Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень другі: дэпутаты БНФ праводзяць мітынг, шахтары Салігорску заяўляюць пра страйк


Выступае дэпутат Апазыцыі БНФ Валянцін Голубеў. Фота Ўладзімера Кармілкіна
Выступае дэпутат Апазыцыі БНФ Валянцін Голубеў. Фота Ўладзімера Кармілкіна

Сем дзён жніўня 1991 году былі аднымі з самых крытычных у найноўшай гісторыі Беларусі. Пачалося са спробы асобных кіраўнікоў СССР умацаваць камуністычную імпэрыю — скончылася абвяшчэньнем незалежнасьці рэспублік.

Як гэта адбывалася? Хроніка падзеяў.

  • 20 жніўня 1991 году прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў застаецца ў сваёй рэзыдэнцыі ў крымскім Фаросе ў поўнай ізаляцыі, з адключанымі тэлефонамі.
  • Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын знаходзіцца ў Белым доме ў Маскве і заклікае рэгіянальныя расейскія ўлады не падпарадкоўвацца рашэньням ГКЧП.
  • У Расеі пачаўся палітычны страйк шахтароў аб’яднаньня «Варкутавугаль», а таксама ў Междурэчынску, Северадзьвінску, Пракоп'еўску, Навакузьнецку.
  • У Менску раніцай ня выйшаў нумар газэты «Знамя юности» — друкарня ЦК КПБ адмовілася яго друкаваць, бо ў нумары былі публікацыі супраць путчыстаў.
  • На Беларускім радыё прагучала інтэрвію намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Васіля Шаладонава з падтрымкай ГКЧП. Ён заявіў, што верыць «тым людзям, якія заяўляюць, што прэзыдэнт хворы... Сёньня я прачытаў у „Народнай газэце“ заяву народных дэпутатаў склікаць нечарговую сэсію. Я ня бачу ў гэтым неабходнасьці. Калі Прэзыдыюм палічыць, што нейкае рашэньне патрабуе ацэнкі шырокага кола дэпутатаў, ён у любым выпадку зьбярэцца; і ня будзе Прэзыдыюм ніколі прымаць рашэньні, якія супярэчылі б разьвіцьцю дэмакратыі й стабілізацыі становішча ў цэлым па рэспубліцы».
  • Першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў выступіў у падтрымку ГКЧП.
  • Дэпутаты Апазыцыі БНФ зьвярнуліся да дэпутатаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ведамстваў Беларусі з заклікам не выконваць загадаў ГКЧП, «разам з усімі людзьмі добрай волі адстаяць сувэрэнітэт Рэспублікі, правы чалавека, законы і дэмакратычныя пераўтварэньні». Таксама дэпутаты БНФ зьвярнуліся да вайскоўцаў Беларускай вайсковай акругі з заклікам не выконваць загадаў ГКЧП.
  • 29 дэпутатаў Менскага гарсавету (у тым ліку Міхась Бусьнюк, Алесь Бяляцкі, Галіна Вашчанка, Агдрэй Завадзкі, Рыгор Куневіч, Міхась Расолька, Міраслаў Кобаса, Міхась Пліска, Валер Несьцер) заклікалі жыхароў сталіцы не падпарадкоўвацца ГКЧП.
Дэпутат Менскага гарсавету Галіна Вашчанка (зьлева) на мітынгу БНФ супраць путчу
Дэпутат Менскага гарсавету Галіна Вашчанка (зьлева) на мітынгу БНФ супраць путчу
  • У Пінску на патрабаваньне дэпутатаў гарсавету – сяброў БНФ на чале зь Яўгенам Шатохіным была скліканая нечарговая сэсія, якая асудзіла путчыстаў.
  • Страйкам у Салігорску заявіў пра гатоўнасьць пачаць страйк з патрабаваньнем спыненьня дзейнасьці ГКЧП.
  • У Доме ўраду адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР. Прапанова дэпутатаў Апазыцыі БНФ склікаць нечарговую сэсію ВС падтрыманая не была. Таксама большасьць членаў Прэзыдыюму не пагадзіліся асудзіць путчыстаў. Аднак супраць ГКЧП выказаліся сямёра членаў Прэзыдыюму — Станіслаў Шушкевіч, Пётра Садоўскі, Дзьмітры Булахаў, Генадзь Карпенка, Валер Курдзюкоў, Міхаіл Сьлямнёў і Аляксандар Сасноў.
Выступае член Прэзыдыюму ВС БССР Аляксандар Сасноў
Выступае член Прэзыдыюму ВС БССР Аляксандар Сасноў
  • Кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё БССР адмовіла члену Прэзыдыюму ВС БССР Міхаілу Сьлямнёву ў радыёэфіры для выказваньня пазыцыі супраць путчу.
  • У Воршу ўведзены АМАП, байцы якога затрымалі ўдзельнікаў інфармацыйнага пікету БНФ Дзядзенку і Сініцыну, вызваліць якіх удалося толькі пасьля ўмяшаньня дэпутата Вярхоўнага Савету Яўгена Глушкевіча.
Дэпутат Вярхоўнага Савету ад БНФ Сяргей Антончык на мітынгу супраць путчу
Дэпутат Вярхоўнага Савету ад БНФ Сяргей Антончык на мітынгу супраць путчу
  • Увечары на плошчы перад Домам ураду (тады — плошчы Леніна) сабраўся мітынг, які быў аформлены як сустрэча дэпутатаў БНФ з выбарнікамі. У ім узялі ўдзел каля тысячы чалавек. Дэпутаты Пётра Садоўскі, Уладзімер Заблоцкі, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Алег Трусаў расказалі пра паседжаньне Прэзыдыюму ВС, які адмовіўся склікаць нечарговую сэсію, заклікалі людзей падтрымаць Апазыцыю БНФ.
  • На мітынгу падпалкоўнік Мікола Статкевіч зачытаў заяву аб стварэньні Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ).
  • У Маскве вакол Белага дому сабралося больш як 100 тысяч чалавек. Людзі пачалі рабіць барыкады ў чаканьні штурму будынку расейскага ўраду.
Каля Белага дому ў Маскве
Каля Белага дому ў Маскве

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG