У аўторак, 24 жніўня, у дзень візыту прадстаўнікоў Агенцтва ААН у справах уцекачоў, зь мяжы Латвіі і Беларусі зьніклі ўсе 83 шукальнікі прытулку
Пра гэта паведамляе партал Delfi са спасылкай на арганізацыю добраахвотнікаў «Хачу дапамагчы ўцекачам».
Прадстаўнік арганізацыі Эгілс Грасманіс занепакоены тым, што ў ноч з 23 на 24 жніўня зь мяжы зьніклі 83 чалавекі. Латвійская памежная служба не змагла гэта патлумачыць.
Апошняя інфармацыя пра месцазнаходжаньне мігрантаў была пра тое, што латвійскія памежнікі папрасілі адну з групаў перасунуцца ў іншае месца, каб ім было прасьцей дастаўляць ежу і мэдычную дапамогу. Сваякі мігрантаў ня могуць зь імі зьвязацца.
Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі паведаміла, што зьніклых людзей пусьцілі на тэрыторыю Беларусі.