«Нічога добрага пра яго не скажу». Што вядома пра судзьдзю, які разглядае справу Лосіка, Ціханоўскага і іншых

Падсутдныя ў справе палітвязьні: Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

Паўтара месяца працягваецца ў закрытым рэжыме разгляд «справы Ціханоўскага» ў гомельскім СІЗА. Адвакаты пад падпіскай аб невыдаваньні. Што робіцца за зачыненымі дзьвярамі суду, невядома. Свабода сабрала інфармацыю пра судзьдзю, якому даверылі разглядаць рэзанансную справу.

Мікалай Бакуноў — судзьдзя Гомельскага абласнога суду. Апроч разгляду крымінальных спраў і скаргаў, ён займае пасаду намесьніка старшыні кваліфікацыйнай калегіі. Яна адказвае за атэстацыю і дысцыплінарныя расьсьледаваньні ўчынкаў судзьдзяў.

«Што я магу сказаць пра гэтага судзьдзю? Адзінае і дакладнае — справу ён разгледзіць так, „як трэба“ (вы мяне разумееце). Ніякіх сюрпрызаў ад яго ніхто не чакае. Як чалавек... Нічога такога добрага я пра яго не скажу», — ахарактарызаваў Свабодзе судзьдзю адзін з былых адвакатаў.

Судовая кар’ера Мікалая Бакунова бярэ свой пачатак у Жлобіне. На пасаду судзьдзі ён быў прызначаны ў 2008 годзе, на пяцігадовы тэрмін.

Летам 2011 году ў буйных гарадах Беларусі праходзілі «маўклівыя» акцыі пратэсту. Людзі зьбіраліся ў цэнтрах гарадоў, пляскалі ў ладкі. Увосень 2011 году актывісты ў розных гарадах спрабавалі зладзіць «народныя сходы» — такую форму масавых мерапрыемстваў дазваляў закон аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні. За спробу зладзіць «народны сход» у Жлобіне затрымалі актывіста партыі левых «Справядлівы сьвет» Валера Рыбчанку. Па рашэньні судзьдзі Мікалая Бакунова актывіст правёў у ізалятары 14 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 гадоў Ашурку, які памёр за кратамі, і «суткі» за кветкі. Хто з судзьдзяў трапіў у санкцыйны сьпіс і чаму

У 2013 годзе судзьдзю перавялі працаваць у Чыгуначны суд Гомля. Грамадзкасьці ён стаў вядомы дзякуючы рашэньням у «палітычных» справах гомельскіх журналістаў. У 2015 годзе Бакуноў пакараў буйным штрафам Кастуся Жукоўскага за сюжэт на тэлеканале «Белсат». На судзе Бакуноў адхіліў хадайніцтвы журналіста аб тым, каб мець у судзе прадстаўніка і каб працэс вялі на беларускай мове.

У 2016 годзе Бакуноў разглядаў адміністрацыйную справу актывіста АГП, пэнсіянэра МУС Уладзімера Няпомняшчых. У судзе здарыўся «збой сыстэмы» — міліцыя разам з адміністрацыйнай справай перадала ў суд хадайніцтва ад начальніка Чыгуначанага РАУС. Начальнік міліцыі клапаціўся, каб суд, «улічваючы асобу», вынес пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

Бакуноў насуперак начальніку міліцыі пакараў Няпомняшчых усяго толькі штрафам на 3 базавыя велічыні — прычым паводле двух пратаколаў — за нібыта дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскага актывіста суд пакараў мінімальным штрафам у 63 рублі, хоць міліцыя хадайнічала пра арышт

Пасьля трох гадоў працы ў раённым судзе Бакуноў па ўказе Лукашэнкі пайшоў працаваць у Гомельскі абласны суд. Ён быў прызначаны туды на пяць гадоў. У траўні 2021 году тэрмін працы ў абласным судзе Бакунову працягнулі яшчэ на пяць гадоў.

У абласной інстанцыі судзьдзя Бакуноў таксама адзначыўся ўдзелам у «палітычных» працэсах. У 2017 годзе, напрыклад, ён разглядаў скаргі актывістаў на рашэньні раённых судоў — штрафы і «суткі» за «маршы недармаедаў». Гомельскі раённы суд тады пакараў актывіста прафсаюзу РЭП Віктара Казлова штрафам за «гучную нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы» і «непадпарадкаваньне міліцыі». Справа была абсурднай тым, што «гучная нецэнзурная лаянка» прагучала ад Віктара Казлова ў бязьлюдным месцы. На момант лаянкі Казлоў мог размаўляць толькі шэптам, бо ў яго была зроблена апэрацыя на горле з нагоды анкалягічнай хваробы. Гэта пацьвярджалі мэдыцынскія дакумэнты і лекар, які быў на раённым судзе. Тым ня менш судзьдзя абласнога суду Бакуноў адхіліў скаргу і пакінуў рашэньне раённага суду ў сіле.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адхілена скарга актывіста, які гаворыць шэптам, на пакараньне штрафам за гучную лаянку

У 2020 годзе Бакуноў адхіліў хадайніцтва блогера Андрэя Павука на падаўжэньне тэрміну для падачы скаргі на «суткі». Судзьдзя палічыў, што блогер мог падаць скаргу своечасова — з ізалятару часовага ўтрыманьня.

Працэс у справе Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча, Ігара Лосіка і іншых палітвязьняў ідзе ўжо больш за месяц. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, расклад паседжаньняў расьпісаны да самага канца жніўня. Абвінавачаным пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інфармацыйная блякада». Што вядома пра закрыты суд па «справе Ціханоўскага»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марыла ўсё жыцьцё». Год Сьвятланы Ціханоўскай