73-гадовы грамадзкі актывіст, распаўсюднік незалежнай прэсы зь Віцебску Барыс Хамайда адбыў арышт у 8 сутак за нібыта несанкцыянаваны адзіночны пікет. Два месяцы таму яго затрымалі каля так званага «сіняга дому», дзе ён распаўсюджваў беларускія выданьні пад бел-чырвона-белым парасонам, інфармуе «Радыё Рацыя».
Парасон у яго канфіскавалі, а цяпер з ІЧУ прыйшла афіцыйная папера, што Барыс Хамайда вінны за 8 дзён утрыманьня пад арыштам 116 рублёў. Плаціць іх дабраахвотна мужчына адмовіўся.
Па-першае, ён заявіў пра прынцыповую пазыцыю «не падтрымліваць грашыма дзейны рэжым», па-другое, лічыць, што ўмовы ўтрыманьня пад арыштам ня вартыя такіх грошай.
«Вады няма, унітазам карыстацца немагчыма, і я ніколі б ня наеў за 8 дзён на амаль 50 даляраў! Акрамя гэтага, яны ж сьвятло на ноч пакідалі, каб катаваньні зрабіць палітычным зьняволеным. Але электрычнасьць жа так не эканоміцца! Плаціць я не зьбіраюся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы патрабавалі разабрацца з катаваньнямі на Акрэсьціна. Што адказала пракуратураПаводле Барыса Хамайды, у віцебскім ІЧУ беспадстаўна парушаюцца правілы ўнутранага распарадку. Гэта і ўключанае па начах сьвятло, і забарона ляжаць удзень, якая тычыцца таксама выключна палітычных зьняволеных. Яму нават не дазволілі чытаць, хаця сябры адмыслова перадалі яму кнігу.
Адмовіўшыся плаціць за ўтрыманьне ў ізалятары, Хамайда ўсьведамляе, што грошы зь яго спагоняць прымусова: у яго і цяпер вылічваюць з пэнсіі 20% у кошт штрафу, прысуджанага ў мінулым сьнежні. Таму цяпер на рукі ён атрымлівае штомесяц усяго каля 300 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International: Крызіс з правамі чалавека ў Беларусі — сага жаху і адчаю, якой не відаць канца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За твар Лукашэнкі, якім вязень накрыў кубак, страшна білі і далі 25 дзён карцару». Як сядзяць у СІЗА крымінальнікі і палітвязьні