Павал Станкевіч, сьцісла:
- У мяне беларускія і польскія карані. Я нават адчуваю сябе «грамадзянінам ВКЛ».
- Фонд «Тутака» падтрымлівае культуру беларусаў Падляшша як часткі агульнай беларускай нацыі.
- «Фэстываль абуджаных» мае быць ня толькі музычным фэстывалем, але і месцам рэфлексіі над беларускай культурай у шырокім сэнсе.
- «Фэстываль абуджаных» фінансава падтрымалі ваяводзкія ўлады ў Беластоку і Міністэрства ўнутраных спраў у Варшаве.
- Пасьля фэстывалю мы мяркуем правесьці дэбаты над ідэнтычнасьцю беларусаў Падляшша і арганізаваць кангрэс усіх беларусаў Польшчы.
— Павал, раскажыце напачатку крыху пра сябе. Адкуль вы родам, як і чаму апынуліся ў беларускім руху на Падляшшы? Бо, як мне здаецца, гледачы і чытачы матэрыялаў Радыё Свабода пакуль не знаёмыя з вамі.
— Я нарадзіўся ў Беластоку. Мае карані з аднаго боку — у беларускай меншасьці на Падляшшы, гэта мая спадчына, так сказаць, па лініі бацькі, які з маленства вучыў мяне, што я проста беларус. Але мая мама, якая таксама з Падляшша — яна ўжо полька. Таму я, скажам так, «падляскі дварняк», але я гэтым ганаруся, таму што такія сабакі — найбольш моцная раса, найбольш прыгожая…(сьмяецца).
Я сябе акрэсьліваю як беларуса, але я таксама ведаю пра свае польскія карані, таму што ў гэтым падляскім тыглі я адчуваю сябе як беларус па нацыянальнасьці і як грамадзянін Польшчы ці, можна нават сказаць, грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага. У гэтым усім я ня бачу нічога, што супярэчыла б адно аднаму. Тут для мяне ўсё сугучнае.
Што тычыцца маёй адукацыі, я закончыў акторскую школу, а калі дакладна, я актор-лялькавод…
— Ну ясна, гэта ж Беласток, дзе ў Тэатральнай акадэміі вучаць актораў выступаць зь лялькамі…
— Так. Таму я часта жартую, што сярод «польскіх лялькаводаў» я адзіны, хто мае дыплём…
Наконт фонду «Тутака»: для мяне вельмі важным бачыцца культурнае жыцьцё беларусаў Падляшша. І я хачу ў гэтым усім удзельнічаць. Мы стварылі фонд, які займаецца беларускай культурай сярод беларусаў Падляшша, які хоча праз гэта падтрымаць факт існаваньня беларусаў Падляшша, паказаць, што яны частка гэтай прасторы, але адначасова і частка нечага іншага: частка беларускай нацыі. Таму я хачу гаварыць таксама пра культуру ў Беларусі.
Цяпер напэўна цяжка гаварыць пра беларускую культуру без палітычнага кантэксту і бязь веданьня таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі і што там было раней, на працягу гэтых 27 гадоў. Таму мы акрэсьліваем сябе як дзеячоў культуры, якія думаюць ня толькі пра культуру, але таксама пра вольную і незалежную Беларусь…
Я і мой брат Пятро ўдзельнічалі ў арганізаваньні фэстывалю «Басовішча». Мой брат Пятро некалькі гадоў быў кіраўніком Беларускага аб’яднаньня студэнтаў. Пасьля рашэньня, што «Басовішча» закрываецца, мы прынялі рашэньне наконт таго, каб стварыць магчымасьць для новага фэстывалю. Мы хочам, каб гэта быў фэстываль ня толькі рок-музыкі, але каб на гэтым фэстывалі была магчымасьць паразмаўляць шырэй аб беларускай культуры. Вось такім чынам мы спрабуем рабіць «Фэстываль абуджаных».
Чаму «абуджаных»? Фэстываль «Басовішча», сярод шмат чаго іншага, быў абуджэньнем беларусаў Падляшша 30 гадоў таму. Ну а цяпер, пасьля жніўня леташняга, як нам здаецца, уся Беларусь і ўсе беларусы перажываюць абуджэньне. І гэты момант абуджэньня аб’ядноўвае нас, беларусаў Падляшша, і ўсіх іншых. (…)
— «Басовішча» было пераважна музычным фэстывалем: запрашалі музычныя гурты зь Беларусі, выступалі таксама і нашыя, хоць нашыя былі ў прыкметнай меншасьці, запрашалі і польскія гурты. А як будзе сёлета? Трэба чакаць, што выканаўцаў зь Беларусі запрасіць будзе вельмі цяжка або і наагул немагчыма. Хто будзе выступаць на гэтым фэстывалі?
— Я магу сказаць, але не пра ўсіх, таму што ёсьць арганізацыйныя складанасьці. Ну і таксама я не хачу адкрываць усе сюрпрызы за адзін раз. Будзе напэўна выступаць «Вольны хор» і будзе таксама выступаць Маргарыта Ляўчук разам з Андрэем Павуком у сваім праекце «Красная зелень». Музыкі будзе крыху менш, чым на «Басовішчы», але музыка напэўна будзе галоўным пунктам фэстывалю.
З польскіх артыстаў сёлета мы думаем запрасіць толькі аднаго выканаўцу, каб была сымбалічная падтрымка грамадзян Беларусі з польскага боку. Акцэнт мы хочам пакласьці на беларускіх мастакоў, музыкантаў і іншых творцаў культуры. (…)
— Хто яшчэ, акрамя вас, ангажаваны ў арганізацыю гэтага фэстывалю?
