«9 жніўня 2020 года надзеі народу Беларусі на абраньне легітымнага лідэра краіны былі жорстка разьбітыя, — цытуе заяву БелаПАН. — З таго часу народ Беларусі няспынна і мужна змагаецца за павагу правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў. Ён заклікае да новых, дэмакратычных выбараў. Ён мірна пратэстуе, у той час як рэжым Лукашэнкі ігнаруе вяршэнства права і міжнародныя абавязаньні Беларусі і абавязаньні ў галіне правоў чалавека, што зафіксавана ў дакладзе аб „Меркаваных парушэньнях правоў чалавека, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня 2020 года ў Беларусі“, падрыхтаваным Вольфгангам Бэнэдэкам у межах маскоўскага мэханізму АБСЭ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу: «Лукашэнка парушыў алімпійскае перамір’е»На працягу году гэты заклік застаецца непачутым, адзначаецца ў заяве. «Рэжым Лукашэнкі рэпрэсуе ўласнае грамадзтва, пасьлядоўна паглыбляючы разрыў зь беларускім народам. Прадстаўнікі апазыцыі і дэмакратычных сілаў разам з тысячамі грамадзян з усіх пластоў грамадзтва загінулі пры нявысьветленых абставінах, або былі затрыманыя, альбо былі вымушаныя пакінуць краіну і жыць у выгнаньні, — падкрэсьліваецца ў заяве. — Рэжым Лукашэнкі пачаў добра сплянаваную кампанію рэпрэсіяў і запалохваньня грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцаў, а таксама сыстэматычнае зьнішчэньне няўрадавых арганізацыяў і незалежных СМІ з канчатковай мэтай заглушыць усе незалежныя галасы і задушыць грамадзянскую дзейнасьць у Беларусі. Польская супольнасьць ў Беларусі таксама стала мішэньню гэтай палітыкі. Адвольныя і неабгрунтаваныя затрыманьні, несправядлівы перасьлед, уключаючы адмову ў праве на справядлівы судовы разгляд, і сотні задакумэнтаваных выпадкаў катаваньняў па-ранейшаму маюць месца ва ўмовах беспакаранасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Правасудзьдзе павінна адбыцца», — кіраўнік дыпляматыі ЭЗ пра справу ШышоваУ заяве таксама гаворыцца, што «прымусовай і незаконнай» пасадкай самалёта авіякампаніі Ryanair у Менску 23 траўня і выкарыстаньнем мігрантаў з палітычнымі мэтамі «рэжым кінуў яшчэ большы выклік міжнародным нормам».
«Разам з партнэрамі-аднадумцамі ў ЭЗ адкрыта і аднагалосна заклікаюць рэжым Лукашэнкі спыніць свае рэпрэсіўныя практыкі. У адпаведнасьці са сваім паэтапным падыходам ЭЗ гатовы разгледзець далейшыя крокі ў сьвятле абуральнага ігнараваньня рэжымам міжнародных абавязацельстваў. Адзіны спосаб пакласьці канец палітычнаму крызісу — інклюзіўны нацыянальны дыялёг», — падкрэсьліваецца ў заяве.
Скасаваць санкцыі ЭЗ можа «толькі пасьля таго, як улады ў Беларусі стануць цалкам прытрымлівацца прынцыпаў дэмакратыі і вяршэнства права, выконваць свае абавязаньні адносна правоў чалавека і спыняць усе рэпрэсіі».
«Рэжым павінен безумоўна вызваліць і рэабілітаваць больш за 600 палітвязьняў і ўключыцца ў сур’ёзны, варты даверу, інклюзіўны палітычны працэс, які прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЭ», — заклікае ЭЗ.
У заяве адзначаецца, што, калі Беларусь пачне пераход да дэмакратыі, ЭЗ абавязваецца дапамагчы ёй стабілізаваць эканоміку, рэфармаваць інстытуты, каб зрабіць іх устойлівымі і больш дэмакратычнымі, стварыць новыя працоўныя месцы і павысіць узровень жыцьця людзей, у тым ліку праз усёабдымны плян эканамічнай падтрымкі на суму да 3 млрд. эўра для дэмакратычнай Беларусі, кароткі варыянт якога быў апублікаваны 28 траўня Эўрапейскай камісіяй.
«ЭЗ захоўвае ўнутранае адзінства ў пытаньні далейшай падтрымкі народу Беларусі, у тым ліку шляхам аказаньня надзвычайнай дапамогі ахвярам рэпрэсіяў і незалежным сродкам масавай інфармацыі і гуманітарнай дапамогі цывільнаму насельніцтву, — гаворыцца ў заяве. — ЭЗ таксама будзе надалей падтрымліваць міжнародныя ініцыятывы прыцягненьня ўсіх вінаватых да адказнасьці, у тым ліку праз Управу высокага камісара ААН у правах чалавека і Міжнародную плятформу для Беларусі ў прыцягненьні вінаватых да адказнасьці».
«ЭЗ будзе працягваць падтрымліваць дэмакратычную, незалежную, сувэрэнную, квітучую і стабільную Беларусь. Галасы і волю народу Беларусі ня ўдасца заглушыць», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.