Польскія ўлады заявілі пра гатоўнасьць дапамагчы мігрантам, якія ўжо больш за тыдзень знаходзяцца на беларуска-польскім памежжы. МЗС Польшчы апублікавала адмысловую заяву, у якой паведаміла пра дыпляматычную ноту, накіраваную афіцыйнаму Менску.
У Варшаве адзначаюць, што заклапочаныя сытуацыяй з групай мігрантаў, таму з гуманітарных меркаваньняў плянуюць накіраваць ім рэчавую дапамогу: намёты, ложкі, спальныя мяшкі, коўдры, піжамы, сродкі асабістай гігіены, а таксама пры неабходнасьці харчы і лекі.
У заяве таксама падкрэсьліваецца, што пры згодзе беларускага боку ўезд калёны будзе плянавацца «праз найбліжэйшы пункт пропуску празь мяжу і будзе праходзіць па самым кароткім маршруце да месца знаходжаньня мігрантаў».
Паблізу памежнай вёскі Горны Уснар на польска-беларускім памежжы заставалася група з 32 мігрантаў з Афганістану. Яны кіраваліся з Азіі празь Беларусь у Эўразьвяз, але польская памежная варта не прапусьціла іх у краіну. Афганцы пачалі жыць на памежжы, дзе знаходзяцца ўжо больш за тыдзень. Як раніцай 23 жніўня паведаміў тэлеканал TVP, частку мігрантаў пусьцілі назад беларускія памежнікі, і цяпер група зьменшылася да 24 чалавек. За мінулыя суткі польскі бок зафіксаваў яшчэ каля 80 спробаў нелегальнага пераходу мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наплыў мігрантаў на літоўскай мяжы істотна зьнізіўся, на польскай застаецца група афганцаўПраваабарончая арганізацыя «Ocalenie» заявіла пра тое, што кожны з 32 афганскіх уцекачоў папрасіў міжнароднай абароны ва ўладаў Польшчы, але нікога па-ранейшаму не пусьцілі. Прадстаўнік фонду заявіў прэсе, што афганцы вымушаныя выжываць у антысанітарных умовах і «польскія памежнікі робяцца падобнымі да беларускіх» праз свае дзеяньні.
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі патлумачыў узмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы тым, што Лукашэнка працягвае карыстацца «мігрантамі, уцекачамі і наогул людзьмі як інструмэнтам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія памежнікі выратавалі 12 мігрантаў з вострава сярод затокаў ракі Нараў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі мігрантаў зь Беларусі спрабавалі перайсьці мяжу Латвіі і Літвы за мінулыя суткі