У Беларусі заблякавалі change.org і petitions.by

Рэсурсы сталі недаступныя на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі. Адпаведнае паведамленьне зьяўляецца пры спробе зайсьці на сайты.

Плятформа petitions.by пачала працу ўвосень 2015 году. Як казаў стваральнік праекту Ўладзімер Кавалкін, галоўная яго мэта — заахвоціць грамадзян да ўдзелу ў вырашэньні мясцовых праблемаў, павысіць адказнасьць органаў улады перад грамадзянамі і паспрыяць разьвіцьцю адкрытага дыялёгу паміж грамадзянамі і ўладамі ўсіх узроўняў.

Пэтыцыі на сайце ствараюцца ў адпаведнасьці з законам аб зваротах грамадзян. Падпісанты падаюць свае сапраўдныя зьвесткі, а чыноўнікі абавязаныя адказваць на пэтыцыі як на калектыўны зварот.

Сёлета ў лютым на сайце больш за 103 тысячы чалавек падпісаліся пад зваротам супраць прызнаньня бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім і за прызнаньне яго гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

У сакавіку сайт на кароткі час узламалі.

Адміністратараў сайту пасьля выбараў ня раз затрымлівалі і забіралі тэхніку, паведамляла каманда petitions.by.

Адметна, што акурат сёньня Натальля Качанава заявіла пра тое, што нельга фармальна ставіцца да зваротаў грамадзян. «Трэба ўмець слухаць і чуць людзей. Гэта вельмі важна», — цытуе Качанаву БелТА.

Change.org — міжнародная плятформа для збору подпісаў пад пэтыцыямі. Зь юрыдычнага гледзішча подпісы пад пэтыцыямі на change.org не абавязваюць беларускіх чыноўнікаў разглядаць зварот і даваць на яго адказ. Тым ня менш там таксама зьбіраліся подпісы пад гучнымі пэтыцыямі. Сёлета амаль 84 тысячы падпісантаў патрабавалі ад кіраўніцтва кампаніі Yara разарваць кантракт зь «Беларуськаліем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарвэскі партнэр «Беларуськалію» заявіў, што не перастане купляць яго прадукцыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартыўны партал Тribuna.com і яго сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады адказалі на пэтыцыю пра катаваньні ў беларускіх турмах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 10 тысяч чалавек падпісалаі пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць перасьлед і неадкладна разблякаваць Tut.by