Камэнтуючы інфармацыю беларускіх дзяржаўных СМІ пра іракца, які памёр ад траўмаў на мяжы, ён заявіў, што ў Літве ніхто зь мігрантаў ня быў паранены, ні ў кога не стралялі. А «за тое, што адбываецца зь іншага боку мяжы, адказвае дыктатар»:
«Сродкі інфармацыі рэжыму ў Беларусі пачалі пашыраць навіну пра нібыта забітага мігранта з Іраку. Мы ня маем магчымасьці праверыць гэтую інфармацыю і ў той жа час нават не атрымалі афіцыйнага паведамленьня. Ведаем толькі, што ў Літве ніхто ня быў паранены і ні ў кога не стралялі. Прэм’ер правільна сказала, што за тое, што адбываецца на другім баку мяжы, адказвае дыктатар. Цяпер перад Богам, потым і перад судом.
Зь іншага боку, мы ведаем, што дыктатар рабіў з сваімі грамадзянамі пасьля выбараў амаль роўна год таму. Больш за трыццаць тысяч чалавек былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту або за нашэньне адзеньня няправільнага колеру. Тысячы пабітых, згвалтаваных, застрашаных», — напісаў Ландсбергіс.
«Я хацеў бы спытаць — што ім замінае тыя ж крыважэрныя мэтады, якія яны ўжывалі супраць грамадзян Беларусі, стасаваць супраць якога-небудзь іракца, які адмаўляецца пераходзіць мяжу? Бо, як і свае людзі, — ён толькі „цела“, якое, калі ёсьць „патрэба“, можна зьнявечыць. Іракцам прадаюць бясьпечны шлях да шчасьця. Аднак паколькі Літва ўсё больш закрывае межы — то ня толькі Эўропа недасяжная, але нават магчымая сьмерць у руках дыктатара», — адзначыў Ландсбергіс.
Ён заклікаў іракцаў ня верыць прадаўцам «бясьпечнай дарогі да шчасьця».
«Адзіны бясьпечны шлях у Эўропу — легальны шлях», — напісаў Ландсбергіс.
«Ня трэба ехаць у Беларусь. Улады Іраку ведаюць, што вас чакае, спытайцеся ў іх», — падсумаваў Ландсбергіс.
Днём раней відэзварот да іракцаў не ляцець у Беларусь апублікавала літоўская незалежная інтэрнэт-тэлевізія Laisvės TV.
Сёлета мяжу зь Беларусі ў Літву перасеклі больш за 4 тысячы мігрантаў. Большасьць зь іх ірацкія грамадзяне.
Ад 3 жніўня на загад міністра ўнутраных справаў літоўскія памежнікі пачалі вяртаць мігрантаў у Беларусь, транзытам церазь якую яны рушаць у Літву з краін Азіі і Афрыкі. 5 жніўня літоўцы затрымалі толькі 19 мігрантаў, астатніх разьвярнулі. 6 жніўня колькасьць затрыманых мігрантаў зьменшылася да двух.
4 жніўня Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра гібель іракца паблізу памежнага пункту ў Беняконях. Ён нібыта сканаў на руках беларускіх памежнікаў. Літоўскія службы заявілі, што прачыталі гэтую інфармацыю ў СМІ, а кіраўнік Міністэрства абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў гэтыя паведамленьні беларускага боку «правакацыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму канфлікт Беларусі зь Літвой выгадны найперш Лукашэнку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год пасьля выбараў. Як зьмянілася Беларусь — у падзеях і лічбах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэсе ЗША заклікаюць стварыць міжнародны трыбунал у справе Лукашэнкі і не даваць яму грошы МВФ