Журналіст Польскага радыё ў Беластоку Зьміцер Косьцін, адзін зь вядоўцаў канцэртаў Фэстывалю абуджаных, сказаў Свабодзе, што на Падляшшы сёньня невялікі дождж, але пакуль выглядае, што надвор’е не паўплывае на праграму двухдзённага фэсту.
Сярод выканаўцаў на сцэне каля Гарадка выступяць: трыё Сержука Доўгушава, Маргарыта Ляўчук, Вераніка Круглова, Валерыя Дэле і Naviband.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, хто выступіць на Фэстывалі абуджаных «Tutaka»«На галоўнай сцэне выступяць музычныя выканаўцы зь Беларусі, у той ці іншы час вымушаныя пакінуць краіну з прычыны перасьледу і рэпрэсіяў, — сказаў Свабодзе Зьміцер Косьцін. — Як бы мы ні хацелі, не ўдаецца нам пакуль што сёлета мець на сцэне выканаўцаў не з эміграцыі, а зь Беларусі».
Акрамя канцэртаў, на фэстывальнай сцэне будуць адбывацца дыскусіі на наступныя тэмы:
- Рабочыя — рухавік беларускіх пераменаў.
- Культура мацнейшая за дыктатуру.
- Беларусь-2021. Палітычны погляд.
- Як мяняліся палітычныя сыстэмы: беларусы ў гісторыі.
- Беларусы — салідарныя: у думках, у сэрцах, у дзеяньнях.
- За мяжой: як застацца беларусам?
- Мы тут былі і ёсьць. І будзем? Беларусы Падляшша раней і сёньня.
Канцэрты і дыскусіі Фэстывалю абуджаных будуць трансьлявацца на Ютуб-канале фундацыі «Тутака», якая арганізуе фэстываль.
«Чаму наш фэстываль называецца Фэстывалем абуджаных „Тутака“? Фэстываль „Басовішча“ быў абуджэньнем беларусаў Падляшша 30 гадоў таму. Цяпер, пасьля леташняга жніўня, уся Беларусь і ўсе беларусы перажываюць абуджэньне. І гэты момант абуджэньня аб’ядноўвае нас, беларусаў Падляшша тутака, і ўсіх іншых», — патлумачыў Свабодзе назву фэсту каля Гарадка Павал Станкевіч, старшыня фундацыі «Тутака».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчыма працягнуць традыцыю «Басовішча»? Размова з арганізатарам «Фэстывалю абуджаных» на ПадляшшыГанаровы патранат над фэстывалем узяў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. У ганаровы камітэт увайшоў офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Асноўны партнэр — Беларуская рада культуры.
«Няхай гэты фэстываль усіх свабодных беларусаў стане выказваньнем нашай салідарнасьці з братамі і сёстрамі, якія знаходзяцца ў Беларусі і ўсё яшчэ разьлічваюць на нашу падтрымку і салідарнасьць», — пішуць арганізатары фэсту з фундацыі «Тутака».