Такое рашэньне 6 жніўня вынес суд Чыгуначнага раёну Віцебску па матэрыялах абласнога ўпраўленьня ГУБАЗіК, паведаміла ў Тэлеграме прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Акрамя асноўнага інтэрнэт-рэсурсу, у сьпіс забароненых трапілі Telegram-канал «Тribunа.cоm Беларусь», аднайменны чат і старонкі ў сацыяльных сетках Instagram, Facebook, Twitter, «УКантакце», а таксама мабільныя праграмы для смартфонаў.
У паведамленьні МУС указваецца, што «адміністратары супольнасьцяў разьмяшчалі матэрыялы, якія заклікаюць да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Цяпер за публікацыю (рэпост) інфармацыі з названых інтэрнэт-рэсурсаў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць і пакараньне ажно да арышту.
Раней улады прызналі экстрэмісцкім сайт тэлеканалу «Белсат» і ягоныя сацсеткі, а таксама тэлеграм-канал сайта «Хартыя-97».
Цяпер на сайце Міністэрства інфармацыі зьявілася падрабязнае тлумачэньне аб прызнаньні тэлеканалу «Белсат» экстрэмісцкім. Акрамя сайта і сацыяльных сетак, экстрэмісцкімі прызнаныя «візуальны матэрыял (малюнак, лягатып, лічбавы вадзяны знак і г.д.) або тэкст „БЕЛСАТ“ ці „BELSAT“ зь якімі-небудзь надпісамі або без выкарыстаньня надпісаў, незалежна ад носьбіта інфармацыі (сьцягі, транспаранты, вымпэлы, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элемэнты адзеньня, прадметы ўжытку і г.д.), а таксама разьмешчаныя на лічбавых фота і відэа малюнкі (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах і кадрах электронных і друкаваных сродкаў інфармацыі)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт і сацсеткі «Белсату» прызналі «экстрэмісцкімі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеграм-канал «Хартыя-97» прызналі экстрэмісцкім ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваць журналістам незалежнага СМІ раўназначна самагубству». Як выданьні перажываюць ціск уладаў