Як паведамляе РБК, бізнэсовец Міхаіл Гуцэрыеў, які валодаў 37,15% кампаніі «РуссНефть», зьнізіў сваю долю ў кампаніі да нуля. Гэты пакет атрымаў яго малодшы брат Саіт-Салам Гуцэрыеў праз кіпрскую кампанію Vemonar Holdings Limited, што вынікае з паведамленьня нафтавай кампаніі, апублікаванага ў рамках раскрыцьця інфармацыі ўвечары ў аўторак, 10 жніўня.
Зьмена ўласьніка пакету акцый адбылася яшчэ два месяцы таму, 10 чэрвеня, гаворыцца ў паведамленьні. Прадстаўнік «РуссНефти» ня стаў камэнтаваць прычыны і дэталі зьмены найбуйнейшага акцыянэра кампаніі.
21 чэрвеня Гуцэрыеў трапіў пад санкцыі ЭЗ супраць Беларусі, у тым ліку ў сувязі з вымушанай пасадкай рэйсу Ryanair у Менску ў канцы траўня, на якім ляцеў былы галоўны рэдактар апазыцыйнага Telegram-канала Nexta Раман Пратасевіч, арыштаваны ў той жа дзень. Рада ЭЗ патлумачыла ўвядзеньне санкцый супраць расейскага бізнэсоўца тым, што ён «даўні сябар» Аляксандра Лукашэнкі і дзякуючы гэтаму назапасіў значнае багацьце і мае ўплыў у палітычнай эліце Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гуцэрыеў, які трапіў пад санкцыі ЭЗ, пакіне раду дырэктараў кампаніі «Русснефть»Часопіс Forbes у красавіку ацэньваў багацьце Гуцырыева ў $ 2,5 млрд. На той момант у яго было 25,26% нафтавай кампаніі, яшчэ 11,89% — у ягонага сына Саіда. Перад угодай з братам Гуцарыеў-старэйшы кансалідаваў гэтыя два пакеты.
Трапляньне ў санкцыйны сьпіс ЭЗ азначае забарону на ўезд, карыстаньне і распараджэньне маёмасьцю, а таксама замарожваньне рахункаў і спыненьне фінансава-эканамічных стасункаў з Гуцэрыевым і падкантрольнымі яму кампаніямі. Паводле дадзеных агенцтва Reuters, пасьля ўвядзеньня санкцый у кампаній бізнэсоўца паўсталі праблемы пры продажы нафты ў Эўропе. У прыватнасьці, француская кампанія TotalEngies папрасіла агенцтва S & P Global Platts выключыць імавернасьць куплі ў іх сыравіны.