24 траўня судзьдзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Бакуноў не задаволіў скаргу сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова на пакараньне адміністрацыйным штрафам за гучную лаянку і непадпарадкаваньне міліцыі.
Віктара Казлова затрымалі 25 сакавіка ў вёсцы Цярэшкавічы, калі ён выпраўляўся ў Гомель, каб удзельнічаць у «Маршы недармаедаў-2».
13 красавіка судзьдзя Гомельскага раёну пакарала актывіста штрафам у 69 рублёў за «гучную лаянку» і непадпарадкаваньне міліцыі.
Падчас паседжаньня судзьдзя абласнога суду Мікалай Бакуноў спытаў прафсаюзнага актывіста, чаму супраць яго сьведчылі супрацоўнікі міліцыі.
«Яны зацікаўленыя былі ізаляваць мяне да акцыі пратэсту. Таму ў судзе я і назваў іх ілжэсьведкамі», — сказаў Віктар Казлоў.
Пасьля невялікага перапынку судзьдзя Мікалай Бакуноў абвясьціў рашэньне: адхіліць скаргу Казлова на пастанову суду Гомельскага раёну ад 13 красавіка.
«Лічу, што міліцыя й суды ў змове — яны перасьледуюць актывістаў перад любымі масавымі пратэстамі, караюць з надуманых прычын. Калі трэба прэвэнтыўна ізаляваць, абвінавачваюць у нецэнзурнай лаянцы і размахваньні рукамі, гэта значыць — у дробным хуліганстве. Калі трэба проста аштрафаваць — пішуць пра ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Усе ж разумеюць: калі адмяніць мне штраф, то я запатрабую з УУС і амапаўцаў спагнаньня маральнай шкоды», — кажа Віктар Казлоў.
Праваабаронца, рэгіянальны юрыст прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка, які прысутнічаў на пасяджэньні, лічыць, што, нягледзячы на сёньняшнюю адмову скасаваць неабгрунтаваны штраф, трэба прайсьці ўсе судовыя інстанцыі.
«Пасьля ўжо ніхто ня скажа, што ня ведаў пра такую справу: аштрафавалі за гучную нецэнзурную лаянку чалавека, які гаворыць шэптам. Дойдзем з гэтай справай ня толькі да Вярхоўнага суду, але, калі спатрэбіцца, і да Камітэту ААН па правах чалавека. Упэўнены, мы атрымаем маральную перамогу, бо адміністрацыйная справа супраць Казлова груба сфальшаваная. Яго наўмысна затрымалі, каб не дапусьціць да ўдзелу ў „Маршы недармаедаў-2“. Тыя, хто пасылаў апамаўцаў затрымліваць Віктара, пракалоліся, бо ня ведалі, што чалавек перанёс цяжкую апэрацыю і страціў голас», — кажа праваабаронца Судаленка.