Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень трэці: путч правальваецца, Дземянцей баіцца, што павесяць «на вяроўцы бяз мыла», Гарбачоў вяртаецца ў Маскву


Барыкады ля Белага дому ў Маскве, 21 жніўня 1991
Барыкады ля Белага дому ў Маскве, 21 жніўня 1991

Сем дзён жніўня 1991 году былі аднымі з самых крытычных у найноўшай гісторыі Беларусі. Пачалося са спробы асобных кіраўнікоў СССР умацаваць камуністычную імпэрыю — скончылася абвяшчэньнем незалежнасьці рэспублік.

Як гэта адбывалася? Хроніка падзеяў.

  • Ля Белага дому ў Маскве, дзе месьціўся Вярхоўны Савет РСФСР і знаходзіўся Барыс Ельцын, зрасталіся на ноч некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
Мсьціслаў Растраповіч сярод абаронцаў Белага дому
Мсьціслаў Растраповіч сярод абаронцаў Белага дому
  • У Маскве ўначы загінулі 22-гадовы Дзьмітрый Комарь, 28-гадовы Ільля Крычэўскі і 37-гадовы Дзьмітры Вусаў, якія на ўезьдзе ў тунэль на Калінінскім праспэкце спрабавалі спыніць калёну бронетэхнікі.
Канцэрт памяці загіблых абаронцаў дэмакратыі ў Маскве, 1991 год.
Канцэрт памяці загіблых абаронцаў дэмакратыі ў Маскве, 1991 год.
  • Камандзір падразьдзяленьня КДБ «Альфа» атрымаў загад вывучыць магчымасьць штурму будынку Вярхоўнага Савета РСФСР, дзе знаходзіўся штаб прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына і ягонага арышту.
  • Камандаваньне «Альфы», правёўшы рэкагнасцыроўку, прыйшло да высновы, што штурм будынку зойме каля 15 хвілінаў, аднак давядзецца прарывацца праз натоўп і колькасьць ахвяраў можа дасягнуць некалькіх тысячаў чалавек.
  • Пад раніцу, даведаўшыся пра гібель Комаря, Крычэўскага і Вусава, міністар абароны СССР маршал Дзьмітрый Язаў аддаў загад аб вывадзе войскаў з Масквы.
  • Фактычна, не правядзеньне «Альфай» штурму Белага дому і загад Язава вывесьці войскі з Масквы перадвызначылі паразу ГКЧП.
  • Некалькі членаў ГКЧП, у тым ліку і старшыня КДБ Кручкоў, вылецелі ў Крым для перамоў з прэзыдэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым, аднак Гарбачоў адмовіўся іх прыняць.
  • Адразу пасьля аднаўленьне сувязі Гарбачоў скасоўвае рашэньні ГКЧП і тэлефануе кіраўнікам рэспублік, у тым ліку і старшыні Вярхоўнага Савета БССР Мікалаю Дземянцею. Той дакладае прэзыдэнту СССР, што «у Беларусі ўсё было ў межах Канстытуцыі».
  • Пасьля размовы з Гарбачовым да Дземянцея прыйшлі дэпутаты Апазыцыі БНФ, якія ізноў запатрабавалі склікаць нечарговую сэсію. «Што вы са мной зробіце, павесіце на вяроўцы бяз мыла?» — запытаўся Дземянцей.
Belarus - запіс сустрэчы дэпутатаў Апазыцыі БНФ з М. Дземянцеем, 21 жніўня 1991. З архіву С. Навумчыка
Belarus - запіс сустрэчы дэпутатаў Апазыцыі БНФ з М. Дземянцеем, 21 жніўня 1991. З архіву С. Навумчыка
  • У Менску на плошчы перад Домам ураду на заклік БНФ адбыўся мітынг з патрабаваньнем склікаць нечарговую сэсію.
  • Да Гарбачова прыляцела і дэлегацыя паплечнікаў Ельцына на чале з віцэ-прэзыдэнтам РСФСР Аляксандрам Руцкім. На іх самалёце Гарбачоў разам з членамі сям’і і вяртаецца ў Маскву.
Гарбачоў у першыя хвіліны па вяртаньні ў Маскву з Фаросу
Гарбачоў у першыя хвіліны па вяртаньні ў Маскву з Фаросу
  • Тым жа самалётам вязуць і старшыню КДБ Кручкова — каб лайнэр ня быў зьбіты па загаду кіраўніцтьва КДБ. Па прылёце ў Маскву Кручкова арыштоўваюць, як і іншых членаў ГКЧП.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG