Зь лютага ў зьняволеньні знаходзіцца 21-гадовы Дзьмітры Гопта. Нягледзячы на разумовую адсталасьць і псыхіятрычныя дыягназы, яго прызналі вінаватым у масавых беспарадках і гвалце над міліцыяй, хоць ніхто не пацярпеў. Дзьмітрыя пакаралі калёніяй на два гады.
Цяпер ён адбывае пакараньне ў віцебскай калёніі. Хлопец хоча дахаты, ён сумуе па блізкіх. Дзьмітрый напісаў бы прашэньне аб памілаваньні, ды проста ня можа гэта зрабіць самастойна.
«Калі тэлефануе, то кажа, што ўсё добра»
Апошні раз Вольга бачыла сына 26 траўня — ім далі кароткатэрміновае спатканьне ў віцебскай калёніі.
«Дзімка пісаў просьбу на доўгатэрміновае, але яму адмовілі. Лістоў вельмі мала. Раней ён тэлефанаваў кожны тыдзень, цяпер чамусьці ўжо два тыдні цішыня... Да яго лісты даходзяць, але ня ўсе. Неяк ён тэлефанаваў і казаў, што паслаў ліст мне і бабулі. Мне дайшоў, а бабуля не атрымала. Калі ён тэлефануе, то кажа, што ўсё добра, але наўрад ці Дзімка можа сказаць нешта іншае, калі пры размове прысутнічае супрацоўнік калёніі», — кажа Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мама, я хачу дахаты!» Гісторыя хлопца з разумовай адсталасьцю, якому прысудзілі 2 гады калёніі за «беспарадкі»Адсутнасьць спатканьняў адміністрацыя калёніі тлумачыць карантынам праз COVID-19.
Дзьмітры працуе ў калёніі на швейнай фабрыцы. Там шыюць робы, а Дзіма абразае ніткі.
«Жыву аднымі чаканьнямі — лістоў, тэлефанаваньня, спатканьня. Цяпер чакаю адказ ад „Круглага сталу дэмакратычных сілаў“ (ініцыятывы Юрыя Васкрасенскага. — РС) — прасіла іх паспрыяць, каб Дзіму памілавалі», — зазначыла жыхарка Жлобіна.
У «Круглым стале дэмакратычных сілаў» паведамілі, што Дзьмітры Гопта ўключаны ў другі сьпіс на памілаваньне з пазнакай, што ня можа напісаць прашэньне. Гэты сьпіс будзе перададзены 1 верасьня ў Адміністрацыю прэзыдэнта.
Вольга спадзяецца, што сына памілуюць. Ад ягоных дзеяньняў ніхто не пацярпеў.
Нядаўна Вольга выпадкова заўважыла ў «ВКонтакте» пост спартоўца Аляксея Талая, які наведваў зь лекцыяй віцебскую калёнію. Асуджаныя былі на здымку сьпінамі. Але Вольга пазнала сярод іх свайго сына. «Вось ён, бачыце, самы маленькі, лапавухі мой», — паказала Вольга
«Перадай усім, што я іх моцна люблю»
«Прывітаньне, дарагая мама! З днём нараджэньня. Зычу шчасьця, здароўя, любові і дабрабыту ў сям’і. Ты ў мяне самая любімая мама на сьвеце. Я вельмі моцна па вас сумую. Хочацца хутчэй дадому. Перадай усім, што я іх моцна люблю. І людзям перадай, якія мне пісалі лісты. І перадай усім, што я хутка вярнуся дадому. Мне б хацелася ўбачыць тых, хто мне дапамаглі, пісалі лісты», — напісаў палітвязень у адным зь лістоў дахаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без нагі, хворы на рак, з розумам дзіцяці. Хто сядзіць «за палітыку» з сур’ёзнымі хваробамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне шукалі ўсюды». Як асуджаны пасьля мітынгаў здолеў зьбегчы з калёніі ў Літву