Лукашэнка шукае і ня можа знайсьці прымальны для сябе мэханізм транзыту ўлады, — палітоляг

Аляксандар Лукашэнка сыходзіць зь мітынгу сваіх прыхільнікаў 16 жніўня 2020 году

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Вадзім Мажэйка дае 4 прычыны таго, чаму ўлада зрабіла стаўку на рэпрэсіі, разважае, да чаго можа прывесьці ўзвышэньне сілавікоў, і заяўляе, што Лукашэнка дагэтуль не знайшоў удалага для сябе варыянта транзыту ўлады.

Сьцісла

  • Палітычны крызіс у Беларусі сёньня працэнтаў на 90 падтрымліваецца выключна дзеяньнямі ўладаў
  • Цяпер уладам і спыняць рэпрэсіі страшна, і павялічваць іх страшна, так што атрымліваецца ні рыба ні мяса.
  • Узмацненьне сілавікоў, якое цяпер адбываецца, стратэгічна для Лукашэнкі некарыснае і небясьпечнае.
  • Лукашэнка шукае і ня можа знайсьці прымальны для сябе мэханізм транзыту ўлады, пры якім ён бы захоўваў уплыў на сыстэму.

— 18 жніўня адбыліся чарговыя затрыманьні беларускіх незалежных журналістаў, улада працягвае «сэктаральныя» рэпрэсіі, калі затрымліваюць не асобных людзей за нейкія канкрэтныя дзеяньні, а проста за працу ў нейкай структуры, напрыклад у незалежных СМІ. Улада працягвае сваю стратэгію масавых рэпрэсіяў. Адны называюць гэта помстай грамадзянскай супольнасьці, іншыя бачаць у гэтай стратэгіі даволі рацыянальныя матывы. Як бы вы патлумачылі гэтыя матывы?

Вадзім Мажэйка

— Па-першае, пастаўлена мэта разграміць усіх тых, хто ўладам непрыемны, найперш грамадзкія арганізацыі і незалежныя СМІ. Дастаць тэлеграм-каналы, якія працуюць з-за мяжы, яны ня могуць, таму выбіраюць мішэні, якія дасягальныя, якія ўнутры краіны.

Па-другое, гэта спроба выклікаць страх у грамадзтве — калі б’юць па адных, а баяцца павінны ўсе іншыя, якія мусяць разумець, што лёгка могуць стаць наступнымі. Супрацоўнікі БелаПАН, па якіх прыйшлі 18 жніўня, у сваіх ранейшых выказваньнях у сацсетках прызнавалі, што цудоўна разумеюць, што могуць стаць наступнымі, але працягвалі прафэсійна выконваць сваю працу.

Па-трэцяе, рэпрэсіі — гэта «адказ» на санкцыі. Менск спрабуе прадэманстраваць, што ён не мяняе сваіх паводзінаў, не згінаецца, а толькі ўзмацняе рэпрэсіі, каб паказаць, што «вы ня можаце нас нахіліць».

Чацьвёртае — гэта жаданьне некаторых сілавікоў выслужыцца, атрымаць чарговую зорачку на пагоне. Такі сілавік прыкідвае, каго б яшчэ рэпрэсаваць, дзе б яшчэ знайсьці «ворага народу». Таму часам тут няма ніякай стратэгіі, а проста сілавікі шукаюць, па каго б яшчэ прыйсьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улада баіцца праўды, разьбівае люстэрка, у якое глядзіць». Чым адметны для Беларусі БелаПАН

— З гэтага пункту гледжаньня, у якой сытуацыі ўлада будзе вымушана (ці пад ціскам унутраных альбо вонкавых абставінаў) адысьці ад стаўкі на рэпрэсіі? Што можа змусіць да гэтага?

— Парадокс сытуацыі ў тым, што палітычны крызіс у Беларусі сёньня працэнтаў на 90 падтрымліваецца выключна дзеяньнямі ўладаў. Нягледзячы на ўсю рыторыку, што яны перамаглі, працягваюцца рэпрэсіі і затрыманьні, разгром недзяржаўных арганізацыяў і прэсы. То бок улада заяўляе, што ўсё ў грамадзтве спакойна, а сама толькі падганяе крызіс сваімі дзеяньнямі.

Вядома, у стратэгічным сэнсе ўлада зацікаўленая, каб нармалізаваць сытуацыю, прывесьці яе ў нейкую раўнавагу. Але выглядае, што зараз яна гэтага не рызыкуе рабіць. Бо рэпрэсіі ўжо разагнаныя, і ў такіх выпадках яны працуюць паводле нейкіх сваіх унутраных законаў. І тут варта нагадаць, што заўсёды ў гісторыі масавыя рэпрэсіі працягваліся тым, што пад рэпрэсіі траплялі тыя, хто рэпрэсаваў іншых.

