Як адзначаецца ў заяве, гэтыя парушэньні ўключаюць у сябе «незаконнае прымяненьне сілы, адвольныя затрыманьні, катаваньні і іншае жорсткае абыходжаньне, гвалтоўныя зьнікненьні і выкраданьні, а таксама палітычна матываваныя судовыя перасьледы па сфабрыкаваных абвінавачаньнях».
У арганізацыі зьвярнулі ўвагу на тое, што дзясяткі праваабарончых НКА і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасьці былі адвольна закрытыя, а многія іх супрацоўнікі арыштаваныя «як падазраваныя па сфабрыкаваных крымінальных справах» або былі вымушаныя пакінуць краіну.
У Amnesty International адзначылі, што «па меншай меры тры мірныя дэманстранты загінулі ў выніку прымяненьня сілы сілавікамі, а дзясяткі тысяч былі адвольна арыштаваныя і затрыманыя». «Сотні затрыманых скардзіліся на катаваньні. Гэтыя парушэньні не расьсьледаваліся, і падазраваным у зьдзяйсьненьні гэтых злачынстваў не было выстаўлена ніякіх абвінавачаньняў», — гаворыцца ў заяве.
«Сотні чалавек ужо названыя падазраванымі ў зьдзяйсьненьні крымінальных злачынстваў або асуджаныя і адпраўленыя ў турму на працяглыя тэрміны, у тым ліку адно дзіця. Крызіс з правамі чалавека ў Беларусі, які разгортваецца, — гэта сага жаху і адчаю, якой не відаць канца», — заявіла дырэктар Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс.
Паводле яе слоў, згодна зь міжнародным правам злачынствы, учыненыя супраць народу Беларусі, ня маюць тэрміну даўнасьці. «Астатні сьвет не павінен заставацца староньнім назіральнікам. Гэтая змрочная старонка будзе закрытая толькі тады, калі апошняй ахвяры парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі будзе дадзеная кампэнсацыя і ўсе вінаватыя ў парушэньнях правоў чалавека будуць прыцягнутыя да адказнасьці», — падкрэсьліла Стразэрс.
Яна нагадала, што Amnesty International уважліва сачыла за падзеямі ў Беларусі на працягу апошняга году і яшчэ ў студзені падрыхтавала даклад, які раскрывае, як беларускія ўлады выкарыстоўвалі сыстэму правасудзьдзя ў якасьці «рэпрэсіўнага інструмэнта для пакараньня ахвяр катаваньняў, а не падазраваных у іх выкарыстаньні». Amnesty International таксама запусьціла глябальную кампанію салідарнасьці #StandWithBelarus, якая наглядна паказвала мэханізмы рэпрэсій у дачыненьні да людзей з усіх слаёў грамадзтва — жанчын, дзяцей, журналістаў, студэнтаў, пэнсіянэраў, мэдыкаў, мастакоў, спартсмэнаў.