Новы від для Беларусі — арлан-даўгахвост (Haliaeetus leucoryphus) — адзначаны пад Менскам на рыбгасе «Волма». Маладая птушка прыляцела ў краіну з Азіі, піша «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Новы для краіны від зафіксавалі назіральнікі Андрэй Барадзін, Аляксандра Кудзінава, Сяргей Анохін, Дар’я Ўруціна, Кацярына і Аляксандар Варабʼёвы.
Арланы-даўгахвосты гняздуюць у Індыі і Пакістане, пасьля размнажэньня пералятаюць на поўнач, а з траўня зьяўляюцца на вадаёмах Сярэдняй Азіі і крыху на поўнач ад яе ў пошуках ежы. Да восені, пачатку пэрыяду размнажэньня, яны зноў мігруюць на поўдзень.
Чаму рэгістрацыя арлана-даўгахвоста ў Беларусі — сэнсацыя?
Від, які жыве на поўдзень ад Гімалаяў, складана спаткаць па-за межамі гнездавога арэалу нават у Азіі. А ў выпадку Беларусі арлан зьдзейсьніў вандроўку даўжынёй сама меней 5 тысяч кілямэтраў.
Арлан-даўгахвост знаходзіцца на мяжы зьнікненьня. Колькасьць птушак асабліва зьнізілася ў другой палове ХХ ст., прычыны дакладна ня вызначаныя. Гэта адзіная птушка паўночнага паўшар'я (прынамсі драпежная), якая размнажаецца на поўдні свайго арэалу ўзімку і мігруе на поўнач на летні пэрыяд.
Вядомыя толькі адзінкавыя сустрэчы арланаў-даўгахвостаў у суседніх Расеі, Украіне і Польшчы. У Беларусі ён упершыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнічак: птушкі (1). Як па-беларуску „ворон“ і што кажа зязюля. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнічак: птушкі (2). Хто такая берасьцянка і што азначаў вокліч „гракі прыляцелі!“. ВІДЭА