Юлія Слуцкая, Пётра Слуцкі, Ала Шарко і Сяргей Альшэўскі прабылі за кратамі амаль восем месяцаў. Паводле інфармацыі, апублікаванай «Прэс-клюбам», усіх іх вызвалілі «па памілаваньні» нягледзячы на тое, што суд у іхнай справе так і не пачаўся. Таксама вядома, што ўсе яны напісалі адпаведныя прашэньні на імя Лукашэнкі.
За кратамі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску застаюцца яшчэ два чалавекі, арыштаваныя ў адзін дзень са Слуцкай і іншымі ўдзельнікамі «Прэс-клюбу». Гэта былыя супрацоўнікі БТ Ксенія Луцкіна і Дзяніс Сакалоўскі.
Ксенія Луцкіна звольнілася з БТ у канцы жніўня, пасьля 15 гадоў працы на дзяржаўнай тэлевізіі. Паводле самой Луцкінай, яна звольнілася на ўласнае жаданьне. Карэспандэнтка была сярод тых, хто ўдзельнічаў у страйку на «Белтэлерадыё». У інтэрвію Свабодзе яна адкрыта расказала, што ня згодная з палітыкай кіраўніцтва кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З БТ звольнілася аўтарка дзясяткаў фільмаў пра гісторыю БеларусіНеўзабаве пасьля звальненьня Луцкіна ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, створанай пасьля выбараў прэзыдэнта 9 жніўня з мэтай перамоваў з уладамі аб выхадзе з палітычнага крызісу, спыненьні гвалту і правядзеньні новых справядлівых выбараў.
«Мае 15 гадоў у Белтэлерадыёкампаніі былі вельмі рознымі, вельмі насычанымі, — напісала Луцкіна ў сваім фэйсбуку пасьля звальненьня. — Я вельмі рада таму, што яны былі, рада тым сустрэчам, якія былі і яшчэ будуць, удзячная тым людзям, зь якімі працавала, сябравала і буду сябраваць. 15 гадоў скончыліся... пачынаецца нешта новае».
Яшчэ да свайго афіцыйнага звальненьня з БТ Ксенія Луцкіна расказала Свабодзе пра пачатак працы над новым незалежным відэапраэктам, які мусіў неўзабаве зьявіцца на YouTube.
«Мы далей страйкуем і прыйшлі да высновы, што наш пратэст можа праяўляцца двума спосабамі — праводзіць свае акцыі і далучацца да іншых, буйнейшых, якія будуць праходзіць у горадзе, — расказвала ў жніўні 2020 году Ксенія. — А паколькі мы журналісты, то прыйшлі да высновы, што можам штосьці здымаць там. Мы абмяркоўваем магчымасьць стварэньня прадукту для нейкай плятформы. Мы не ідыёты, мы разумеем, што стварыць паўнавартасны канал магчымасьці няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хутчэй за ўсё, гэта будзе YouTube». Супрацоўнікі БТ, якія страйкуюць, абмяркоўваюць стварэньне ўласнай прадукцыіЗатрымалі Ксенію Луцкіну ўдзень 22 сьнежня 2020 году непадалёк ад ЦУМу. Яна пасьпела паведаміць пра затрыманьне родным, неўзабаве ў яе дома адбыўся ператрус. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, цікавасьць да Луцкінай з боку спэцслужбаў узьнікла, бо яна магла кансультавацца ў справе адкрыцьця свайго будучага YouTube-каналу з прадстаўнікамі «Прэс-клюбу».
Як і супрацоўнікаў «Прэс-клюбу», Ксенію Луцкіну абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, яе зьмясьцілі ў СІЗА № 1 у Менску. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Ксеніі таксама прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, аднак яна адмовілася гэта рабіць.
Сытуацыю вакол Ксеніі Луцкінай пасьля вызваленьня пракамэнтавала Юлія Слуцкая.
«На ўсіх допытах мы заўжды гаварылі, што Ксенія і яе апэратар (Дзяніс Сакалоўскі. — РС) ня маюць ніякага дачыненьня да дзейнасьці „Прэс-клюбу“. Ксенія адзін раз удзельнічала ў хакатоне, які праводзіў „Прэс-клюб“, і ейны праект быў у ліку пераможцаў. Я бачыла яе адзін раз у „Прэс-клюбе“ і тое мімаходам. Другі раз я пабачыла яе ўжо ў Сьледчым камітэце».
Паводле Слуцкай, Луцкінай выставілі новае абвінавачваньне паводле артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля амаль 8 месяцаў за кратамі выйшлі на волю сябры «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая, Пётра Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і Ала ШаркоЯшчэ адзін магчымы фігурант «справы Прэс-клюбу» — былы апэратар БТ Дзяніс Сакалоўскі. Як і Ксенія Луцкіна, ён звольніўся з «Белтэлерадыёкампаніі», дзе прапрацаваў больш за 10 гадоў, неўзабаве пасьля выбараў 2020 году. Сакалоўскага таксама затрымалі 22 сьнежня 2020-га і абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.
20 жніўня тэлеграм-канал палітвязьня Рамана Пратасевіча паведаміў, што вызваленыя супрацоўнікі «Прэс-клюбу» кампэнсавалі нібыта нанесеную імі шкоду дзяржаве ў памеры 200 тысяч рублёў. Таксама Пратасевіч паведаміў, што неўзабаве з-за кратаў можа выйсьці апэратар Дзяніс Сакалоўскі, які прызнаў віну і напісаў прашэньне аб памілаваньні. Вызваленьне Ксеніі Луцкінай тэлеграм-канал Пратасевіча пакідае пад пытаньнем і сьцьвярджае, што ў найбліжэйшы час яе абвінавачаньне будзе перакваліфікаванае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тое, што адбылося, незаконна». Юрыст пра «памілаваньне» неасуджаных супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты