24 жніўня ў Жабінцы пахавалі 44-гадовага берасьцейца Генадзя Шутава, які памёр 19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску.
Ён быў паранены ў галаву падчас зачысткі Берасьця пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця.
Цела нябожчыка доўгі час не аддавалі сям’і. Яго дачка Наста расказвала Свабодзе, што бацька крыкнуў «Жыве Беларусь» і а дзясятай вечара патэлефанаваў, што выклікаў таксоўку, каб ехаць дахаты.
«У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак», — расказала дачка памерлага.
Генадзь Шутаў — афіцыйна трэцяя ахвяра акцыяў пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Сваякі вырашылі пахаваць яго ў Жабінцы, дзе жыве маці Генадзя Шутава.