29 ліпеня аднавіўся заблякаваны ўладамі сайт незалежнага выданьня «Наша Ніва»
Сайт цяпер даступны ў Беларусі і за мяжой пад адрасам https://nashaniva.com.
8 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблякавала сайт «Нашай нівы» на падставе «апавяшчэньня Генэральнай пракуратуры ў сувязі з разьмяшчэньнем інфармацыі, пашырэньне якой забаронена пунктам 1 арт. 38 закону „Аб сродках масавай інфармацыі“».
Доступ да «Nn.by» зьнік ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Празь некалькі дзён пасьля заблякаваньня рэсурсу каманда «Нашай Нівы» паведаміла, што рыхтуецца запусьціць новы сайт пад старой назвай.
8 ліпеня ў рэдакцыі і ў журналістаў выданьня прайшлі ператрусы. Трох рэдактараў (рэдактара сайту Ягора Марціновіча, кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко, рэдактара часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько) а таксама галоўную бухгальтарку «Нашай нівы» Вольгу Раковіч затрымалі і зьмясьцілі на Акрэсьціна.
Вольгу Раковіч вызвалілі 16 ліпеня. Праз пэўны час выпусьцілі і Андрэя Дынько.
Марціновіч і Скурко (26 ліпеня праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што ён у мэдычнай частцы ў СІЗА на Валадарскага) застаюцца пад вартай, іх затрымалі паўторна як падазраваных ужо ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК, караецца «хіміяй» ці калёніяй на тэрмін да 5 гадоў). Сэнс прэтэнзіяў у тым, што за камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Сьледчыя налічылі, што прадпрыемству «Мінэнэрга» нанесена шкода на суму 3,5 тысячы рублёў.
29 ліпеня выданьню стала вядома, што ў зьняволенага нашаніўца Андрэя Скурко дыягнаставалі пнэўманію, праўдападобна, каранавіруснага паходжання. Андрэй Скурко адразу пасьля пераводу ў СІЗА трапіў у мэдычную частку. З словаў журналіста Алега Грузьдзіловіча, які сядзеў з ім у адной камэры, з 18 ліпеня Андрэй пачаў кашляць, паднялася тэмпэратура, яму давалі парацэтамол.
У Скурко — інсуліназалежны дыябэт. Ён правёў на Акрэсьціна 13 дзён без матраца, пасьцелі і пры нязгасным сьвятле, без дыябэтнай дыеты і перадачаў. COVID для дыябэтыкаў сьмяротна небясьпечны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманым супрацоўнікам «Нашай Нівы» выставілі абвінавачаньне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы спрабавалі выстаяць падчас цунамі». Ягор Марціновіч перадаў пасланьне з-за кратаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады заблякавалі сайт «Нашай нівы», чатырох супрацоўнікаў рэдакцыі затрымалі