Сьцісла:
- Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі зь Літвою, справакаваны афіцыйным Менскам, з самага пачатку нёс у сабе патэнцыял паўнавартаснага канфлікту.
- Лукашэнка баіцца падацца слабым, саступіць.
- Слова «вайна» трывала ўвайшло ў лексыкон беларускага афіцыёзу.
- Шантажом, штучным мігранцкім крызісам Менск імкнецца прымусіць Захад саступіць.
- Мадэль «крэпасьці ў аблозе» — ідэальны мэханізм утрыманьня ўлады.
Калі на сьцяне вісіць стрэльба, то рана ці позна яна мусіць стрэліць. Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі зь Літвою, справакаваны афіцыйным Менскам, з самага пачатку нёс у сабе патэнцыял паўнавартаснага канфлікту. Цяпер падзеі разьвіваюцца шляхам абвастрэньня. Прычым крокі ў гэтым кірунку робяць абодва бакі.
Днямі літоўскія ўлады прынялі рашэньне вяртаць нелегальных мігрантаў у Беларусь. Менск робіць крок у адказ.
5 жніўня Лукашэнка падчас нарады з кіраўнікамі сілавых структураў заявіў: «Зь сёньняшняга дня ніводная нага на тэрыторыю Беларусі з сумежнага боку — ці то з поўдня, ці з захаду — ступіць не павінна... Ня дай божа, яны пачнуць рэалізоўваць тактыку выдварэньня людзей, якіх яны туды паклікалі праз афіцыйныя прапускныя пункты. Гэта ўжо... вы ведаеце наступствы, яны — таксама. Таму хай думаюць. Мы іх папярэдзілі». І назваў літоўскае кіраўніцтва «мярзотнікамі» і «нацыстамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ну нацысты і ўсё». Лукашэнка загадаў сілавікам «закрыць кожны мэтар мяжы»Адказ у стылі Лукашэнкі. Ён баіцца падацца слабым, саступіць і падчас канфлікту заўсёды ідзе на абвастрэньне.
Але тут ёсьць і рацыянальны разьлік. Ужо зь леташняга верасьня Лукашэнка паўтараў, што заходнія суседзі хочуць вайны, рыхтуюцца да вайны. Слова «вайна» трывала ўвайшло ў лексыкон беларускага афіцыёзу. Але ўсё ж яно больш ужывалася з прыметнікам «гібрыдная», «інфармацыйная» і інш.
А зараз сытуацыя можа прывесьці да рэальнага сілавога канфлікту на беларуска-літоўскай мяжы.
Такое разьвіцьцё падзеяў выгаднае Лукашэнку. Яму цяпер няма чаго губляць. Бо ўжо ўсё згублена. Сілавы канфлікт, паводле ягонай лёгікі, напужае Захад, там убачаць, што маюць справу з чалавекам без тармазоў, які загнаны ў кут і можа пайсьці на любыя дзеяньні. І, такім чынам, пад пагрозаю лякальнае вайны ЭЗ і ЗША будуць вымушаны ўступіць у торг, у перамовы дзеля разрадкі напружаньня. То бок шантажом, штучным мігранцкім крызісам прымусіць Захад саступіць. Бо там жа ўсе палітыкі «безь яец». Лукашэнка ідзе ва-банк, падвышае стаўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не выключаецца прымяненьне вайсковай сілы». Як загаварылі сілавікі ў Беларусі пасьля візыту Ціханоўскай у ЗШАЗь іншага боку, мадэль «крэпасьці ў аблозе» — ідэальны мэханізм утрыманьня ўлады. І маленькая вайна толькі мацуе гэты вобраз, стварае магчымасьць дадатковай мабілізацыі дзяржаўнага апарату, узмацненьня рэпрэсіяў супраць «пятай калёны» ў тыле.
Дарэчы, адсюль і малазразумелы «наезд» на Ўкраіну без заўважных падставаў. Відаць, калі ствараць вобраз «крэпасьці ў аблозе», то ворагі павінны быць з усіх бакоў, ці хоць бы з трох.
То бок з гледзішча ўтрыманьня ўлады сілавы канфлікт Лукашэнку выгадны. Але вайна дакладна ня выгадная беларускаму народу. Так што ў пляне мабілізацыі грамадзкай падтрымкі тут ён не пажне ляўраў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.