Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са жніўня 2020 году Польшча выдала 150 тысяч гуманітарных візаў


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве. 14 жніўня 2020 году.
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве. 14 жніўня 2020 году.

Намесьнік кіраўніка МЗС Польшчы Павэл Яблонскі заявіў, што Польшча хоча дапамагчы ўсім рэпрэсаваным беларусам.

«Увесь час пасьля фальсыфікацыі выбараў мы дапамагаем беларусам ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах», — сказаў у праграме тэлеканала Polsatnews Павэл Яблонскі.

Паводле яго слоў, людзі, якія хочуць абароны, зьвяртаюцца ў польскія консульствы ва Ўкраіне ці іншых краінах. Яблонскі зазначыў, што са жніўня 2020 году Польшча выдала 150 тысяч гуманітарных візаў.

«Мы хочам дапамагчы ўсім рэпрэсаваным», — сказаў намесьнік міністра замежных спраў Польшчы.

Павэл Яблонскі таксама расказаў пра тое, як выдавалі гуманітарную візу беларускай спартоўцы Крысьціне Ціманоўскай:

«Беларусы добра ведаюць, што ў выпадку неабходнасьці могуць зьвяртацца ў польскія консульствы і амбасады. У нядзелю мы даведаліся пра гэтую сытуацыю да таго, як інфармацыя выйшла ў сьвет. Тады мы ўжо ўсталявалі першапачатковы кантакт. У выніку спадарыня Ціманоўская зьвярнулася ў амбасаду Польшчы і атрымала гуманітарную візу. Візу ёй выдалі вельмі хутка», — сказаў намесьнік кіраўніка МЗС.

Яблонскі таксама адказаў на пытаньне, якое тычылася зьняволеных у Беларусі ў «польскай справе» Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.

«Цяжка казаць пра канкрэтныя тэрміны, калі можа адбыцца вызваленьне з-пад варты. Мы пастаянна імкнёмся падтрымліваць каналы сувязі з прадстаўнікамі беларускай адміністрацыі. Мы робім усё магчымае, каб вызваліць нашых суайчыньнікаў і іншых рэпрэсаваных людзей», — сказаў Яблонскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG