Лідэр гурту «Дай дарогу!» Юры Стыльскі атрымаў пастанову суду пра тое, што кліп ягонага калектыву на песьню «Баю-бай» унесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Зборам дакумэнтаў для падачы ў суд займалася 6-я ўправа ГУБАЗіК Берасьцейскай вобласьці. Матэрыялы перадалі ў абласную экспэртную камісію ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці/адсутнасьці ў ёй экстрэмізму.
Камісія прыйшла да высновы, што «кліп зьняты з мэтай дыскрэдытацыі работнікаў сілавых структураў».
«На гэта ўказваюць вобразы кіроўцы аўтазаку, які на камбайне перасьледуе ні ў чым не вінаватых людзей. Ахвяры паказаныя гранічна міралюбнымі і безабароннымі. Такім чынам, сытуацыя затрыманьня парушальнікаў грамадзкага парадку выстаўлена аўтарамі песьні як бязьлітаснае забойства, учыненае супрацоўнікамі сілавых структураў», — гаворыцца ў выснове дзяржаўных экспэртаў.
На думку сяброў камісіі, гэты кліп распальвае сацыяльную варажнечу, маючы прыкметы экстрэмізму. Кліп і яго магчымыя копіі ўлады прызналі экстрэмісцкім матэрыялам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт і сацсеткі «Белсату» прызналі «экстрэмісцкімі»Лідэр «Дай дарогу!» Юры Стыльскі адкрыта выказваўся супраць беззаконьня і гвалту сілавікоў, браў удзел у зборных канцэртах падчас агітацыйнай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў, граў на плошчах і ў дварах. За ўдзел у «несанкцыянаваных акцыях» яго ня раз затрымлівалі.
Канцэрт калектыву 7 траўня ў сталічным клюбе Re: Public не дазволілі менскія ідэолягі, а ў сакавіку АМАП сарваў здымкі кліпу гурту ў адным зь клюбаў. Фактычна «Дай дарогу!» знаходзіцца ў сьпісе негалосна забароненых гуртоў, афіцыйныя выступы яму забараняюць, не выдаюць канцэртнае пасьведчаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзякуючы канцэртам я зразумеў, якой будзе наша краіна, калі мы пераможам» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрвію з дырыгентам мюнхэнскага аркестру, які напісаў кнігу пра рэвалюцыю ў Беларусі. ВІДЭА