Пасьля пасадкі Крысьціна Ціманоўская ня выйшла ў залю прыбыцьця, дзе яе чакалі дзясяткі журналістаў і людзі, якія прыйшлі прывітаць яе і выказаць салідарнасьць зь ёю.
Як паведаміла агенцтва Associated Press, самалёт, у якім Ціманоўская прыляцела зь Вены, быў адтранспартаваны да асобнага будынку на лётнішчы, празь які выходзяць урадавыя дэлегацыі. Пасажыры, якія ляцелі разам зь ёй, паведамілі карэспандэнту, што калі ўсе выйшлі з самалёта і селі ў аўтобус, на борце заставалася адна маладая жанчына.
Праз 40 хвілін пасьля пасадкі кіраўнік беларускага Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка апублікаваў у сацыяльных сетках інфармацыю, што спартоўка ўжо ў Варшаве, і зьмясьціў сваю фатаграфію зь ёй.
«На жаль, у Крысьціны Ціманоўскай не было магчымасьці пасьля прылёту ў Варшаву выйсьці да тых, хто чакаў яе ў аэрапорце. Гэта зьвязана выключна зь мерамі бясьпекі, якія вызначае краіна, што яе прымае. Спадзяемся на разуменьне», — напісаў Павал Латушка.
Раней сёньня Крысьціна Ціманоўская зрабіла перасадку ў аўстрыйскай сталіцы, у аэрапорце яе сустрэў дзяржаўны сакратар міністэрства навакольнага асяродзьдзя Аўстрыі Магнус Брунэр.
Крысьціна Ціманоўская раней атрымала польскую гуманітарную візу. Да адлёту з Токіё яна знаходзілася ў амбасадзе Польшчы ў японскай сталіцы.
Першапачаткова меркавалася, што зь Японіі яна вылеціць адразу ў Польшчу, але маршрут яе падарожжа быў зьменены зь меркаваньняў бясьпекі.
Яе муж Арсень Зданевіч таксама атрымаў польскую гуманітарную візу, у інтэрвію Свабодзе ён пацьвердзіў атрыманьне візы і сказаў, што пакуль яшчэ знаходзіцца ў Кіеве і ня будзе агучваць, калі зьбіраецца ў Польшчу, — «дзеля сваёй жа бясьпекі».
Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь
- 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
- Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
- Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
- Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
- Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
- Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
- 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
- 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
- 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
- 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.