Але ўлада баіцца спыніць рэпрэсіі, бо незразумела, што будзе далей, як павядзе сябе грамадзтва. Улада ўжо мае досьвед, калі пасьля страшных зьверстваў і катаваньняў 9–12 жніўня 2020 году яны вымушаныя былі спыніць рэпрэсіі — і ў адказ атрымалі рэкордныя па масавасьці маршы пратэсту 16 і 23 жніўня. У выніку цяпер уладам і спыняць рэпрэсіі страшна, і павялічваць іх страшна, так што атрымліваецца ні рыба ні мяса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год таму па ўсёй Беларусі прайшлі грандыёзныя мітынгі прыхільнікаў пераменаў. Фота, відэа

— Вы сказалі, што ў сёньняшняй Беларусі рэпрэсіі ўжо працуюць па нейкіх сваіх унутраных законах. Ці можа такая сытуацыя несьці нейкую пагрозу самому Аляксандру Лукашэнку? Ці можа ён адчуваць, што сілавікі ўзмацніліся настолькі, што ў нейкі момант могуць падумаць, што ён ім не патрэбен? Ці гэта не пра беларускіх сілавікоў, якія ўмеюць толькі выконваць загады і ня здольныя задумацца пра ўласную палітычную сілу?

— Традыцыйна беларускія сілавікі ня маюць палітычных амбіцыяў — прынамсі, ніколі гэтага не дэманстравалі. Але з другога боку, зразумела, што ў любой краіне, дзе здарыўся вайсковы пераварот альбо ягоная спроба, калісьці гэта здарылася ўпершыню. Цяпер сілавікі — фактычна адзінае апірышча для Лукашэнкі. Але гэта нязвыкла і ненармальна для ягонага палітычнага стану. Раней звычайна было, што сілавікі даволі часта мяняюцца на сваіх пасадах, ня маюць палітычнага ўплыву і ўраўнаважваюць адзін аднаго. А цяпер сілавікі сталі незаменнымі для палітычнага выжываньня Лукашэнкі, які дэкрэтам «на выпадак сваёй сьмерці» узмацніў іхны статус.

Гэта ў нечым падобна на сытуацыю з замежнай палітыкай, дзе Лукашэнка таксама заўсёды спрабаваў балянсаваць паміж заходнім і ўсходнім вэктарам, але цяпер усходні вэктар узмацніўся непрапарцыйна. Так што ўзмацненьне сілавікоў, якое цяпер адбываецца, стратэгічна для Лукашэнкі некарыснае і небясьпечнае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль Афганістан будзе тэмай дня, пра Беларусь усе забудуць». Ваенная карэспандэнтка пра тое, як крызісам можа скарыстацца Лукашэнка

— Лукашэнка нібыта даўно, ужо неаднойчы, абвясьціў пра транзыт улады, на гэта будзе накіраваны абвешчаны канстытуцыйны рэфэрэндум. Але апошнія тыдні ў ягоных выказваньнях гучаць ноткі, што цяперашняя Канстытуцыя не такая і кепская, ці так ужо неабходна нешта мяняць і гэтак далей. Ці магчымы варыянт, што ён адмовіцца ад усіх сваіх публічных абяцаньняў і адменіць любую форму транзыту ўлады?

— Тое, што адбываецца цяпер, гэта такі прыклад пракрастынацыі старога кіраўніка, які разумее, што патрэбен нейкі транзыт, але ўнутры сябе нічога мяняць ня хоча і не ўяўляе, як гэта зрабіць. Праблема ў тым, што Лукашэнка шукае і ня можа знайсьці прымальны для сябе мэханізм транзыту ўлады, пры якім ён бы захоўваў уплыў на сыстэму. Так пайсьці, каб не сыходзіць.

Той варыянт, дзе ён становіцца старшынём прэзыдыюму Ўсебеларускага сходу, паказвае, што фаварытам пакуль зьяўляецца казахстанская мадэль, паводле якой пасаду пакінуў Назарбаеў. Магчыма, гэты варыянт застаецца для яго асноўным — але не таму, што ён настолькі ўдалы, а таму, што няма лепшых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Халезін тлумачыць, чаму санкцыі ЗША ня ўдасца абысьці і што такое тактыка тысячы парэзаў

Можна нагадаць, што Назарбаеў пайшоў сам, са сваёй ініцыятывы, а не пад ціскам вуліцы ды замежных партнэраў. Але нават той сыход не адбыўся спакойна: былі масавыя акцыі, былі палітычныя сутыкненьні, праблемы са сваякамі, у тым ліку з дачкой Назарбаева.

Відавочна, што ў Лукашэнкі ў такім варыянце сыходу праблемаў будзе яшчэ болей. Існуе рызыка, што такі транзыт стане некантраляваным і што канфігурацыі элітаў пачнуць будавацца без удзелу Лукашэнкі. Вядома, ён гэтага баіцца. І паколькі ўдалага ідэальнага варыянту транзыту ён ня мае, то зацягвае час з надзеяй, што нейкія абставіны зьменяцца і складзецца больш спрыяльная сытуацыя. Але з другога боку, магчыма зусім іншае — калі ён будзе спрабаваць бясконца адкладаць гэты момант, то, наадварот, можа стаць горш, і тады той самы варыянт прыйдзецца ажыцьцяўляць у больш складанай сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для Масквы Лукашэнка зьяўляецца галоўным бар’ерам на шляху прасоўваньня расейскіх стратэгічных інтарэсаў, — Сівіцкі