— У камандзе, якая думае і робіць фэстываль, ёсьць, як я сказаў раней, мой брат Пятро; ёсьць журналіст Зьміцер Косьцін, які, можна сказаць, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Польшчы; ёсьць таксама Ілёна Карпюк, якая раней арганізавала «Басовішча», лідэрка гурту «Ilo&Friends», вельмі важная дзяячка беларускай культуры, якая тут у гэтай прасторы ў Беластоку шмат працуе; ёсьць Лукаш Леанюк з Беларускага цэнтру культуры ў Шчытах, які таксама нам шмат дапамагае… (…)
Мы хочам, каб гэтая падзея рабілася ня толькі адным фондам. Мы хочам запрашаць таксама іншыя арганізацыі беларускай меншасьці ў Польшчы, каб яны маглі тут дапамагаць і заявіць пра сябе. Запрашаем таксама ўсе суполкі беларускай дыяспары ў Польшчы. (…)
Мы таксама маем шмат розных партнэраў. Наш галоўны партнэр — Беларуская рада культуры. Маем падтрымку ад Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, ад Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушкі, ад фонду «Страна для жизни» і ад шмат каго іншага…
— Не сакрэт, што такая імпрэза патрабуе немалой фінансавай і матэрыяльнай падтрымкі, якую сабраць сярод прыватных асобаў на Падляшшы даволі складана, а то й немагчыма. Вы ўжо сказалі пра некаторыя арганізацыі, якія вас падтрымліваюць. А ці падтрымлівае вас польская ўлада нейкім чынам — фінансава, маральна? Ці атрымаеце нейкія датацыі ад ураду або ваяводзкіх уладаў у Беластоку?
— Мы тут маем велізарную падтрымку ад ваяводзтва. Маршалак Падляскага ваяводзтва вельмі нам дапамагае, і маем ад яго велізарную фінансавую падтрымку. І яшчэ ёсьць тут удзел Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, якое нам таксама прызнала датацыю на фэстываль. Гэта ня ўсё, мы ў працэсе перамоваў зь іншымі ўладамі, каб і ад іх атрымаць фінансавую падтрымку.
— Як трэба разумець, гэта будзе ня толькі культурная ці музычная імпрэза, але і, я б сказаў, палітычная нагода. Ці плянуеце вы запрасіць кагосьці з польскіх палітыкаў? Сьвятлану Ціханоўскую або Паўла Латушку?
— Ёсьць намеры, каб запрасіць Сьвятлану Ціханоўскую, Паўла Латушку і Сяргея Дылеўскага, і такіх беларускіх палітыкаў, якія могуць прыехаць, каб тут аб’яднацца з народам. Наконт польскіх палітыкаў мы пакуль што ня думаем. Мы напэўна хочам паказаць, што ёсьць падтрымка і з польскага боку, але найважнейшая рэч тут, каб беларусы аб’ядналіся, таму мы думаем пра беларускіх палітыкаў.
— На заканчэньне нашай размовы я хачу запытаць вас пра іншыя пляны фундацыі «Тутака», пасьля фэстывалю. Вось, прыкладам, у Польшчы цяпер адбываецца перапіс насельніцтва. У гэтым перапісе, як і ў двух папярэдніх, пытаюць пра нацыянальнасьць чалавека. Ведаю, што фундацыя «Тутака» ангажавалася ў агітацыйную кампанію, заклікаючы людзей на Падляшшы запісвацца беларусамі. Як думаеце, колькі людзей сёлета можа запісацца беларусамі ў Польшчы? Болей, чым 10 гадоў таму, калі запісаліся 40 тысяч чалавек? Ну і наагул скажыце пра тое, што фундацыя думае рабіць увосень, зімою і далей…
— Наконт таго, які будзе вынік перапісу, мне цяжка сказаць. Я бачу, што на Падляшшы адбываецца вялікая палянізацыя беларусаў. Гэта, магу сказаць, часткова натуральны працэс. Мы тут заклікаем людзей, каб яны запісваліся як беларусы. Ня ведаю, які будзе вынік гэтага перапісу, але я думаю, што нашу кампанію «Я беларус», якую мы пачалі сёлета, трэба працягваць на далейшыя дзесяць гадоў, да наступнага перапісу насельніцтва. Наша мэта — наступны перапіс насельніцтва.
Увосень мы будзем рабіць дыскусію на тэму «чым ёсьць ідэнтычнасьць беларусаў Падляшша». Мы хочам паказаць гэтую ідэнтычнасьць беларусаў Падляшша з розных бакоў, каб беларусы Падляшша маглі паглядзець на сябе ў такім люстэрку. Таму што сказаць адным сказам, што яны такія ці сякія — проста немагчыма. Ёсьць розныя рэчы, розныя думкі, розныя пагляды, і мы хочам усе гэтыя рэчы паказаць у дэбатах, якія будуць увосень.
Мы таксама думаем пра іншую рэч. Пасьля фэстывалю мы думаем пачаць працу над кангрэсам усіх беларусаў Польшчы, каб стварыць такую прастору для сустрэчы і арганізацый ад беларускай меншасьці, і арганізацый ад беларускай дыяспары ў Польшчы. Я ўвогуле думаю, што мы павінны перастаць гаварыць, што ёсьць беларуская меншасьць і ёсьць беларуская дыяспара ў Польшчы. Мне падабаецца проста казаць, што мы — беларусы. Вядома, што беларусы Падляшша адрозьніваюцца ад беларусаў зь Беларусі, але мая мара ў тым, каб захоўваючы сваю рэгіянальную спэцыфіку, мы адчувалі сябе адным народам, які ня толькі прыгожы, але і «сэксі». І каб нам гаварыць пра аб’яднаньне ўсіх беларусаў.