Сына актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Алены Лазарчык і Сяргея Мацкойця вярнулі ў сям’ю. Прыкладна 300 чалавек прыйшлі да менскага прытулку, каб маральна падтрымаць бацькоў.
Шасьцігадовы Арцём ад 17 верасьня знаходзіўся ў сацыяльна-пэдадагічным цэнтры з прытулкам Фрунзэнскага раёну Менску. У той дзень Алену Лазарчык затрымалі «для высьвятленьня асобы». У яе адразу ж забралі тэлефон, завезьлі ў міліцэйскі пастарунак у раёне Акадэміі навук і пратрымалі да 23-й гадзіны.
У выніку ні ў чым не абвінавацілі і пратаколаў ня склалі. У чэрвені яе затрымлівалі паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, калі напярэдадні ўжо быў затрыманы і яе муж — актывіст Сяргей Мацкойць. Тады ёй далі 12 сутак арышту, але праз тры дні рэшту прысуду замянілі на штраф.
Пасьля таго як да 18.00 маці не забрала дзіця са школы, пэдагогі выклікалі органы апекі, і першаклясьніка Арцёма павезьлі ў сацыяльна-пэдагагічны цэнтар з прытулкам Фрунзэнскага раёну. Ні бацьку, ні паўналетняй сястры Марыне, ні бабулі са школы не патэлефанавалі, хоць пэдагогі мелі іх кантактную інфармацыю, кажа Алена Лазарчык.
18 верасьня кантралёры прыйшлі правяраць умовы жыцьця Арцёма. Прэтэнзіяў не было, але копію акту маці даць адмовіліся, а ў прытулку пад адрасам Бірузова, 21 ёй не дазволілі забраць сына без адпаведнага дакумэнту. Больш за тое, ёй нават не дазволілі пабачыць сына, спаслаўшыся на небясьпеку каранавірусу.
У суботу яна прыехала ў прытулак, дзе сабраліся некалькі сотняў салідарных людзей. Прадстаўнікі ўстановы паабяцалі, што калі дакумэнты будуць у парадку, сына вернуць у сям’ю. Пасьля 13-й гадзіны Алене дазволілі зайсьці ў будынак і адтуль яна выйшла ўжо з Арцёмам.