9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся выбары прэзыдэнта. Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў статыстыку перасьледу і рэпрэсій супраць беларусаў з пачатку выбарчай кампаніі.
Паводле апошніх дадзеных СК, у Беларусі заведзена больш за 4690 крымінальных спраў па фактах «праяваў, спалучаных зь незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэставымі акцыямі, замахам на дзяржаўны сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку, наўмысным зьнішчэньнем і пашкоджаньнем маёмасьці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненьні да службовых асобаў і іх сем’яў». Іх фігурантамі сталі ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, актывісты, удзельнікі мірных акцый пратэсту і людзі, нязгодныя з палітыкай уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і прапагандысты атакавалі карэспандэнтку BBC у адказ на пытаньне пра катаваньні і палітвязьняўПаводле «Вясны», самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх заводзілі крымінальныя справы з пачатку прэзыдэнцкай кампаніі (з траўня 2020 году), гэта:
- 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі)
- 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
- 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак).
- 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
- 243 КК РБ (Ухіленьне ад сплаты падаткаў) — па гэтым эканамічным артыкуле былі затрыманыя актывісты штабу Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцый пратэсту.
- 339 КК РБ (Хуліганства).
Таксама сотні крымінальных спраў заведзеныя па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэксу: за паклёп, абразу прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі, абразу і паклёп на прэзыдэнта, за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў (арт. 188, 369, 368, 370 КК РБ і інш.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 50 крымінальных спраў, звыш 100 заблякаваных сайтаў — статыстыка перасьледу беларускіх журналістаў за годПаводле стану на 9 жніўня 2021 году праваабаронцам вядома пра:
- больш як 1450 імёнаў і прозьвішчаў фігурантаў палітычных крымінальных спраў з розных гарадоў Беларусі (прозьвішчы яшчэ часткі людзей праваабаронцы не публікуюць па іх просьбе);
- больш за 800 вынікаў судоў па палітычна матываваных крымінальных справах;
- палітычнымі зьняволенымі прызнаныя 610 чалавек, гэтая лічба ўвесь час расьце;
- за кратамі, сярод іншых, 7 праваабаронцаў «Вясны»;
- па ўсёй Беларусі за год (з 9 жніўня 2020-га па сёньня) затрымалі больш за 35 000 чалавек;
- 3906 чалавек атрымалі штраф за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах» ці за «непадпарадкаваньне міліцыянтам» з 28 ліпеня 2020 па 28 ліпеня 2021 году. Агулам яны сплацілі ня менш за 2 678 555 рублёў;
- у выніку дзеяньняў сілавікоў пасьля выбараў сотні людзей атрымалі раненьні і цяжкія калецтвы, як мінімум двое дэманстрантаў былі забітыя (Аляксандар Тарайкоўскі і Генадзь Шутаў), у выніку нясвоечасовага наданьня мэдычнай дапамогі ў Гомлі памёр Аляксандар Віхор. Сьмерці яшчэ некалькіх чалавек могуць быць зьвязаныя з пратэстамі;
- 21 траўня стала вядома пра сьмерць у шклоўскай калёніі палітвязьня Вітольда Ашурка пры нявысьветленых абставінах;
- паступілі 4644 заявы аб ужываньні сілавікамі катаваньняў, але ніводнай крымінальнай справы па фактах катаваньняў дасюль не завялі. Больш як па 1050 заявах прынятыя рашэньні аб адмове ў завядзеньні крымінальных спраў. Выключэньне — справа па факце сьмерці Рамана Бандарэнкі: Генпракуратура завяла крымінальную справу па ч.3 арт.147 КК Беларусі (наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека).