Паводле Пяскова, кіраўнік Белага дому мае права сустракацца з кім захоча, Масква ў гэта ня ўмешваецца.
«Тут пытаньне адно — каго прадстаўляе спадарыня Ціханоўская, а з кім сустракаецца прэзыдэнт ЗША — гэта яго сувэрэннае права, і тут мы ня можам і не зьбіраемся і ня маем магчымасьці ніяк умешвацца. Гэта ня наша справа», — сказаў Пяскоў журналістам у пятніцу, камэнтуючы сустрэчу Байдэна з дэмакратычным лідэрам Беларусі.
На думку Пяскова, такога кшталту сустрэчы «не ўплываюць на сытуацыю ў Беларусі».
Сьвятлана Ціханоўская, якая ад 10 жніўня 2020 году знаходзіцца ў выгнаньні, сустрэлася з Джо Байдэнам 28 ліпеня. На сустрэчы палітыкі абмяркоўвалі становішча ў Беларусі і далейшыя шляхі дапамогі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ў змаганьні з дыктатурай.
«Для мяне было гонарам сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай у Белым Доме гэтай раніцай. Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратыі і ўнівэрсальных правоў чалавека», — напісаў Байдэн 28 ліпеня ў твітэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта была ініцыятыва прэзыдэнта Байдэна. Мы прыехалі не па фатаздымкі». Інтэрвію са Сьвятланай ЦіханоўскайЦіханоўская наведвае ЗША на афіцыйнае запрашэньне Дзяржаўнага дэпартамэнту. Лідэрка беларускай апазыцыі праводзіць перамовы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША, кангрэсмэнамі і сэнатарамі.
Візыт Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША пачаўся 18 ліпеня. Яна мела сустрэчы на высокім узроўні ў Дзяржаўным дэпартамэнце і Белым доме. Падчас сустрэч Ціханоўская заклікае ЗША:
- узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці — праваабаронцаў, рэгіянальных ініцыятываў, студэнцтва, сем’яў палітвязьняў, мэдыя;
- узмацніць ціск на рэжым, у тым ліку праз скаардынаваныя з ЭЗ санкцыі супраць канкрэтных «кашалькоў» рэжыму і закрыцьцё шчылінаў для іх абыходу;
- вінаватых у рэпрэсіях супраць беларусаў прыцягнуць да адказнасьці, паслаць Крамлю сыгнал з заклікам спыніць падтрымку нелегітымнага рэжыму;
- ня весьці ніякага супрацоўніцтва з рэжымам, у тым ліку праз праграмы Сусьветнага банку і МВФ — у адпаведнасьці з Актам аб дэмакратыі ў Беларусі, прынятым у сьнежні 2020 году;
- уздымаць пытаньне Беларусі ў часе міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню і запрашаць да ўдзелу ў іх беларускія дэмакратычныя сілы.