«Шакаваны паведамленьнямі аб тым, што беларускі актывіст Віталь Шышоў быў знойдзены павешаным у кіеўскім парку. Ён дапамог многім пазьбегнуць рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі», — напісаў Бурэль сёньня ў сваім Твітэры.
Ён вітаў хуткі пачатак расьсьледаваньня сьмерці Шышова, «уключаючы магчымае забойства».
«Правасудзьдзе павінна адбыцца», — заявіў высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі.
Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Давід Сасолі ў сваім Твітэры напісаў:
«Сьмерць Віталя Шышова жахлівая. У якасьці кіраўніка „Беларускага дому ва Ўкраіне“ ён дапамагаў ратавацца ад перасьледу. Той факт, што беларускія актывісты робяцца ахвярамі нападаў у трэціх краінах, зьяўляецца сур’ёзнай эскаляцыяй».
Гібель Віталя Шышова. Што вядома
- Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
- Шышоў адміністраваў тэлеграм-канал «Беларускі дом ва Ўкраіне» і сайт гэтай арганізацыі. Сябры сьцьвярджаюць, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы акцыяў, зваротаў, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
- Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне» на другі дзень пошукаў. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
- Былы міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
- Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
- Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён неаднаразова заўважаў за сабой сачэньне.
- Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
- Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.