У МЗС заявілі, што прыняцьцем санкцый заходнія дзяржавы «агалілі сапраўдныя мэты сваёй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі», яны нібыта накіраваныя на «падрыў незалежнасьці» краіны.
«Адзінае, чаго дамагаецца Захад, грэбліва ігнаруючы вынікі волевыяўленьня беларускага народу, — гэта зьмена ўлады ў Беларусі. У ход ідзе ўвесь арсэнал мэтадаў „халоднай вайны“ ў выглядзе нарошчваньня зьнешняга палітычнага і інфармацыйнага ціску, увядзеньня авіяэмбарга, выкарыстаньня спорту ў палітычных мэтах, аж да фінансава-эканамічнага здушэньня дзяржавы».
У беларускім МЗС палічылі санкцыі парушэньнямі Статуту ААН, абавязаньняў ЗША і Вялікай Брытаніі ў рамках АБСЭ і Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году. Таксама там адзначылі, што дзяржава «выступае за адкрыты і раўнапраўны дыялёг з краінамі Захаду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта выглядае вельмі маштабна». Як новыя санкцыі паўплываюць на беларускую эканомікуРазам з гэтым афіцыйны Менск пагражае санкцыямі ў адказ.
«Беларускі бок правядзе дбайную ацэнку прынятых учора ЗША, Вялікай Брытаніяй і Канадай абмежаваньняў супраць нашай краіны і прыме адэкватныя захады ў адказ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада ўвядзе санкцыі ў дачыненьні да «ключавых сэктараў эканомікі» БеларусіУ гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі прэзыдэнт ЗША падпісаў выканаўчы загад аб блякаваньні маёмасьці дадатковых асобаў, датычных да сытуацыі ў Беларусі. Уводзяцца санкцыі ў дачыненьні да ААТ «Беларуськалій», які, як лічыць амэрыканскі бок, зьяўляецца «крыніцай незаконнага ўзбагачэньня рэжыму»; санкцыі да Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, які «абвінавачваецца ў адмываньні грошай, ухіленьні ад санкцыяў і абыходзе візавых забаронаў». У санкцыйны сьпіс таксама ўключаныя «вядомыя бізнэсоўцы, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, а таксама 15 кампаніяў, зь якімі яны зьвязаныя».
Вялікая Брытанія абвясьціла аб забароне на набыцьцё каштоўных папер і фінансавых інструмэнтаў, выпушчаных урадам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі банкамі, забараніла выдаваць крэдыты, увяла санкцыі супраць тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці цыгарэт, і санкцыі ў авіяцыйнай галіне. Таксама пад абмежаваньні трапіў набліжаны да Лукашэнкі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў.
Гэтыя дадатковыя санкцыі — працяг тых, якія Вялікая Брытанія ўвяла 21 чэрвеня 2021 г. па ўзгадненьні з ЗША, Канадай і ЭЗ у адказ на затрыманьне Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі пасьля незаконнай пасадкі самалёта рэйсу Ryanair FR4978 у траўні 2021 году. За апошні год пад санкцыі ЭЗ падпалі 78 асобаў і 8 арганізацыяў у Беларусі. Таксама ЭЗ увёў сэктаральныя санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абуральнае ігнараваньне міжнародных нормаў», — дзяржсакратар ЗША тлумачыць санкцыі супраць рэжыму ў БеларусіСанкцыйны сьпіс, апублікаваны на сайце Міністэрства фінансаў ЗША:
Фізычныя асобы
- Аземша Сяргей Якаўлевіч — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
- Алексін Аляксей Іванавіч — адзін зь вядучых бізнэсоўцаў Беларусі, саўладальнік Bremino Group
- Аўраменка Аляксей Мікалаевіч — міністар транспарту і камунікацыяў
- Бунакоў Андрэй Мікалаевіч — намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім»
- Бычак Канстанцін Фёдаравіч — начальнік сьледчага ўпраўленьня КДБ
- Варабей Мікалай Мікалаевіч — беларускі бізнэсовец, уладальнік кампаній «Інтэрсэрвіс» і «Нафтабітумны завод» па аптовым гандлі нафтапрадуктамі, банку «Абсалютбанк» і іншых кампаній
- Васільеў Анатоль Іванавіч — начальнік УУС Гомельскага аблвыканкаму
- Гайдукевіч Алег Сяргеевіч — дэпутат Палаты прадстаўнікоў
- Гара Дзьмітры Юр’евіч — старшыня Сьледчага камітэту
- Давыдзька Генадзь Браніслававіч — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Камітэту па правах чалавека і СМІ
- Дрыль Глеб Уладзімеравіч — намесьнік начальніка Ізалятара часовага ўтрыманьня (Акрэсьціна)
- Карыч Нябойша
- Кенюх Ігар Рыгоравіч — начальнік Ізалятара часовага ўтрыманьня (Акрэсьціна)
- Лапыр Уладзімер Іосіфавіч — намесьнік начальніка Ізалятара часовага ўтрыманьня (Акрэсьціна)
- Ляшэнка Ігар Васільевіч — генэральны дырэктар «Гродна Азот»
- Рыбакоў Андрэй Аляксеевіч — старшыня канцэрну «Белнафтахім»
- Сікорскі Арцём Ігаравіч — дырэктар дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту
- Харанека Вячаслаў Васільевіч — дырэктар Нацыянальнага аэрапорту Менск
- Чуро Леанід Мікалаевіч — генэральны дырэктар «Белаэранавігацыі»
- Шакута Дзьмітры Віктаравіч — спартовец, удзельнік вулічных рэйдаў супраць пратэстоўцаў
- Шандаровіч Алег Станіслававіч — начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Алег Шандаровіч
- Шапецька Яўген Андрэевіч — начальнік ЦІП на завулку Акрэсьціна
- Шманай Дар’я — асоба з найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі
Юрыдычныя асобы
- ЗАТ «Абсалютбанк»
- ЗАТ «Новая нафтавая кампанія»
- ЗТАА «Дана Астра»
- Спартовы клюб «Шок»
- Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі
- Нафтабітумны завод
- ААТ «Беларуськалій»
- ААТ Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман»
- ТДА «Белнафтагаз»
- ТАА «БелКазТранс»
- ТАА «Bremino Group»
- ТАА «Dubai Water Front»
- ТАА «Inter Tobacco»
- ТАА «Interservice»
- ТАА «Новая нафтавая кампанія Ўсход»
- ТАА «Emirates Blue Sky»
- СЗАТ «Energo-Oil»
- Сьледчы камітэт Беларусі
- Управа ўнутраных справаў Гомельскай вобласьці
- «Dana Holdings Limited» (Кіпр)
- «БелКазТранс Украіна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія санкцыі — крок у новую рэальнасьць