Сем дзён жніўня 1991 году былі аднымі з самых крытычных у найноўшай гісторыі Беларусі. Пачалося са спробы асобных кіраўнікоў СССР умацаваць камуністычную імпэрыю — скончылася абвяшчэньнем незалежнасьці рэспублік.
Як гэта адбывалася? Хроніка падзеяў 22 жніўня 1991 г.
- У 00.04 самалёт з Гарбачовым, членамі ягонай сям'і і народнымі дэпутатамі РСФСР прызямляецца ў Маскве.
- Генэральны пракурор РСФСР аддае распараджэньне аб арышце членаў ГКЧП.
- Міністар унутраных спраў СССР, член ГКЧП Барыс Пуга скончвае жыцьцё самагубствам.
- У Маскве адбываецца шматтысячны мітынг перад Белым домам.
- Прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын падпісвае ўказ аб зьмене дзяржаўнага сьцягу Расеі — ім робіцца трыкалёр.
- Дэпутаты Апазыцыі БНФ зьбіраюць больш за 80 подпісаў народных дэпутатаў з патрабаваньнем скліканьня нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету БССР.
- Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР вымушаны прызначыць нечарговую сэсію на 24 жніўня.
- Дэпутаты БНФ у 363 пакоі пачынаюць працу над пакетам законапраектаў аб Незалежнасьці Беларусі.
- З вокнаў Апазыцыі БНФ у Доме ўраду на плошчу вынесены бел-чырвона-белы сьцяг — яго прынёс і ўмацаваў дэпутат Алесь Шут.
- У Маскве на плошчы перад будынкам КДБ людзі дэмантуюць помнік Дзяржынскаму.