Сын застрэленага сілавікамі Шутава расказаў пра год бяз бацькі і сваё нядаўняе затрыманьне

Дзьмітры Шутаў, сын забітага Генадзя Шутава

11 жніўня 2020 году ў Берасьці спэцназавец у цывільным стрэліў у галаву 44-гадоваму Генадзю Шутаву. Праз тыдзень мужчына памёр. Сілавіка ніяк не пакаралі.

Самога Шутава абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта, а ягонага сябра Аляксандра Кардзюкова асудзілі на 10 гадоў калёніі за замах на забойства сілавіка.

На мінулым тыдні міліцыя прыйшла да 24-гадовага Дзьмітрыя Шутава, сына Генадзя. На трое сутак яго зьмясьцілі ў ІЧУ, а пасьля адпусьцілі.

«Раніцай 7 жніўня ў суботу пагрукаліся ў дзьверы. Дома быў я, мама, сястра, мы спалі. Было недзе 7 раніцы, сказалі: „Міліцыя“. Быў участковы з раніцы і двое зь Берасьця. Паказалі пастанову на ператрус, было напісана пра нейкі тэлеграм-канал, дзе невядома хто агітаваў выходзіць на плошчу ў Жабінцы 9 жніўня. Ня ведаю, да чаго там я: мяне не затрымлівалі раней, не штрафавалі, на сутках ня быў», — расказаў «Нашай ніве» Дзьмітры Шутаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жабінцы затрымалі сына забітага Генадзя Шутава

Па словах Дзьмітрыя, потым пачаўся ператрус.

«Я заўзятар футбольнага клюбу „Дынама“, але я не фанат, проста бываю на стадыёне. І ў мяне былі стыкеры, пра якія я і сам даўно забыўся. Некаторыя былі з Пагоняй. Міліцыянты іх забралі. Пасьля папрасілі мяне апрануцца і праехаць зь імі ў аддзел для гутаркі.

Паехалі. У аддзеле ўзялі мой тэлефон на праверку. Такіх, як я, там было чалавек 10, усе маладыя. Частку забралі ня ведаю куды, астатнія сядзелі, чакалі невядома чаго. Праз пару гадзін нам паведамілі: едзем у ізалятар у Берасьце. Сказалі, што за сымболіку — я так разумею, сымболікай палічылі мае стыкеры. Суду ніякага не было».


У ізалятары Дзьмітры правёў трое сутак. Умовы, па яго словах, прымальныя: былі і бялізна, і матрацы, затрыманых кармілі. Пасьля 72 гадзін хлопца адпусьцілі.
Дзьмітры ня ведае, чаму прыйшлі менавіта да яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жабінцы пахавалі Генадзя Шутава, якому стрэлілі ў галаву падчас акцыі пратэсту ў Берасьці. ФОТА


Хлопец таксама падзяліўся, як пражыў гэты год без бацькі:

«Мы былі ў блізкіх адносінах. Заўсёды на сувязі, заўсёды на тэлефоне, бацька дапамагаў нам. Усё, як у звычайных сем’ях, хіба толькі ён ня жыў з намі. Сапраўдны бацька, — успамінае Дзьмітры. — Пра тое, што здарылася 11 жніўня, я даведаўся ад маці: сказала, тата ў лякарні ў Менску, у коме. Я ня ведаў, што адбылося. Пачаў шукаць інфармацыю. Афіцыйны камэнтар жа быў, што група людзей напала на міліцыю.

Толькі пазьней са СМІ ўжо стала вядома, што адбылося насамрэч, высьветліліся абставіны, — працягвае Дзьмітры, — Мы спадзяваліся, што бацька выжыве, хоць і была цяжкая траўма. І 19 жніўня раніцай мая старэйшая сястра зьбіралася ехаць у Менск да бацькі, калі нам пазванілі [і паведамілі пра сьмерць Генадзя]. Гэта быў жах, шок для нас. Гэта быў самы цяжкі і найгоршы дзень у маім жыцьці».

Генадзь Шутаў, берасьцеец, які загінуў ад агнястрэльнага раненьня


Дзьмітры зазначыў, што спадзяваўся на тое, што чалавек, які страляў, панясе пакараньне.

«Гэта ўсё ж забойства чалавека. Гэта жа страшна — забіць. На маю думку, забойства мусіць карацца турмою і ніяк інакш».

Дзьмітры лічыць бацьку невінаватым. Ён зазначыў, што вельмі расчараваны ў судзе:

Спэцназаўцы Раман Гаўрылаў (зьлева) і Арсень Галіцын перад судом.

«Я быў на ўсіх паседжаньнях, калі судзілі майго бацьку пасьмяротна і яго сябра Кардзюкова. Я бачыў там тых сілавікоў, але не гаварыў зь імі, не было такога жаданьня. Часам перасякалі позіркамі, але яны нават у вочы не глядзелі, апускалі галовы. Мы ішлі ў суд з надзеяй — разумелі, што тых сілавікоў не пакараюць, але спадзяваліся, што бацьку хаця б прызнаюць невінаватым. Каб ачысьціць яго імя. Але ж... Прысуд мы абскарджвалі, нам адмовілі».


Дзьмітры гаворыць, што зьмірыцца і адпусьціць сытуацыю ён ня можа.

«Бацька мой самы блізкі чалавек. Я вельмі сумую па ім, вельмі-вельмі, хочацца хаця б перакінуцца слоўцам... Я б шмат аддаў за такую магчымасьць. Каб я мог папярэдзіць яго год таму, то сказаў бы, каб ён нікуды не хадзіў. Але я не лічу яго вінаватым. Гэта часткова зьбег абставінаў, але і віна таго сілавіка, які страляў. Бо навошта ён страляў у галаву? У тое, што гэта быў выпадковы стрэл, што ён цэліўся ў плячо бацьку, я проста ня веру».

Пахаваньне Генадзя Шутава. Жабінка, 24 жніўня 2020

Берасьцеец Генадзь Шутаў загінуў ад агнястрэльнага раненьня, якое атрымаў позна ўвечары 11 жніўня, падчас акцыі пратэсту ў абласным цэнтры. Відавочцам падзей стаў яго сябар Аляксандар Кардзюкоў. Пасьля канфлікту зь дзьвюма асобамі (на судзе стала вядома, што гэта вайскоўцы-спэцназаўцы Гаўрылаў і Галіцын), які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненьнем у патыліцу, Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі 14 жніўня. Кардзюкоў пасьпеў расказаць свайму суседу па гаражах, што змог схавацца ад сілавікоў пад бальконам аднаго з дамоў на Маскоўскай вуліцы.

Пры гэтым спэцназаўцаў, якія ўдзельнічалі ў забойстве Шутава, у справе прызналі пацярпелымі, а Кардзюкова і забітага прызналі вінаватымі. Кардзюкоў адбывае 10-гадовае пакараньне ў калёніі. Крымінальную справу па факце гібелі Генадзя Шутава так і не распачалі. Супраць сілавікоў пасьля падзей 9 жніўня ў Беларусі не завялі ніводнай крымінальнай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачка забітага Генадзя Шутава абскардзіла прысуд бацьку