Трох жыхарак Горадні асудзілі за марш 6 верасьня летась
Ганьне Мароз, Але Гарацкевіч і яе дачцэ Галіне Гарацкевіч сёньня былі вынесеныя прысуды.
Аб гэтым паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».
Жанчын судзілі за ўдзел у пратэстным маршы ў Горадні на вуліцы Гарнавых 6 верасьня 2020 года. Іх вінавацілі паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады ці якія пацягнулі парушэньне працы транспарту), а таксама арт. 364 КК РБ (Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
У прысудзе судзьдзя Кастрычніцкага раёну Горадні Максім Галубовіч перакваліфікаваў артыкул 364 КК РБ на частку 2 артыкулу 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананьні ім абавязкаў па ахове грамадзкага парадку) і ў сукупнасьці па двух артыкулах прызначыў усім тром жанчынам пакараньне:
- Але Гарацкевіч — 2 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»);
- Галіне Гарацкевіч — 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
- Ганьне Мароз — 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Тры гады «хіміі» за дзесяць хвілін на маршы
16 жніўня ў судзе Заводзкага раёну Менску вынесьлі прысуд Дзьмітрыю Белікаву. Яго прызналі вінаватым паводле арт.342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Справу разгледзела судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч, паведаміла «Вясна».
Дзьмітрыя Белікава прызналі вінаватым у тым, што летась 20 верасьня ён далучыўся да мітынгу ў складзе групы з 800 чалавек, прыняў актыўны ўдзел у ім, парушыў працу транспарту, таксама меў з сабой сьцяг. Гэта пацьверджана відэазапісам, на якім мужчына пазнаў сябе.
Дзяржабвінаваўца палічыў, што наўмысны ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах пацьвярджаецца тым, што ў тэлефоне абвінавачанага знойдзеныя адпаведныя фатаздымкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краязнаўцу далі 7 сутак за тое, што апублікаваў архіўнае фота, якое ўслаўляе подзьвіг савецкіх салдатДзьмітры Белікаў прызнаў сябе вінаватым у актыўным удзеле ў падзеях, а таксама ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Ён раскаяўся і сказаў, што больш ня будзе так рабіць.
Пры гэтым адвакат Белікава адзначыў, што абвінавачаньне бяздоказнае: час знаходжаньня мужчыны на праезнай частцы абвяргаецца пісьмовымі матэрыяламі справы. Ён падкрэсьліў, што падабаронны далучыўся да мітынгу неўсьвядомлена, калі выходзіў з крамы, агульны час ягонага ўдзелу ў мерапрыемстве не перавысіў 10 хвілінаў.
Таксама адвакат нагадаў, што няма доказаў спыненьня транспарту ў той час і ў тым месцы, дзе быў Дзьмітры Белікаў, а ягонае фота зьнята з тратуару, а не з праезнай часткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ня стаў дрэсіраваным». Што піша з турмы блогер MozgON
У Віцебску працэс зрабілі закрытым з прычыны апублікаванага фатаздымка
У судзе Першамайскага раёну Віцебску пачаўся судовы працэс над 35-гадовым Сяргеем Дума́вам, паведаміла «Віцебская Вясна». Супраць яго выставілі абвінавачаньні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Паводле ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) мужчыну пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Яго таксама вінавацяць паводле ч. 1 арт. 13 КК, ч.3 арт. 293 КК, арт. 341 КК. Справу разглядае судовая калегія пад старшынёўствам судзьдзі Міхаіла Юрчанкі.
Суд зрабілі закрытым дзеля бясьпекі ўдзельнікаў працэсу, на яго пусьцілі толькі сваякоў па пашпартах. Адпаведнае хадайніцтва падала пракуратура на той падставе, што без дазволу ці апавяшчэньня суду на інтэрнэт-рэсурсах быў разьмешчаны фатаздымак абвінавачанага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Латыпаву, які спрабаваў у судзе забіць сябе, прысудзілі 8 з паловай гадоў зьняволеньня. ВІДЭА22 сакавіка Сяргея Думаву затрымалі ў сувязі з пачаткам адміністрацыйнага працэсу паводле арт. 23. 4 КаАП па факце расклейваньня налепак. Падчас ператрусу ў гаражы знайшлі дымавыя шашкі, страйкбольныя гранаты, пэтарды, мэталічны трафарэт герба «Пагоня», мэталёвыя шыпы ды іншае.
Паводле абвінавачаньня, мужчына ажыцьцяўляў у сеціве распаўсюд інфармацыі аб спосабах перасоўваньня ў ходзе масавых беспарадкаў асабістых транспартных сродкаў і перашкодах дзеяньням супрацоўнікам праваахоўных органаў.
У межах крымінальнай справы Сяргей Думава не даваў прызнальных паказаньняў і віны сваёй не прызнаў. Патлумачыў, што раней агаварыў сябе пад пагрозай псыхалягічнага ўзьдзеяньня і запалохваньня, датычнага ягонай сям’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вырашыў адпомсьціць». Чыноўніцу зь Ліды асудзілі за абразу міліцыянтаУ якасьці сьведкі быў апытаны супрацоўнік РАУС Першамайскага раёну Тарасенка, які ў дзень затрыманьня Думавы ў складзе сьледчай групы выяжджаў на месца нанясеньня надпісу «Жыве Беларусь!» у вёсцы Арэхава.
На судзе міліцыянт запэўніваў, што падчас апытаньня не чынілася ні псыхалягічнага, ні фізычнага ціску.
Сяргей Думава — былы канструктар прамысловых і грамадзкіх будынкаў. Займаўся праектаваньнем гарадзкой забудовы Віцебску. Два гады таму яго звольнілі зь працы, доўгі час ён ня мог нідзе ўладкавацца і пайшоў працаваць вартаўніком. Выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах