалі пра бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары на Акрэсьціна. Віталь Трыгубаў у канцы чэрвеня выйшаў на волю пасьля 30 дзён арышту.
Паводле «Белсату» Сяргей Мацкойць расказваў паплечнікам, што пазычыў іншаму чалавеку грошы, а той пакінуў у заклад мабільны тэлефон і напісаў заяву ў міліцыю аб крадзяжы. Пакуль актывіст быў у ізалятары, яго кватэру ўзламалі. І калі вярнуўся, пабачыў на дзьвярах паперку ад імя ўчастковага з прапановай «добраахвотна здацца». Яго вінавацяць у «крадзяжы» (арт. 205 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча завялі крымінальную справу