У канцы ліпеня «Вясна» апублікавала фатаздымкі, зробленыя ў ЦІП на Акрэсьціна адным зь вязьняў. На кадрах відаць, што камэра перапоўненая, людзі сьпяць на стале і на падлозе, пасьцельнай бялізны ў іх няма.
Беларусы склалі пэтыцыю і запатрабавалі праверыць, ці сапраўды ў ЦІПе ва ўсіх камэрах сытуацыя выглядае так, як на фота. І патрабавалі разабрацца. Пэтыцыя адправілася ў пракуратуру Менску, на зварот паступіў афіцыйны адказ.
«Паколькі пры падачы звароту не пададзены якія-небудзь дакумэнты, што пацьвярджаюць паўнамоцтвы на прадстаўленьне інтарэсаў тых адміністрацыйна арыштаваных грамадзян, хто зьмяшчаецца ў ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму, зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці. Грамадзяне, чые правы і інтарэсы парушаныя пры ўтрыманьні ў названай установе, маюць права самастойна зьвяртацца з адпаведнымі заявамі ў вызначаным заканадаўствам парадку».
За ўвесь час, які прайшоў зь 9 жніўня 2020 году, праз ЦІП на Акрэсьціна прайшлі тысячы людзей. Аднак ніводная асабістая скарга на ўмовы ўтрыманьня, праблемы зь ліставаньнем, катаваньні і пагрозы з боку адміністрацыі не знайшла ўхваленьня з боку ўладаў. Таксама супраць сілавікоў дасюль не завялі ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне паўнамоцтваў і праз падазрэньні ў зьнявазе асобы, катаваньнях і забойствах.