Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуяцс заявіў, што латвійскія памежнікі сёлета не дапусьцілі прыезду ў краіну ўжо 395 парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. Іх вярнулі ў Беларусь, паведамляе сайт памежнай аховы.
«Таксама вызначаны шэраг іншых групаў мігрантаў, якія жадаюць уехаць у краіну, вядзецца праца для іх вяртаньня ў Беларусь».
Аднак, паводле Пуяцса, многіх мігрантаў затым не пускае да сябе Беларусь, зь якой яны плянавалі трапіць у Латвію, а затым іншыя краіны Эўразьвязу.
Латвійскія ж памежнікі тлумачаць парушальнікам мяжы, што сваімі дзеяньнямі яны могуць трапіць пад Крымінальны кодэкс Латвіі — у выніку большасьць пагаджаецца вярнуцца ў Беларусь, зь якой прыйшлі, а адтуль паляцець назад у Ірак. Аднак зрабіць гэта складана з прычыны дзеяньняў беларускіх памежнікаў, якія не перашкаджаюць пакідаць беларускую тэрыторыю, а назад ужо не пускаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі штурхаюць мігрантаў на тэрыторыю Латвіі, не пускаючы назад у Беларусь. ВІДЭАПры гэтым кожны выпадак перасячэньня мяжы, як запэўнівае кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі, ацэньваецца індывідуальна, «выбіраецца найбольш прыдатная тактыка». Напрыклад, аднаго мігранта ўлады ўсё ж прынялі, бо ён меў абмежаваную рухавасьць і ня мог даглядаць сябе паўнавартасна.
Рэкорд 2021 году быў усталяваны 12 жніўня, калі мяжу парушыў 101 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвію не пусьцілі яшчэ 88 мігрантаў, якія прыйшлі зь БеларусіУ сваю чаргу міністарка ўнутраных спраў суседняй Літвы Агне Білатайце заклікала Эўразьвяз зьмяніць ужо неактуальнае, на яе думку, міграцыйнае заканадаўства уніі, яе словы прыводзіць LRT.
«Заканадаўства ЭЗ у сфэрах аховы межаў, міграцыі і прыстанішча павінна даць магчымасьць Літве і іншым дзяржавам — сябрам ЭЗ эфэктыўна рэагаваць на кіраваньне незаконнымі міграцыйнымі патокамі падчас гібрыднай вайны», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МУС Літвы.
На нацыянальным узроўні літва апэратыўна ўнесла папраўкі ў заканадаўства — яны, на думку МУС, ня толькі дапамаглі стабілізаваць сытуацыю і спыніць міграцыйны паток, але і забясьпечылі выкананьне міжнародных абавязаньняў шляхам стварэньня заявак на прыстанішча ў памежных пунктах пропуску або транзытных зонах, а таксама ў дыпляматычных місіях або консульскіх установах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва разглядае ад мігрантаў з Азіі і Афрыкі каля 200 заяў на статус уцекача«Рэжым у суседняй Беларусі выкарыстоўвае мігрантаў як інструмэнт для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў. Гэта арганізаваная дзейнасьць, накіраваная на нанясеньне шкоды, таму адказ Эўразьвязу мусіць быць рашучым, а заканадаўства ЭЗ павінна рэагаваць на новую рэчаіснасьць і дакладна рэглямэнтаваць, якія дзеяньні могуць і павінны прымаць дзяржавы-члены, каб прадухіліць злоўжываньні з боку трэціх краін. Пытаньне трэба абмяркоўваць на самым высокім узроўні, таму я прашу прэзыдэнта падняць яго і ў Эўрапейскай Радзе, каб абараніць інтарэсы як нашай дзяржавы, так і ўсяго Эўразьвязу», — сказала Білатайце.
За 7,5 месяца 2021 году ў Літву зь беларускага боку незаконна праніклі ў 50 разоў больш мігрантаў, чым за цэлы 2020 год. Агулам — 4122 чалавекі. Паток рэзка зьменшыўся пасьля таго, як Літва перастала разьмяшчаць мігрантаў у намётавых лягерах, а пачала адпраўляць іх назад у Беларусь.
За 15 жніўня, як сьведчыць Дэпартамэнт статыстыкі, у Літве не затрымалі ніводнага мігранта — усіх разьвярнулі на мяжы. Пры гэтым LRT са спасылкай на Дзяржаўную памежную службу паведаміла, што некаторыя мігранты спрабавалі трапіць у Літву па некалькі разоў у розных месцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі: Сытуацыя ў Афганістане і дзеяньні Беларусі патрабуюць зьмяніць палітыку ЭЗ у справе міграцыі і наданьня прытулку