Былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня, у якога 11 жніўня сілавікі правялі ператрус, знайшоўся ў ізалятары на Акрэсьціна. Адпаведную інфармацыю пацьвердзілі валянтэры, якія атрымалі сьпіс зьмешчаных у ізалятар людзей.
Сьледчыя правяраюць інфармацыю аб дачыненьні Ігара Ляшчэні да масавых беспарадкаў.
«Упраўленьне Сьледчага камітэту па горадзе Менску працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы, заведзенай па факце масавых беспарадкаў, якія адбыліся на тэрыторыі сталіцы. Сьледчымі дасьледуецца інфармацыя аб дачыненьні Ігара Ляшчэні да зьдзяйсьненьня дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак», — паведаміла агенцтву «Интерфакс-Запад» афіцыйны прадстаўнік УСК па Менску Кацярына Гарлінская.
У цяперашні момант з удзелам Ляшчэні праводзяць сьледчыя дзеяньні, дадала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няўжо вы ня чуеце стогнаў беларускага народу?» Латушка заклікаў дыпляматаў змагацца за беларусаў «у падпольлі»Ігар Ляшчэня да нядаўняга часу быў амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Славаччыне (раней — у Эгіпце, Ізраілі). Ягоны дыпляматычны стаж — 30 гадоў. Мае сям’ю і траіх дзяцей. Ён стаў першым беларускім амбасадарам, хто 15 жніўня публічна заявіў пра салідарнасьць зь мірнымі пратэстоўцамі. І потым вярнуўся ў Беларусь.
Пазьней Ляшчэня ўзначаліў грамадзянскую ініцыятыву «Сход» — лічбавую дыялёгавую плятформу народных прадстаўнікоў, якая мае на мэце, сярод іншага, садзейнічаць вырашэньню палітычнага крызісу ў краіне.
Празь нейкі час Ляшчэня сышоў. 11 жніўня сілавікі пачалі масава прыходзіць да дэлегатаў «Сходу». Хутчэй за ўсё, ператрус у доме Ляшчэні ў Жодзіне таксама быў зьвязаны з гэтым. Агулам прайшлі ператрусы ў 11 чалавек, частку адпусьцілі пад падпіску аб невыдаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты і ператрусы 11 жніўня: вобшук у экс-амбасадара Ляшчэні, затрыманьні дэлегатаў «Сходу» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі масавая атака на ўдзельнікаў ініцыятывы «Сход». Што пра яе вядома?