Кіраўнік МЗС Літвы пра Лукашэнку: «Перамовы з тэрарыстамі немагчымыя»

Габрыелюс Ландсбергіс і Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, 9 жніўня 2021

Габрыелюс Ландсбергіс лічыць, што прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад правакацый могуць толькі моцныя санкцыі, у тым ліку супраць алькагольнай галіны, якую раней мала згадвалі, але якая мае вялікае значэньне для афіцыйнага Менску.

Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у інтэрвію літоўскаму дзяржаўнаму тэлевяшчальніку LRT расказаў пра далейшую працу супраць палітыкі афіцыйнага Менску. Ландсбергіс адзначыў, што «полымя дэмакратыі» ў народзе Беларусі не згасае і ня можа быць зьнішчанае, але беларускі рэжым за столькі гадоў «ператварыўся з жорсткага дыктатарскага практычна ў тэрарыстычны».

Міністар згадаў захоп самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс і спробу вывезьці лёгкаатлетку з Алімпіяды. Напярэдадні, 9 жніўня, тэрарыстычным назвала рэжым Лукашэнкі Сьвятлана Ціханоўская ў час свайго звароту на гадавіну беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская падвяла вынікі году пратэстаў: «За адзін год рэжым ператварыўся зь нелегітымнага ў тэрарыстычны»

Пра новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі прадстаўнікі Літвы размаўлялі з кіраўнікамі эўрапейскіх ведамстваў — яны прапанавалі паглыбленьне санкцыяў ва ўжо закранутых сэктарах і пашырэньне санкцыяў на новыя групы тавараў або новыя галіны эканомікі.

Санкцыі могуць зачапіць калійныя ўгнаеньні, якія трапілі пад ранейшыя санкцыі толькі часткова, а таму працягнулі экспартавацца празь літоўскі порт Клайпеда. Таксама разглядаюцца санкцыі супраць сэктару вытворчасьці сьпіртных напояў, зь якога маюць вялікі прыбытак блізкія Лукашэнку бізнэсоўцы.

Згодна са зьвесткамі Zerkalo.io, летась у адну толькі Літву зь Беларусі экспарт алькаголю склаў 11 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абуральнае ігнараваньне міжнародных нормаў», — дзяржсакратар ЗША тлумачыць санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі

Ландсбергіс таксама расказаў, што зьвярнуўся да Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, каб той пільна паглядзеў на сытуацыю ў Беларусі. Паводле міністра, у Беларусі мігрантам, якія маюць пашпарты і беларускія візы, «не дазваляюць вяртацца ў аэрапорт». Што да магчымасьці перамоваў зь беларускімі ўладамі пра міграцыйны крызіс, Ландсбергіс адказаў: «Перамовы з тэрарыстамі немагчымыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: Літва і Латвія пашыраюць паўнамоцтвы войска пры ахове дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія санкцыі — крок у новую рэальнасьць